На пачатку незалежнасьці КДБ ня быў у авангардзе антыдэмакратычнага рэваншу. Путчу не падтрымалі, Ельцына, Краўчука й Шушкевіча ў Віскулях не арыштавалі, таксама ня ўдзельнічалі ў зьбіцьці дэпутатаў у 1995 годзе. Усю брудную працу для ўраду Кебіча, а потым для Лукашэнкі, выконвалі падразьдзяленьні міліцыі ды ўнутраных войскаў. Перад 1994 годам КДБ імкнулася прадставіць сябе як ворган, які забясьпечвае нацыянальную бясьпеку дзяржавы.
Паводле ацэнак экспэртаў ды ўспамінаў удзельнікаў падзеяў пачатку 1990-х гадоў, на той момант, асабліва ў 1994 годзе, існавалі перадумовы для пераўтварэньня КДБ у самастойную спэцслужбу незалежнай Беларусі. Нашыя сёньняшнія суразмоўцы зьвязваюць гэта з асобай першага старшыні КДБ генэрала Эдуарда Шыркоўскага, які, нягледзячы на той факт, што вялікую частку жыцьця працаваў у Маскве, адкуль вярнуўся ў Беларусь, рабіў пэўныя крокі ў кірунку да ўмацаваньня незалежнасьці Беларусі ды будаваньня дэмакратыі.
Аляксандар Лагвінец: Эдуард Шыркоўскі нарадзіўся 18 красавіка 1932 году ў вёсцы Новы Сьвержань Стаўбцоўскага павету – за часамі Польшчы. У 1954 годзе скончыў Менскі юрыдычны інстытут, а ў 1959 годзе школу КДБ пры Радзе міністраў СССР. З 1959 па 1985 гады працаваў супарцоўнікам КДБ на тэрыторыі Расейскай Фэдэратыўнай Рэспублікі (Сьвярдлоўская вобласьць, Уральская вайсковая акруга, ад 1968 году ў Маскве). Ад 1985 году на працы ў Беларусі. У 1988 годзе прызначаны першым намесьнікам Старшыні КДБ БССР. Ад 16-га лістапада 1990 году па 25 студзеня 1994 году – старшыня КДБ Беларусі. Пасьля чаго зьехаў у Маскву, дзе памёр у 2002 годзе.
Вось як ацэньвае першага кіраўніка КДБ Беларусі ды сытуацыю на пачатку 1990-х гадоў у Беларусі адзін з рэалізатараў польскай рэформы спэцыяльных службаў, кіраўнік Бюро аналітыкі й інфармацыі Ўпраўленьня аховы дзяржавы Пётр Немчык.
Пётр Немчык: Беларусь была адзінай краінай, дзе спэцслужбы захавалі старую назву КДБ. Першым кіраўніком быў генэрал Шыркоўскі. Я быў у Беларусі падчас візыту прэзыдэнта Валэнсы, калі старшынём ВС быў Станіслаў Шушкевіч. У мяне склалася такое ўражаньне, што генэрал Шыркоўскі выглядаў на чалавека, які меў намеры падтрымліваць будаўніцтва дэмакратыі. Наколькі так можна ўвогуле казаць пра супрацоўніка КДБ.
У беларускім выпадку сытуацыя была адрозная ад Польшчы. Якая б не была СБ, але гэты была асобная служба ад КДБ. Сярод афіцэраў КДБ, якія працавалі ў Польшчы, было шмат беларусаў. Значыць, што ў той сыстэме яны карысталіся даверам. Адсюль вялікае пытаньне, наколькі гэтыя супрацоўнікі ўспрымалі сябе як беларусаў, а не як супрацоўнікаў КДБ. Напэўна, у выпадку Беларусі трэба было б прызнаць, што ўсе супрацўнікі КДБ – нават беларусы па паходжаньню – былі афіцэрамі чужой службы. У вас варта было б вырашыцца на нулявы варыянт.
На нулявы варыянт у Беларусі ня вырашыліся, аднак паступова кіраўніцтва КДБ пераходзіла на пранезалежніцкія пазыцыі. Пацьверджаньнем гэтаму стала пазыцыя Шыркоўскага на пераломе 1993-1994 гадоў, калі набірала абароты супрацьстаяньне паміж Вярхоўным Саветам, асабліва яго кіраўніком, ды апазыцыяй і ўрадам пад кіраўніцтвам Кебіча. Урад імкнуўся канчаткова падпарадкаваць сабе Вярхоўны Савет ды актывізаваць палітыку інтэграцыі з Расеяй: стварыць рублёвую зону й далучыцца да Дамовы аб Калектыўнай бясьпецы краінаў СНД. Супраць гэтага выступала парлямэнцкая апазыцыя БНФ, таму што гэты крок азначаў адмову ад статусу нэўтральнай дзяржавы й вяртаньне ў расейскую зону ўплываў.
