• Слушны прэцэдэнт
  • 02.07.2003
Сэймавая Сьледчая Камісія, скліканая па гэтак званай “карупцыйнай афэры Рывіна”, вырашыла, што ня будзе патрабаваць ад прэзыдэнта Аляксандара Квасьнеўскага даваць паказаньні. Гэта слушнае рашэньне, і трэба толькі шкадаваць, што яно было прынятае перавагай аднаго голасу старшыні камісіі. Чальцы камісіі падзяліліся па палове: дэпутаты кааліцыі Саюз Левых Дэмакратычных Сілаў - Вуніі Працы былі супраць, а прадстаўнікі апазыцыі - “за”. Асабліва зьдзіўляе заўзятасьць дэпутата Яна Ракіты, які вельмі хацеў пабачыць прэзыдэнта на слуханьнях камісіі. Да гэтай пары Ракіта быў заўзятым прыхільнікам аўтарытэту прэзыдэнцкай улады. У сувязі са сваім палітычным досьведам, Ракіта ведаў, што з-пад слуханьняў камісіі, якія часта праходзяць на вельмі нізкім узроўні, павінна быць выключаная галава краіны. Слуханьні могуць зрабіць уражаньне, што прэзыдэнт мае непасрэднае дачыненьне да карупцыйнай афэры, а гэта было б звычайным злоўжываньнем. Дарэчы, падобныя намёкі з боку чальцоў сьледчай камісіі ўжо паявіліся. Агульна кажучы, чальцы камісіі маюць выразныя праблемы з гэтак званай “адказнасьцю за свае свовы”. Яны зашмат гавораць, а таксама высоўваюць празьмерна сьмелыя гіпотэзы. Дастаткова ўспомніць факт, што чальцы камісіі ня ўмелі нават прачытаць сьведкам сьпісу іхных тэлефонных размоваў.

Паказаньні прэзыдэнта мелі б выключна палітычны аспэкт і не спрычыніліся б да высьвятленьня ўсяе справы. Згаданая прапанова была элемэнтам палітычнай барацьбы, якая праходзіць унутры камісіі, і, магчыма, спробай павышэньня зацікаўленьня слухачоў і гледачоў, якое пасьлядоўна зьмяншаецца. Грамадзкая думка пачынае губляць цярпеньне, задаючы пытаньне: “калі паявіцца канчатковы рапарт?”. Працяглая праца камісіі спрычыняецца да зьмяншэньня грамадзкага даверу. Паводле апытаньняў грамадзкай думкі, усё меней палякаў верыць у высьвятленьне карупцыйнай афэры. Магчыма, таму зьніклі намеры склікаць наступныя сьледчыя камісі па іншых справах.

Рашэньне пра тое, каб не выклікаць прэзыдэнта, стварыла слушны прэцэдэнт і зьяўляецца згодным з Канстытуцыяй, хаця па гэтай справе ацэнкі юрыстаў былі розныя.

Згаданае пытаньне зьвярнула ўвагу на яшчэ адзін аспэкт – неабходнасьць абмеркаваньня новага закону аб сьледчых камісіях, таму што дзейсны мае нясьціслы характар. На падставе досьведу некалькіх месяцаў працы камісіі такі закон можна ўжо стварыць - прычым шмат сьведчыць пра тое, што ён меў бы большае значэньне, чым канчатковы рапарт, на які грамадзкая думка не павінна зашмат спадзявацца. Апалітычнасьці можна чакаць ад пракуратуры, а не ад парлямэнцкай камісіі, якая нават пры вялікай волі аб’ектывізму робіць палітычныя ацэнкі.






Яніна Парадоўска