Папулярныя незалежныя інтэрнэт-рэсурсы, у тым ліку й гарадзенскія, сталіся своеасаблівым полем ідэалягічных змаганьняў грамадзянскай супольнасьці з адэптамі лукашэнкаўскага рэжыму. У залежнасьці ад тых ці іншых значных грамадзка-палітычных падзеяў у краіне ці эканамічных праблемаў, у камэнтарах на сайтах зьяўляюцца праўладныя тролі ці то з КГБ, ці ідыалягічных аддзелаў выканкамаў, ці БРСМу, ды імкнуцца ўсю канструктыўную дыскусію зьвесьці да абсурду ці распаліць сварку паміж карыстальнікамі інтэрнэт-рэсурсаў.
Усе гэтыя патугі выглядаюць даволі забаўна, асабліва, калі ўлічваць недалёкі інтэлектуальны ўзровень і некампэтэнтнасьць паслугачоў рэжыму. Памятаю яшчэ пасьлявыбарныя дыскусіі, дзе праўладныя тролі з астабрыдласьцю тупагаловых маркачоў цьвердзілі, што аніякага крызісу й падвышкі коштаў у Беларусі ня будзе, што заявы апазыцыянэраў наконт дэвальвацыі й дэфолту – гэта правакацыя, што студэнты адрабляюць грошы замежных грантадаўцаў, ды несьлі іншую абракадабру. Ім казалі апаненты, што будзе абвал, што людзі ня дурні, а таму скупляюць валюту, што ўлада й рэпрэсіўныя структуры самі загналі сябе ў пастку, што пазыкі рана ці позна сканчаюцца...
Чарговай тэмай для дыскусіі сталася выступленьне начальніка аддзела гарадзенскай пракуратуры на мясцовым тэлебачаньні, які распавядаў пра незаконнасць маўклівых акцыяў пратэсту й папярэджваў пра адказнасьць. А вось пра незаконнасьць брутальных затрыманьняў, якія зьдзяйсьнялі азьвярэлыя бугаі ў цывільным, пра ілжэсьведчаньні міцыянтаў патрульна-паставой службы на судах, пра фальсіфікацыю пратаколаў ды іншыя працэсуальныя парушэньні пракурор нічога не казаў. Тут для яго ўсё ОК. Дзіўнае разуменьне прапарадку й дзейнага заканадаўства. І калі высокі чыноўнік зь Менску заяўляе, маўляў, думаю, што 80% асобаў у цывільным – гэта супрацоўнікі правапарадку, дык хто тады 20%? Легалізавананыя бандыты? Найміты з суседніх краінаў? Генэральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч цьвердзіць, што супрацоўнікі міліцыі павінны быць у форме, дык чаму пракуратура не рассьледуе датычнасьць людзей ня ў форме да гвалтоўных затрыманьняў?
Пад гэтую марку невядомыя ў цывільным могуць схапіць на вуліцы чалавека, закінуць ў машыну, вывезьці невядома куды й зрабіць што заўгодна! Ёсьць жа скандальныя прэцэдэнты гвалтоўных зьнікненьняў людзей у Беларусі! То бок мы маем дачыненьні з нахабнай хлусьнёй з боку служакаў “правасудзьдзя”, у якое ў Беларусі мала хто верыць. Бо тут за закон, што дышла, і хто круціць. Той і мае.
А тыя тролі й праўладныя пісакі ў камэнтарах выглядаюць проста жалоснымі недарэкамі, якія акрамя сваёй антыінтэлектуальнасьці нічога выявіць ня могуць. І што яны будуць сьпяваць, калі ўвосень Беларусь накрые чарговая хваля эканамічных праблемаў? Ну, неяк несур’ёзна ўжо спасылацца на Абаму, Мэркель зь Мядзьведзевым ці так жаданую для грамадзянаў Беларусі “Карту паляка”...
Вацлаў Галімскі, Горадня