• А. Мілінкевіч: Апазыцыя ў крызысе ад 2007-га года
  • Audio3.12 MB
  • 22.07.2011

Адбыўся ўстаноўчы сход менскай структуры Руху “За Свабоду”. Бліжэйшым часам дакумэнты будуць пададзеныя для рэгістрацыі ва ўпраўленьне юстыцыі Мінгарвыканкама.

У выступе перад менскімі актывістамі руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч выказаў меркаваньне, што рэвалюцыйнай сытуацыі ў краіне пакуль няма, а падзеі могуць разьвівацца па трох сцэнарах.

Першы: улады прадаюць Расеі актывы дзяржавы й гэта ненадоўга выратоўвае сытуацыю ў эканоміцы. Але гэта здача эканамічнага сувэрэнітэту, а потым і палітычнага.

Другі варыянт разьвіцьця падзеяў: Лукашэнка разумее, што патрэбныя ня столькі крэдыты, колькі структурныя рэформы, якія магчыма правесьці з дапамогай Эўразьвязу. У такім разе пасьля вызваленьня й рэабілітацыі палітвязьняў можа пачацца дыялёг з далейшай мадэрнізацыяй краіны.

Трэці шлях – самаізаляцыя.

Аляксандар Мілінкевіч не выключае й магчымага сацыяльнага выбуху ў выніку падзеньня ўзроўню жыцьця, але, паводле яго меркаваньня,  людзі будуць патрабаваць не свабоды й правоў, а парадку й моцнай рукі.

Стан апазыцыі ад 2007 года, калі дэмакратычныя сілы вырашылі дзейнічаць без адзінага лідэра, Мілінкевіч назваў крызысным, а дзевяць кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах – праява слабасьці.

Аляксандр Мілінкевіч: Ацэнка мая прайшлі мы крызыс ці не, будзе па тым, ці здольныя мы рэалізоўваць агульную стратэгію, ці гаворым адзіным голасам. Вельмі важна, каб апазыцыйная супольнасьць, ня толькі палітычныя лідары, стала для народа суб’ектам. Мы зараз для грамадзтва не суб’ект, бо яно ўжо расчаравалася ва ўладзе, але яшчэ большасьць нам не давярае, каб перадаць уладу. І мы мусім стаць для людзей суб’ектам, якому можна давяраць. І на Захадзе, калі казаць пра нашых партнэраў, на жаль, апазыцыя ў цяперашнім выглядзе не зусім суб’ект – яна не гаворыць адзіным голасам, многа часу надае ўнутраным разборкам. Трэба з гэтага выходзіць.

Задачу Руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч бачыць у тым, каб рост праэўрапейскіх настрояў сярод беларусаў быў устойлівым.

Аляксандр Мілінкевіч: Рух “За свабоду” і грунтаваўся на эўрапейскай ідэі. Мы за тое, каб паступова інтэгравацца ў Эўропу, захоўваючы добрасуседзкія адносіны з Расеяй. Больш за ўсё будзе вырашаць – што думаюць людзі. Не Вашынгтон, не Брусэль, а менавіта людзі. Тое, што ёсьць тэндэнцыя росту праэўрапейскіях настрояў – выдатна, але шчыра скажам, што гэта інтуітыўная такая штука. Людзі разумеюць, што там больш свабоды, дабрабыту, менш страху. Але ведаюць пра Эўропу мала, у нас у краіне 70% ніколі не былі нават у Летуве й Польшчы. Няма фундамэнту пад гэтым, можа пахіснуцца праэўрапейскасьць, а нам трэба, каб яна была ўстойлівай і прадказальнай.

Дарадца Мілінкевіча палітоляг Алесь Лагвінец пэўныя спадзевы супрацы з грамадзтвам зьвязвае з праектам “Народная праграма”.

Алесь Лагівнец: prahrama.by – гэта спроба стварыць унікальную дыскусійную пляцоўку, дзе простыя грамадзяне разам з экспэртамі могуць абмяркоўваць, што можна палепшыць у краіне. Гэта вельмі важна для нас, бо мы хочам, каб тое, што мы прапаноўваем людзям, таксама ішло ад людзей.

Кіраўніком менскай гарадзкой арганізацыі Руху “За свабоду” рада абрала Юрася Меляшкевіча.

Марыя Кароль