• Кары за “няправільны” правапіс вызначыць Савет міністраў
  • Audio1.11 MB
  • 25.06.2008

Аўторак 24 чэрвеня аказаўся вельмі плённым днём для Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Акрамя рэпрэсійнага законц аб сродках масавай інфармацыі парлямэнтары ў другім чытаньні зацьвердзілі праект закону “Аб правілах беларускай артаграфіі й пунктуацыі”.

Міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў, які прадстаўляў законапраект да першага чытаньня ў кастрычніку 2007 году, заявіў тады, што мэтай дакумэнту зьяўляецца забарона  “супрацьзаконнага ўжываньня ў пэрыёдыцы” клясычнага беларускага правапісу – тарашкевіцы.

Старшыня “Таварыства беларускай мовы” Алег Трусаў зьдзіўлены той хуткасьцю, зь якой парлямэнтары прынялі закон аб мове.

А. Трусаў: Мае знаёмыя дэпутаты запэўнівалі мяне, што прымаць закон на гэтай сэсіі ня будуць. Значыць, ім загадалі, прычым загадалі раптоўна. Прымаць закон дэпутаты не зьбіраліся, казалі, што законапраект будзе “пакінуты ў спадчыну” парлямэнту наступнага скліканьня. Відаць, выйшаў загад нічога ў спадчыну не пакідаць. Можа, асьцерагаюцца, што ня тых выбяруць?

Газэта “Наша Ніва” – самае вядомае пэрыядычнае выданьне, якое друкуецца на тарашкевіцы. Галоўны рэдактар газэты Андрэй Скурко пакуль не асьцерагаецца караў за “няправільны” правапіс, бо іх у законапраекце проста няма. Дкумэнт адсылае вырашэньне гэтага пытаньня да пастановы Савета міністраў.

А.Скурко: У адкрытым доступе ёсьць інфармацыя, што выкананьне гэтага закону ўскладаецца Палатай прадстаўнікоў на Савет міністраў. Гэта значыць, што Саўмін яшчэ павінен вызначыць сродкі ўстрыманьня для тых, хто гэты закон ня будзе выконваць. Закон уступае ў сілу толькі ў 2010 годзе. Мы будзем вырашаць праблемы па меры іх паступленьня. Прагназаваць, што адбудзецца ў будучыні, зараз вельмі цяжка.

Варта адзначыць, што ўчора дэпутаты Палаты прадстаўнікоў аддалі ў рукі Савета міністраў ня толькі права вызначыць кары за парушэньне закону аб правапісе. У другім важным дакумэнце, прынятым у гэты дзень, законе аб СМІ, ураду даручана выпрацаваць працэдуру й сродкі кантролю інтэрнэт-выданьняў. 

Аляксандар Папко