• Становішча беларускае мовы ў пэрыяд ВКЛ
  • 06.06.2007

Часопіс ,,Літва”, які пачаў выдавацца ў Чыкага ў 1967 годзе і выходзіў да 1973 году, закранаў у асноўным гістарычныя й нацыянальныя пытаньні з пэрыду Вялікага Княства Літоўскага. У 1 нумары Рэдакцыя часопіса паведамляе: LITVA – naš nacyjanalna-histaryčny nazoŭ krainy ŭziaty nami jak nazoŭ časapisu, zadańniem jakoha budzie nanova vyvučać i pieraaceńvać našuju słaŭnuju minuŭščynu dy zmahacca ź jaje chvalšavańniem. Časapis budzie taksama vyvučać i sučasnyja prablemy, źviazanyja z našym narodam.” (Ad Redakcyi, u: „Litva”, № 1, studzień – červień 1967, Čykaha, s. 3-49)

Часопіс ,,Літва” не пазьбягаў і моўных праблемаў, зразумела, з таго самага пэрыяду. Аўтарам усіх публікацыяў пра становішча беларускае мовы ў ВКЛ быў Вацлаў Пануцэвіч, азнаямленьне з поглядамі якога зьяўляецца асноўнай мэтай артыкулу.

На старонках гэтага эміграцыйнага выданьня закраналіся такія пытаньні, зьвязаныя зь беларускай мовай, як: друкарская справа, умовы разьвіцьця беларушчыны, ды разглядаліся чыньнікі, якія спрыялі папулярызацыі польскае мовы ў ВКЛ.

Вацлаў Пануцэвіч піша пра нацыянальны характар Вялікага Княства Літоўскага й гістарычны тэрмін Літва (Vacłaŭ Panucevič, Krytyčnyja zaciemki. Pra nacyjanalny charaktar Vialikaha Kniastva Litoŭskaha j histaryčny termin „Litva”, u: „Zapisy”, kn. 3, Miunchen, 1964, s. 35-89, „Litva”, № 1, studzień – červień 1967, Čykaha, s. 130-197.)

Прыгадвае ён, што ўжо ў XVI-XVIII ст.ст. Лікас Давід, Гардткнох і Прэторыюс выводзілі назоў Літва ад Люцічаў. У сярэдзіне XІX ст. чэскі слявіст Шафарык таксама выводзіў назоў Літва ад тых жа Люцічаў альбо Волатаў-Велетаў. У гэтым няма нічога недарэчнага, – піша беларускі эміграцыйны аўтар – бо на падставе аналізу назоўнага й моўнага матэрыялу вядома, што часьціца ва неабавязкова мусіць стаяць у канцы слова (Літ-ва), дрыг-ва). Яе можа ня быць, і тады сам корань (Літ-, Лет-, Лёт-, Лют-) выражае сэнс, а ў пэрыядзе тварэньня мовы часьціца ва магла стаяць і перад коранем слова (Ве-лет, Во-лат). (Тамсама, с. 131)

Сьлядамі засяленьня Волатаў-Люцічаў пабярэжжа Балтыйскага мора ёсьць густая сетка тапаграфічнага назоўніцтва, пачынаючы ад Фінляндыі аж да ракі Эльбы на захадзе. У глыб на поўдзень гэтыя назвы ахопліваюць усю беларускую тэрыторыю з асаблівым згушчэньнем у паўночнай частцы, напр.:

Велетава – у раёне Пецярбурга; Волатава – ля Вялікага Ноўгараду на правым баку ракі Волхавец; Волаты – ля Пскова; Волаты й Волатава – каля Смаленска; Волатава – каля Магілева; Валатоўня й Валатоўка – каля Віцебска; Велетня – каля Менска; Валатыня – каля Горадні.

У Віленшчыне вялікае згушчэньне гэтых назоваў з характэрным іканьнем, г. зн. замены вэль, вол на віль: Вілья, Вілейка, Вільня, Вілачы, Вілянова, Вільчышкі, Вілейшы, Вілейты, Вількалі, Вільканцы, Вілкавышкі, Вілкі, Вількія, Вількіншчына, Вількіня, Вілейнішкі, Вілкомір.

На тэрыторыі жамойцкай альбо зь мяшаным насельніцтвам захоўваецца корань вель: Велекены ля Панявежа, Велерова ды Вельянова ў Ковеншчыне, Вельнява або Літва каля Радзыня, Вельпесы каля Расен, Велайты каля Тэльшы.

Нямала назоваў з гэтай жа прасторы тыпу Люцічы з асаблівым згушчэньнем у Прыбалтыцы: Люцын каля Рэжыцы ў Латгаліі; Люцынішкі ў Троцкім павеце; Людэлішкі ў Віленскім; Людэнродэ ў Прусах, Лютэйкі на правым прытоку Нёмана, Люткі ля Ольштына, Лютоша на Ашмяншчыне, Лютыка недалёка Вільні, Лютыніца на правым прытоку Дзьвіны, Ліда ў басейне Нёмана. Далей на захад назовы гэтыя цягнуцца аж да ракі Эльбы. (Тамсама, с. 133-156)

Славянскасьць Літвы сьцьвярджае Ян Бахэмскі, які ў сваёй працы De gentium moribus (1538) напісаў, што мова гэтага народу падобная да польскай. Гэтая славянская мова вельмі пашыраная, ды ёю гутараць многія народы, зь якіх некаторыя рымскага абраду, як: палякі, дальматы, харваты й славэнцы, а іншыя абраду грэцкага. (Тамсама, с. 163)

 

Ніна Баршчэўская