„Цяпер апазыцыя ня ў стане аб’яднацца, але мусіць стаць суб’ектам палітыкі”, - пра гэта 23 ліпеня ў Магілёве заявіў лідэр грамадзкага аб’яднаньня „Рух за свабоду” Аляксандар Мілінкевіч сваім паплечнікам, якія сабраліся на абласную канфэрэнцыю.
Паводле Аляксандра Мілінкевіча, беларуская апазыцыя знаходзіцца ў сыстэмных крызісе ад 2007 году.
„Дзевяць кандыдатаў на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах – гэта памылка наша. Апазыцыя цяпер ня ў стане абраць адзінага лідэра. Калі мы цяпер гэтага ня можам зрабіць, то трэба хаця б арганізаваць нармальную дзейнасьць, падрыхтаваць супольную стратэгію, каб ведаць, што мы будзем рабіць хаця б на год наперад. Калі такое адбудзецца, то ёсьць шанец, што на нас паглядзяць як на нейкую супольную сілу. Апазыцыя павінна стаць у вачах людзей суб’ектам палітыкі. Мы пакуль ня сталі для народу альтэрнатывай гэтай уладзе”, - сказаў Мілінкевіч.
У канфэрэнцыі ўзялі ўдзел 38 дэлегатаў з васьмі раёнаў і гарадоў Магілёўшчыны. Актывісты пастанавілі зарэгістраваць абласную структуру “Руху за свабоду”. Кіраўніком Магілёўскай абласной арганізацыі руху “За свабоду” на канфэрэнцыі абраны Аляксандар Сілкоў. Ён мае падаць неабходны пакет дакумэнтаў ва Ўпраўленьне юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму для рэгістрацыі структуры.
svaboda.org/аз