- Зянон Пазьняк пра мыта на расейскую нафту
- Audio0 KB
- 05.01.2007
Увядзеньне мыта на транзыт расейскай нафты празь Беларусь камэнтуе старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк.
З. Пазьняк: Гэта эканамічная вайна. І яе пачала Расея. На вайне выкарыстоўваюцца зусім другія сродкі. Гэта адказ Беларусі на дзеяньні расейскага боку. Расея ведала, што рабіла. Павялічваючы мыта на 180$ за тону, яна зрабіла практычна буссэнсоўнай працу беларускіх нафтавых прадпрыемстваў. У сытуацыі, калі да горла прыстаўляюць нож, урад павінен бараніцца любымі спосабамі, і гэты ўрад бароніцца, як умее. Вайну распачала Расея, каб задушыць Беларусь і такім чынам падоўжыць паўнамоцтвы Пуціна. Палітыкі пра гэта ведаюць, але маўчаць, паколькі гэтага вымагае дыпляматыя.
Старшыня КХП аднак лічыць, што мыта ў памеры 45$ за тону нафты зьяўляецца вялікім і не адпавядае здароваму сэнсу.
З. Пазьняк: Зь юрыдычнага пункту гледжаньня, усё зроблена правільна, але кошт мыта вельмі вялікі. Беларусь магла б увесьці меншае мыта, каб яно адпавядала здароваму сэнсу. З пункту гледжаньня нацыянальных інтарэсаў, беларускі бок знаходзіцца ў стане абароны ад эканамічнай агрэсіі Расеі. Наступную ўдаўку закінуць на шыю Эўропы.
Нагадаю, што, згодна з пастановай ураду краіны з 1 студзеня 2007 году, Беларусь распачала ажыцьцяўляць мытнае афармленьне нафты з Расейскай Фэдэрацыі, якая транзытам перапампоўваецца па магістральных нафтаправодах у Заходнюю Эўропу.
Дзьмітры Гурневіч