• Падарожжа ў горад Вяліж
  • Audio2.74 MB
  • 12.01.2009

Паважаныя слухачы, з новага году запрашаем вас на цыкл перадачаў, прысьвечаных гістарычным беларускім паселішчам, якія з-за зьменаў межаў апынуліся па-за Беларусьсю, але культурна й мэнтальна надалей зь ёю зьвязаныя.

Нашае падарожжа будзе адбывацца фактычна па памежжы былога Вялікага Княства Літоўскага – дзяржавы, якая калісьці аб’ядноўвала ўсе этнаграфічныя беларускія землі.

У сёньняшнім гістарычным падарожжы запрашаем наведаць горад Вяліж. Дзе ён знаходзіцца й як выглядае ў сучаснасьці? – пра гэта распавядае  географ Уладзімер Міхневіч.


Найперш я дазволю сабе зацытаваць урывак з апавяданьня "Путешествие в город Велиж" расейскага падарожніка Льва Уськіна: "Еврейское было место – а евреи, известно, где плохо, жить не станут... " – далей аўтар працягвае: "Такое вот странное место на нашей планете, где евреев считают исконными жителями... "
 
Рэгіён, пра які я буду распавядаць у бліжэйшых праграмах, зьяўляўся памежным у Вялікім Княстве Літоўскім, адначасна гэта рэгіён, які шмат разоў пераходзіў з рук ліцьвінскіх у маскоўскія, і наадварот. У прыватнасьці, такі лёс спаткаў мястэчка Вяліж, назву якога правільна вымаўляць з націскам на апошні склад.

Гэта сапраўды маленькае мястэчка, якое знаходзіцца па лініі простай 12 кілямэтраў ад беларускай мяжы ў Смаленскай вобласьці. Першая ўзгадка пра яго знаходзіцца ў летапісе Быхаўца пад 1392 годам, дзе вялікі князь Вітаўт рыхтуе вайсковую выправу па пскоўскіх месцах: Вяліжа ды Краснага. Гісторыя мястэчка шчыльна зьвязаная з такімі знакамітасьцямі, як вялікі князь Казімер ІV Ягелёнчык, шляхецкімі родамі Арлоўскіх ды Сэрафімовічаў, імем пратаірэя Міхала Навіцкага.

Пасьля вяртаньня Вяліжа назад да Княства ў 1582 годзе – места праз 3 гады 20 сакавіка 1585 году атрымала ад Стэфана Баторага статус стараства, прывілеі й свой першы герб – чатырохканцовы залаты крыж зь мечам пад ім. Далучэньне Вяліжа да Расеі ў 1772 годзе прывяло да зьмены гербу з папярэдняга крыжа зь мечам на ... Пагоню – адбылося гэта 21 верасьня 1781 году. Герб складаўся з двух гарызантальных палёў: на версе двухгаловы арол – на нізе "Пагоня". Ён сымбалізаваў падпарадкаванасьць мястэчка Расеі, дзякуючы верхняй дамінацыі арла над вершнікам.

Пад канец 19 ст. тут жыло амаль 19 тыс. чалавек – цяпер удвая меней. На інтэрнэт-старонцы веліжанаў можна даведацца, што мястэчка з 1580 году ўвайшло ў склад Польшчы. Хаця ўжо на іншай закладцы той жа старонкі можна знайсьці інфармацыю аб уваходжаньні гораду ў склад Рэчы Паспалітай, што для большасьці расейцаў тоесна з Польшчай. Ранейшы пэрыяд з 1318 па 1536 гады, па словах мясцовага краязнаўцы Ўладзімера Мядзьведзева, на той жа старонцы апісваецца як пэрыяд прыналежнасьці Вяліжа да Літвы.

Цешыць, што нарэшце й пра Княства напісалі, але вялікалітоўскі пэрыяд паўсюль узгадваецца ўскосна. Напрыклад, апісваючы былую Ільінскую царкву, можна даведацца, што яе пабудаваў у пачатку 15 стагодзьдзя вялікі князь літоўскі Казімер ІV Ягелёнчык у гонар цудоўнага выратаваньня яго жонкі й дачкі, якія, пераплываючы раку Заходнюю Дзьвіну, амаль не патанулі ў дзень сьвятога Ільлі-прарока (гісторыя адбылася ў пэрыяд літоўска-маскоўскіх войнаў). У 1781 годзе на месцы старадаўняй драўлянай царквы паўстаў цагляны будынак з характэрным для вуніяцкіх цэркваў сілуэтам.

Дарэчы, у 1800 годзе на тэрыторыі мястэчка было 7 вуніяцкіх цэркваў (3 мураваныя, 4 драўляныя) і 2 мураваныя каталіцкія касьцёлы. Пад канец 19 стагодзьдзя, то бок роўна 100 гадоў пазьней было 11 праваслаўных цэркваў і 1 касьцёл. Зараз ад усіх пералічаных сьвятыняў засталася толькі Трохсьвяціцельская царква, якая была пабудаваная ў 1866 годзе ды пасьвечаная ў 1869.

У савецкі пэрыяд духоўнае жыцьцё ў Вяліжы цалкам пагасла, але засталіся сакральныя будынкі. ІІ Сусьветная вайна завершыла справу: уся сакральная архітэктура, за выключэньнем Трохсьвяціцельскай царквы, была разбураная. Лёс хрысьціянскіх храмаў напаткаў і 9 сынагогаў. Акрамя адзінага на дадзены момант гістарычнага храму ў Вяліжы дзейнічае эвангельская царква хрысьціян-баптыстаў. Акрамя гэтага ў 2006 годзе распачата будова драўлянай праваслаўнай царквы Кірылы й Мятода.

Раю пазнаёміцца з багатай мінуўшчынай гарадка, раю наведаць мясцовы краязнаўчы музэй, дзе ёсьць інфармацыя аб уваходжаньні Вяліжа ў склад Тарапецкага, Віцебскага, Смаленскага ды Літоўскага княстваў, а таксама ў Рэч Паспалітую, пазьней у Віцебскую губэрню Расеі, Пскоўскую губэрню. Ёсьць там інфармацыя аб будове памежнай крэпасьці. Акрамя ўсяго гэтага экспазыцыя музэю мае некаторыя працы народнага мастака Беларусі, прафэсара А. Бембеля.

Затрымацца можна ў гатэлі "Двина", які месьціцца на левым беразе Заходняй Дзьвіны ў самым цэнтры горада. Там ёсьць 1-2-3-4-асабовыя пакоі. Банк і банкамат знаходзяцца ў трох хвілінах хады ад гатэлю. Зьесьці можна ў кавярні альбо рэстаране "Велижанка" ці "Двина". Аўтобусы з Віцебску курсуюць штодня а 12:00 і 19:30 па беларускім часе. Запрашаю ў Вяліж.

Падрыхтаваў Уладзімер Міхневіч