- Сэнатар М. Чаргінец пра "энэргетычную вайну"
- 05.01.2007
У пятніцу энэргетычны канфлікт паміж Беларусьсю й Расеяй пракамэнтаваў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Шон Маккормак. Падчас штогадовага брыфінгу ён зазначыў, што “да гэтай пары Беларусь брала расейскую нафту бяз мыта й мела з гэтага немалыя грошы”. Шон Маккормак заявіў, што “гэтыя рэсурсы выкарыстоўваюцца для прыватных мэтаў тых, хто знаходзіцца вакол рэжыму Лукашэнкі”.
У сваю чаргу Расею прадстаўнік Дзярждэпу скрытыкаваў за выкарэстаньне энэргарэсурсаў у якасьці “палітычнага рычагу” на сытуацыю ў суседніх краінах. У сувязі з гэтым Шон Маккормак падкрэсьліў важнасьць захаваньня й пашырэньня рохных крыніцаў энэргарэсурсаў, а таксама сродкаў паставак гэтай сыравіны.
Галава Камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Рады рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Мікалай Чаргінец лічыць, што амэрыканскае кіраўніцтва не арыентуецца ў склаўшайся сытуацыі.
М. Чаргінец: Расея ўвяла мыта, а Беларусь адказвае. Дзярждэп не валодае сытуацыяй. Справа ў тым, што ў 2001 годзе Расея па сваёй ініцыятыве выйшла з гэтай дамовы. Яна заставіла Беларусі права распараджацца гэтым мытам да таго моманту, пакуль сама Расея не прапануе схемы вырашэньня гэтых праблемаў. Мы так разумеем, што яны забылі пра гэты факт. Да газавых праблемаў Расея нам дадала праблемы з нафтаю. У такой сытуацыі мы павінны абараняць свае эканамічныя інтарэсы. Яны ані цэнта нам не плацяць за зямлю пад расейскімі вайсковымі базамі, таксама пад іншымі аб'ектамі. Мы зь іх не бярэм аплаты за транзыт расейскіх грузаў праз нашую тэрыторыю, а гэта амаль 80% прадукцыі Расеі. Гэта нашая зямля, і мы называем кошты пампаваньня нафты. Тое, што зараз Расея нам прапануе, азначае для нас страты ў памеры 60 даляраў з кожнай тоны. Калі ж для Расеі гэтае мыта вялікае, то няхай адмаўляецца ад транзыту. Гэта іх справа, мы ня супраць, але гэта для іх будзе ў дзясяткі разоў даражэй.
Дарэчы, учора ж дзевяць сэнатараў амэрыканскага Кангрэсу ўнесьлі ў Сэнат законапраект пад назвай „Акт аб энэргетычнай дыпляматыі й бясьпецы”. Згаданы дакумэнт абяцае падтрымліваць імкненьні маладых дэмакратыяў, такіх як Украіна й Грузія, да энергетычнай бясьпекі.
Дзьмітры Гурневіч