• Чарговы ваенны злачынца трапіць у Гаагу
  • 21.07.2011

Былы лідар харвацкіх сэрбаў Горан Хаджыч можа заўтра апынуцца ў Гаазе. Пра гэта паведаміў ягоны адвакат. Хаджыч быў апошнім балканскім ваенным злачынцам, якога вышукваў Міжнародны трыбунал у Гаазе. На днях яго затрымала сэрбская паліцыя.

Сэрбскі ваенны суд выдаў згоду на экстрадыцыю затрыманага пазаўчора лідара харвацкіх сэрбаў Горана Хаджыча. 53-гадовы Хаджыч быў затрыманы непадалёк ад ягонага дому ў Фрускай Гуры на поўначы ад Бялграду. У бліжэйшыя дні ён трапіць у Гаагу.

Горан Хаджыч – гэта яшчэ адзін ваенны злачынца, абвешчаны ў вышук Міжнародным трубуналам па справах былой Югаславіі ў Гааге. У траўні сэрбскія ўлады затрымалі былога вайсковага лідара басьнійскіх сэрбаў Радка Младзіча, а ў 2008 годзе яго палітычнага правадыра Радавана Караджыча.
Былы шматгадовы карэспандэнт Польскага радыё на Балканах Томаш Кавальчэўскі зазначае, што гэтыя затрыманьні зьяўляюцца вынікам зьменаў у Сэрбіі. Урад Барыса Тадзіча хоча скончыць са сваім ваенным мінулым.

Томаш Кавальчэўскі: Сэрбскія ўлады ўжо некаторы час ведалі, дзе хаваецца Горан Хаджыч. Як высьветлілася, ён быў амаль у сваім доме. Гэты момант выбралі таму, што не хацелі зацягваць справу выдачы Хаджыча.

Падобнага меркаваньня прытрымліваецца й экспэрт па Балканах з амэрыканскага Фонду Маршала Іван Ваявода. Палітыка прэзыдэнта Сэрбіі Барыса Тадзіча, які тры гады кіруе краінай, у справе ваеннага мінулага моцна адрозьніваецца ад палітыкі ягоных папярэднікаў.

Іван Ваявода: Апошнія тры гады ўлады імкнуліся зачыніць справы злачынцаў, якіх шукала Гаага. Прычына – разьлічэньне зь мінулым, і эўрапейская інтэграцыя. Брусэль адназначна заявіў, што пытаньне інтэграцыі ня можа быць вырашана, пакуль ня скончана гэтая справа.

Горана Хаджыча абвінавачваюць па 14 эпізодах у ваенных злачынствах ды генацыдзе. На ім ляжыць адказнасьць за сьмерць соцен харвацкіх жыхароў ды дэпартацыю дзясяткаў тысяч харватаў, а таксамы прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў, якія зьдзейсьнілі сэрбскія войскі ў 1991-1995 гг. Хаджыча абвінавачваюць у масавым забойстве харватаў са шпіталя ў Вукавары ў 1991 годдзе, калі было забіта 250 чалавек. Томаш Кавальчэўскі быў тады ў Вукавары.

Томаш Кавальчэўскі: Першым для мяне сымбалем югаслаўскай вайны быў Вукавар. Дакладна дваццаць гадоў таму, я быў там першы раз. Гэты горад пакінуў вялікае ўражаньне: велізарныя зьнішчэньні, боль людзей. Я быў у шпіталі, дзе забілі пацыентаў, на вясковым полі, дзе іх пахавалі.

Паводле словаў Івана Ваяводы, арышт Хаджыча азначае завяршэньне гэтага трагічнага разьдзелу сэрбскай гісторыі. Большасьць сэрбскага грамадзтва ўспрыняла гэта з палёгкай.

Іван Ваявода: Усе апошнія гады краіна была закладнікам злачынцаў, якіх не арыштавалі. Яны былі перашкодай на шляху зьменаў ды эўрапейскай інтэграцыі. Таму цяпер, калі гэтая ўмова выкананая, мы чакаем на прызнаньне Сэрбіі статусу кандыдата на далучэньне да ЭЗ.

На думку Томаша Кавальчэўскага, арышт Хаджыча – гэта пацьвярджэньне таго, што міжнародная юстыцыя існуе, ды папярэджаньне іншым дыктатарам і злачынцам.

Томаш Кавальчэўскі: Я памятаю, як ствараўся гэты суд. Першыя гады ніхто на Балканах яго сур’ёзна не ўспрымаў. Спачатку ён быў такім інстытутам , які зьявіўся невядома адкуль, невядома дзеля чаго й зь незразумелымі вынікамі. А тут гляньце, усе злачынцы, якіх шукала Гаага, трапілі туды. Некаторыя ўжо атрымалі прысуды, а некаторыя нават выйшлі на свабоду пасьля адсідкі. Апошні Хаджыч неўзабаве трапіць у турму.

Улады Сэрбіі затрымалі ўсіх ваенных злачынцаў ў 1991-1995 гадох. 22 ліпеня апошні зь іх трапіць у Гаагу. Цяпер перад Сэрбіяй адкрыты шлях да сяброўства ў ЭЗ. Чакаецца, што ў бліжэйшым часе, яшчэ падчас польскага старшынства, гэтая краіна атрымае статус кандыдата на ўспупленьне ў Эўразьвяз. Разам з тым, арышт Хаджыча – гэта сыгнал іншым дыктарам ды злачынцам, што Міжнародны трубунал у Гаазе – гэта не абстракцыя.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч