• Студэнтка Н. Манцэвіч выключаная з ВНУ
  • Audio0 KB
  • 10.01.2007
„Сыстэматычнае парушэньне дысцыпліны й правілаў унутранага распарадку” - гэта галоўная прычына, па якой у вышэйшых навучальных установах Беларусі выключаюць палітычна й грамадзка актыўных маладых людзей.

Студэнтка 2-га курсу гістарычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка Надзея Манцэвіч стала чарговаю асобаю, адлічанай за сваю грамадзкую актыўнасьць. Надзея кажа, што непасрэднай прычынай яе адлічэньня стаў удзел у каляднай сустрэчы ў прыватнай кватэры аднаго зь дзеячаў партыі БНФ. На вечарыну ўварваўся спэцназ і разагнаў усіх прысутных. Надзея лічыць, што гэта толькі зачэпка, а насамрэч яе выключылі за актыўную студэнцкую й грамадзянскую пазыцыю.

Н. Манцэвіч: На вечарыну ўварваўся спэцназ, разагнаў усіх, потым нас тры гадзіны трымалі ў мiліцыі. На наступным тыдні інфармацыя трапіла ў дэканат. Мяне адразу выклікалі й сказалі падпісаць дакумэнт, што я азнаёмлема з загадам аб маім адлічэньні. Мне ніяк гэтага не патлумачылі. У загадзе было напісана: "за сыстэматычнае парушэньне дысцыпліны і ўнутранага распарадку". Натуральна, што ў мяне былі пропускі. Але ўвага да іх была значна большая, чым да пропускаў іншых людзей, часамі да значна большай колькасьці.

У маім унівэрсытэце ўсе, хто быў адлічаны па палітычных матывах, яны атрымалі такую ж фармулёўку, як і я. Я прыняла рашэньне падаць у суд на ўнівэрсытэт і аспрэчваць гэтае рашэньне.


Нягледзячы на гатоўнасьць адстойваць свае правы, Надзея не разьлічвае на перамогу. Яна кажа, што гэта ня першае яе затрыманьне. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў у сакавіку мінулага году студэнтка была затрыманая на Кастрычніцкай плошчы й 10 дзён правяла ў вязьніцы на вуліцы Акрэсьціна.

Н. Манцэвіч: Мяне затрымалі падчас разгону на плошчы, я адсядзела 10 сутак. Ужо пасьля гэтага мае бацькі казалі, што я не давучуся ва ўнівэрсытэце. Многія людзі мне дапамагаюць. Цяпер я шукаю магчымасьці далейшага навучаньня. Я думаю, што гэта будзе завочная форма ў якім-небудзь з замежных ВНУ, але жыць я буду ў Беларусі.

Намесьнік дэкана гістарычнага факультэту Аляксандар Радзько кажа, што ня трэба шукаць падтэксту ў адлічэньні студэнткі, паколькі яна ўжо мела вымову рэктара за пропускі. Сама ж Надзея лічыць, што яе сытуацыя з пропускамі нічым не адрозьнівалася ад сытуацыі іншых студэнтаў.

Алена Пытэль