• На палітвязьняў, якія знаходзяцца ў калёніях у Горках і Шклове, аказваюць ціск
  • 23.07.2011

На палітвязьняў, якія знаходзяцца ў шклоўскай калёніі, аказваецца жорсткі ціск – перадае Радыё «Свабода». Да зьняволеных не даходзяць лісты ад родных, ім забараняюць тэлефанаваць, прымушаюць напісаць прашэньне аб памілаваньні – кажуць сваякі зьняволеных.

У шклоўскай  калёніі знаходзяцца экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч, былы міліцыянт Аляксандар Класкоўскі, палітвязьні Алег Гнедчык і Дзьмітры Новік. Бацькі зьняволеных кажуць, што іх дзяцей раскідалі па розных атрадах, да іх даходзяць толькі адзінкавыя лісты, па некалькі разоў на дзень вязьняў выклікаюць да начальніка, каб яны падпісалі прашэньне аб памілаваньні.

Тым часам намесьніца старшыні «Маладога Фронту» Наста Палажаннка зьвярнулася з адкрытым лістом, дзе просіць выратаваць яе жаніха Зьмітра Дашкевіча, які знаходзіцца ў горацкай калёніі. Лісты ад яго не даходзяць, спатканьні зь ім не дазваляюць нават адвакату – піша Наста Палажанка. Зьмітра Дашкевіча неаднаразова каралі штрафным ізалятарам. Прашэньне аб памілаваньні ён таксама пісаць адмовіўся – перадае газэта «Наша Ніва».


Радыё «Свабода»/«Наша Ніва»/ап