• Пераўтварэньні непазьбежныя
  • 03.01.2007
Цэлая Эўропа ў напружаньні чакала фіналу беларуска-расейскага газавага канфлікту. На расейска-беларускай мяжы нарастае чарговая праблема – усё даўжэйшая чарга вагонаў зь беларускім цукрам, якіх не ўпускаюць у Расею. Да таго ж яшчэ й навагоднія сьвяты з Калядамі.

Няма нічога дзіўнага ў тым, што беларусы быццам бы забыліся пра бліжэйшыя выбары ў мясцовыя саветы. Толькі прадстаўнікі апазыцыйных партыяў Беларусі час ад часу інфармуюць пра чарговыя перашкоды ў вядзеньні імі выбарчае кампаніі.

З працягам тэмы – Эльвіра Богдан.

14 студзеня 2007 г. беларускія грамадзяне будуць выбіраць больш за 22,5 тыс. дэпутатаў мясцовых ворганаў улады. Ранг дазенага галасаваньня немагчыма параўноўваць з прэзыдэнцкімі выбарамі, у якіх вызначаецца ня толькі галава дзяржавы, але й напрамак разьвіцьця краіны на бліжэйшыя 5 гадоў.

Каго й навошта выбіраюць у мясцовых выбарах – большасьць выбаршчыкаў не зусім разумее. Ва ўмовах дыктатуры самастойнасьць мясцовых ворганаў улады моцна абмежаваная, яны амаль пазбаўленыя магчымасьці ўплываць на жыцьцё звычайных грамадзянаў. Асноўная роля мясцовых дэпутатаў сёньня – дапамагаць рэалізаваць пастановы прэзыдэнта.


Ці выбары ў мясцовыя саветы – гэта важная падзея для беларускага грамадзтва? З гэтым пытаньнем зьвяртаемся да сацыёляга Аляксандра Саснова.


А. Сасноў: Пра выбары памятае толькі той, каму гэта трэба. У той сытуацыі, якая зараз склалася ў Беларусі, мясцовыя выбары нічога новага ня ўносяць. Мабыць, таму пра іх ніхто й ня думае. А ўлада ўсё вядзе да таго, каб менавіта так яно й было.

А зацікаўленьне мясцовымі выбарамі слабое, бо, па-першае, сёньня ў мясцовых саветаў няма аніякіх паўнамоцтваў. Па-другое, у гэтыя ворганы могуць выбірацца чыноўнікі выканаўчае ўлады. Саветы павінны кантраляваць выканаўчую ўладу, але і там, і там сядзяць тыя самыя асобы.


Выбарчая кампанія ў мясцовыя ворганы ўлады нецікавая для звычайнага беларуса, бо сёньня выбраныя народам прадстаўнікі ня маюць рэальнага ўплыву на жыцьцё лякальнае грамадзкасьці, а адзінае - дапамагаюць выконваць распараджэньні "зьверху". Кажа праваабаронца Алесь Бяляцкі.


А. Бяляцкі: Большасьць людзей шчыра перакананая ў тым, што мясцовыя дэпутаты нічога ня робяць, і ад іх мала што залежыць. За больш як месяц выбарчай кампаніі дастаткова шмат асобаў зышло з удзелу ў ёй па розных прычынах. Нават цэлая партыя – Партыя камуністаў Беларуская, якая знаходзіцца ў апазыцыі да Лукашэнкі, – зьняла ўсіх сваіх кандыдатаў. Да таго ж дастаткова густым было сіта выбарчых камісіяў, якія не зарэгістравалі значнай часткі кандыдатаў. Ад таго гэтая кампанія такая млявая. Я думаю, што вынікі выбараў ужо напісаныя ва ўладных кабінэтах, лічбы вядомыя, дэпутаты таксама.

Калі мясцовыя ворганы ня маюць ані рэальнага ўплыву на жыцьцё грамадзкасьці, ані належнае пашаны з боку саміх беларусаў, дык паўстае пытаньне: чаму прадстаўнікі апазыцыйных сілаў бяруць удзел у гэтых выбарах. Адказ просты, - кажа А. Бяляцкі, - трэба выкарыстоўваць кожную нагоду дзеля падрыхтоўкі беларускага грамадзтва да пераўтварэньняў, а яны ж непазьбежныя.

А. Бяляцкі: Дэмакратычныя кандыдаты кіруюцца найперш магчымасьцю яшчэ раз нагадаць людзям пра тое, што ёсьць альтэрнатыўны шлях разьвіцьця краіны. Удзел у выбарах дае магчымасьць легальна выступіць па радыё, распаўсюджваць легальна ўлёткі са сваёй праграмай, каб даць інфармацыю, альтэрнатыўную той, якую будуць даваць праўладныя кандыдаты. Сотні людзей сьведама ўдзельнічаюць у гэтай кампаніі, каб данесьці інфармацыю да людзей і такім чынам працягваць падрыхтоўку беларускага грамадзтва да трансфармацыі, якая раней ці пазьней наступіць.

Між тым, ужо пасьля завяршэньня рэгістрацыі кандыдатаў было вядома, што ў значнай частцы выбарчых участкаў галасаваньне будзе праходзіць на безальтэрнатыўнай аснове. У многіх акругах адмовілі ў рэгістрацыі апазыцыйных кандыдатаў. Што да вынікаў фармаваньня выбарчых камісіяў, то ніводзін прадстаўнік апазыцыйных сілаў туды ня трапіў. Відаць, улады маюць што ўтойваць ад грамадзкасьці.