Валянцін Голубеў: 30 кастрычніка 1990 году быў прызначаны старшынём КДБ Шыркоўскі Эдуард. Ён таксама прыехаў з Масквы, але гэта быў выхадзец зь Беларусі. Гэты чалавек хацеў будаваць службу бясьпекі не для былога СССР, не для краіны, якая б працавала на Маскву, а для сваёй незалежнай дзяржавы. Гэта спрычынілася да таго, што напрыканцы 1993 – на пачатку 1994 гг. КДБ і Міністэрства ўнутраных спраў паінфармавалі ВС аб пагрозе заканадаўчай уладзе, і асабіста Шушкевічу: урадам вяліся размовы аб далучэньні Беларусі да Расеі. Быў распаўсюджаны ліст з просьбай абмеркаваць гэтыя пытаньні й перапарадкаваць КДБ ад Рады міністраў Вярхоўнаму Савету. Станіслаў Шушкевіч на гэта не пагадзіўся. Ён думаў, што зможа дамовіцца зь Кебічам. Пасьля гэтага большасьць ВС прагаласавала за тое, каб зьняць з пасады Шыркоўскага й Ягорава. З гэтага моманту пачаўся закат Шушкевіча. Калі чалавек не змагаецца за сябе, то ён звычайна прайграе.
Дамовіцца зь Кебічам у Шушкевіча канчаткова не атрымалася. Спачатку ўрад пазбавіўся ад страшыні КДБ, а потым прыйшла чарга самога сьпікера ВС. Падзеі разьвіваліся наступным чынам.
Аляксандар Лагвінец: 15 студзеня 1994 году былыя лідэры летувіскай кампартыі: Буракявічус і Ермалавічус, абвінавачаныя ў Летуве ў антыдзяржаўнай дзейнасьці з прычыны падтрымкі антыдзяржаўнага путчу ў студзені 1991, былі арыштаваныя на тэрыторыі Беларусі, дзе яны хаваліся, ды перададзеныя Летуве. Дазвол на экстрадыцыю падпісалі генэральны пракурор, старшыня КДБ і міністар унутраных справаў. Віна за „выдачу камуністаў” была ўскладзеная на Э. Шыркоўскага й міністра ўнутраных справаў У. Ягорава. Было праведзенае закрытае паседжаньне ВС, на якім кіраўнік КДБ і міністар унутраных справаў былі адпраўленыя ў адстаўку.
Відавочна, сапраўднай прычынай адстаўкі стаў ліст Шыркоўскага й Ягорава да дэпутатаў Вярхоўнага Савету, у якім яны абвінавацілі атачэньне Кебіча ў неканстытуцыйных дзеяньнях ды спробе дзяржаўнага перавароту. Пазыцыя Шыркоўскага й Ягорава была падтрыманая толькі апазыцыяй БНФ, а Шушкевіч устрымаўся ды не абараніў сваіх падначаленых. Кіраўнік дзяржавы не здагадваўся, якія гульні стаялі за гэтай адстаўкай.
Станіслаў Шушкевіч: Гэта было зьвязана з пэўнымі правакацыямі наконт летувіскіх камуністаў. Тады я не здагадваўся, якія былі гульні й мэханізмы за гэтым. Не хацеў бы гэтага камэнтаваць. У час, калі ён працаваў у нас кіраўніком КДБ, рэарганізацыя йшла ў кірунку, каб забясьпечыць дзяржаўнасьць Беларусі й дзяржаўную бясьпеку.
Празь дзесяць дзён прыйшла чарга Станіслава Шушкевіча. 26 студзеня 1994 году Шушкевіч быў зьняты з пасады старшыні Вярхоўнага Савету. Абвінавачваньнем паслужыла знакамітая „скрыня цьвікоў”, якую нібыта Шушкевіч скраў для пабудовы дачы, прадстаўленая Аляксандрам Лукашэнкам у справаздачы аб фактах карупцыі ў вярхох улады ў Беларусі.
Аляксандар Лагвінец: На гэтым кар’ера Эдуарда Шыркоўскага ў Беларусі скончылася: ён быў апошнім старшынём КДБ БССР і першым – КДБ нележнай Беларусі. Ён выступаў за тое, каб КДБ быў моцны й самастойны, што непакоіла тагачаснага прэм’ера Кебіча й стала прычынай адстаўкі. У 1994 годзе ён на пайшоў на пэнсію й вярнуўся ў Маскву. Людзі, якія прыйшла на ягонае месца, засталіся пасьля свайго звальненьня на дзяржаўнай службе ў Беларусі. Генадзь Лавіцкі пасьля звальненьня быў прызначаны амбасадарам у Ізраілі, а Ўладзімер Ягораў, калега Шыркоўскага па супрацьстаньні зь Кебічам, быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў першага й другога скліканьняў. Перад сьмерцю да Шыркоўскага вярнулася настальгія па СССР. У 2000 годзе, за два гады да сваёй сьмерці, у маскоўскай газэце „Трыбуна” Шыркоўскі вельмі шкадаваў пра тое, што ў 1991 г. у Віскулях не арыштаваў усю гэтую тройку, якая нібыта разваліла Савецкі Саюз.
Зьмянілася таксама й беларускае КДБ. З службы, якая не падтрымала путчу, не праводзіла актыўных акцыяў супраць дэмакратычнай апазыцыі ды парлямэнту, ён зноў ператварыўся ў ворган, які ў большай ступені пачаў працаваць на ўмацаваньне ўлады аднаго чалавека ды супраць грамадзянаў сваёй краіны, супраць іншадумства, як гэта было ў Савецкім Саюзе.
Юры Ліхтаровіч, Аляксандар Лагвінец