• Павал Дэлёнг здымаецца ў расейскай ваеннай стужцы
  • Audio0 KB
  • 14.08.2007

Польскі актор Павал Дэлёнг патрабавальна ставіцца да беларускай здымачнай групы, хаця здымаецца ён у расейскай ваеннай стужцы.

Пад Менскам, ля Кургана Славы завершыліся здымкі расейскай стужкі “Ліпень” на ваенную тэму. Галоўную ролю ў ім выконваў польскі актор Павал Дэлёнг — гэта роля нямецкага афіцэра. Перад апошнімі здымкамі з акторамі сустрэўся наш менскі карэспандэнт Янка Хамовіч.

Недарэмна кінастудыю “Беларусьфільм” сучасьнікі празвалі “Партызанфільм”. Што-што, а карціны на ваенныя тэмы здымаць мы любім, умеем і, найважнейшае, дзеля гэтага ёсьць пэўная тэхнічная база. Падумаў я, разглядаючы, як жанчына-касьцюмэр раздавала “масоўцы” вайсковыя кітэлі. Што цікава, іх было вельмі шмат: і савецкіх, і нямецкіх. Чую, мужчына абураецца, маўляў, такая сьпякота, а тут прыдзецца “парыцца” ў гэтым рызьзе. Яшчэ некалькі хвілінаў, і я апынаюся ў акружэньні цэлай нямецкай арміі. Дзяўчына Аксана, што працуе грымэрам, акуратненька завіхаецца каля чарговага параненага, стварае антураж й вобраз.

Аксана: Для сварэньня ранаў мы найчасьцей выкарыстаўваем штучную кроў. Але многія мае сябры й таксама хлопцы, што здымаюцца ў масоўцы, у мяне пытаюцца, з чаго зроблена гэта кроў. Ці не сапраўдная яна? Але прыходзіцца паведамляць, што кроў не сапраўдная, і я не вампір, што хажу па начах ды зьбіраю яе. Хаця некаторыя дзіўнасьці прыходзіцца рабіць. Напрыклад, аднойчы ў метро я заўважыла ў хлопца вельмі прыгожую рану, дык прыйшлося падыйсьці, пазнаёміцца й распытаць, адкуль гэтая рана, папрасіць больш дэталёва разгледзець яе. Галоўная мая задача, каб на экране ўсё выглядала звышнатуральна.

Аксана мне паведаміла, што хутка павінен да яе прыйсьці грыміравацца актор Павал Дэлёнг. На яго твары шрамаў няма, але грым усё роўна прысутнічае.

Аксана: Павал Дэлёнг у першую чаргу чалавек вельмі патрабавальны да сябе й да атачэньня. Ён выдатны актор, які ўсяго сябе аддае працы, і на поўную моц выкладваецца на здымачнай пляцоўцы. Таму вельмі натуральна, што ад іншых ён таксама патрабуе гэтага. Ад мяне ён патрабуе акуратнасьці.

Актора ўжо загрыміравалі, але здымкі яшчэ не пачаліся. Таму ў нас ёсьць некалькі вольных хвілінаў, каб схаваўшыся ад сьпякоты, пагутарыць. Дарэчы, пра сьпякоту. Як мне здалося, акторам вельмі складана знаходзіцца на здымачнай пляцоўцы ў касьцюмах.

Павал Дэлонг: Калісьці я граў смаляра й апранаўся ў такі чорны касьцюм. Як можна здагадацца, смаляр – гэта чалавек, які жыве ў лесе й займаецца абпальваньнем драўніны. Ад ног да галавы я быў цалкам чорны. Калі я вярнуўся дадому, то ня мог адмыцца. Ванна была ўся чорная, той касьцюм я запамятаю надоўга. Былі й вельмі прыгожыя касьцюмы, напрыклад, рымскія, калі я граў у фільме „Quo Vadis”, я вельмі люблю касьцюмы 50-х гадоў. Аднойчы я здымаўся ў Францыі, і там быў цудоўны касьцюм: капялюш і плашч. Былі вельмі прыгожыя касьцюмы жаўнераў: польскіх афіцэраў, савецкіх, амэрыканскіх. Ну, а цяпер у мяне ёсьць магчымасьць мець касьцюм нямецкага афіцэра.

У Беларусі польскі актор нячасты госьць, але й краіна яму вельмі спадабалася. Найбольш спадабаліся самі беларусы. “У нечым яны падобныя да палякаў,” — прызнаўся мой суразмоўца. “Яшчэ б,” — падумаў я. — У нашых народаў так шмат агульнага, пачынаючы ад нейкіх культурных стасункаў і заканчваючы агульнымі старонкамі гісторыі.

Павал Дэлёнг: Гэта вельмі прыгожая краіна. Такую прыроду, як тут, цяжка пабачыць дзе-небудзь у сьвеце. Штосьці падобнае можна пабачыць у Канадзе. Гэта прырода паміж Эўропай і Азіяй. Вашая краіна, як жанчына з добрай фігурай: азёры, лясы, вялікія прасторы. Гэта вельмі спакойная краіна.
Вялікай бядою Беларусі зьяўляецца тое, што доўгі час Беларусь была
пад уплывам Расей і камуністычнага рэжыму. Зрэшты, такія ж працэсы можна назіраць і ў Польшчы. Было б вельмі добра, каб людзі маглі сябе адчуваць тут свабодна. Я ня маю права камэнтаваць беларускі лад жыцьця.
Трэба, каб краіна разьвівалася, каб ішла наперад. Калі сёньня, у выніку
такога, а ня іншага кіраваньня краінай, вы ня цалкам можаце цешыцца
свабодай, то гэта толькі пытаньне часу.

Доўга гутарыць часу няма. Літаральна празь некалькі хвілінаў здымачная пляцоўка пераўтварылася ў маленькі мурашнік, дзе кожны выконваў сваю ролю. У кагосьці гэта была роля нямецкага афіцэра, што катуе беларускі народ, а ў іншага – роля грымэра, што адказны за зьнешні выгляд першага. Усе пачалі круціць складаны мэханізм, назва якога „кіно”. І толькі нямецкія й савецкія жаўнеры хаваліся ў цянёк, бо, як я зразумеў, іхняя чарга яшчэ не прыйшла.

Дарэчы, у польскага актора будзе магчымасьць больш дэталёва пазнаёміцца з культурай Беларусі пазьней. У тым жа фільме здымаўся народны артыст СССР Расьціслаў Янкоўскі, які яшчэ зьяўляецца старшынём Менскага Міжнароднага фэстывалю кіно “Лістапад-2007”. Павал Дэлёнг атрымаў афіцыйнае запрашэньне стаць ганаровым госьцем сёлетняга кінафоруму.

Для Польскага радыё – Янка Хамовіч са Смалявічаў.