- Л. Тарасэвіч пра беларусаў у Польшчы
- 09.07.2003
Журналіст „Gazety Wyborczej” Вітальд Бэрэсь узяў інтэрвію ў Лявона Тарасэвіча – усясьветнай славы беларускага мастака з Падляшша, які мае сваю выставу ў Цэнтры Сучаснага Мастацтва ў Варшаве. Але размова закранае розныя пытаньні, ня толькі з галіны культуры. Бальшыня іх адносіцца да самаадчуваньня беларусаў у Польшчы, талерантнасьці польскага грамадзтва, а таксама існуючых стэрэатыпаў.
У Польшчы шмат зьмянілася ад 1989 году, калі пачаліся пераўтварэньні, у якія заангажаваліся таксама беларусы. Здавалася, што ўжо ня будзе горшых і лепшых нацыянальнасьцяў, але такое спадзяваньне аказалася ілюзорным. Праваслаўнае жыхарства Беласточчыны не дапускалася да кіраўнічых пасадаў. 1989 год, у прынцыпе, няшмат зьмяніў у жыцьці беларусаў Падляскага рэгіёну. У беларускім асяродзьдзі назіраюцца тыя самыя працэсы, што ў цэлай польскай дзяржаве.
У ацэнцы Лявона Тарасэвіча, у жыцьці беларусаў Беласточчыны адпаведнікам Саюзу Левых Дэмакратычных Сілаў зьяўляецца Беларускае Грамадзка-Культурнае Таварыства, прэм’ера Лешэка Мілера – старшыня БГКТ Ян Сычэўскі, а Дэмакратычнай Вуніі (UD) – Беларускае Дэмакратычнае Аб’яднаньне. Палякі маюць Адама Міхніка й Яцэка Кураня, а беларусы на Беласточчыне – Сакрата Яновіча.
Меркаваньнем Лявона Тарасэвіча, польскія ўлады прычыняюцца да ўзьнікненьня на Падляшшы атмасфэры недаверу да беларусаў і да цэлага праваслаўнага насельніцтва. У школы не была ўведзеная беларуская мова як раўнапраўная з польскай, не гаворачы ўжо пра навучаньне гісторыі. Па грамадзкім беластоцкім радыё беларускія песьні перадаюцца толькі ў этнічнай праграме. Людзі, якія ў час „Салідарнасьці” йшлі пад дэвізам свабоды, у тым ліку таксама ў мастацтве, сёньня, калі беларусы хочуць паслухаць па мясцовым беластоцкім радыё беларускую песьню, пераўтварыліся ў цэнзараў. Супраць такога падыходу да беларускай культуры запратэставаў Лявон Тарасэвіч тры гады таму, не прымаючы ўзнагароды прэзыдэнта горада Беласток. З таго часу сытуацыя не пайшла да лепшага, дык сёньня таксама не прыняў бы ўзнагароды з рук людзей, якім не залежыць на разьвіцьці беларускай культуры.
Ужо запозна тлумачыць польскай дзяржаве, што шматкультурнасьць знаходзіцца ў ейным інтарэсе. Па словах Лявона Тарасэвіча, польская дзяржава ўжо змарнавала такі шанец.Улады надалей блякуюць розныя беларускія ініцыятывы, хопіць прыгадаць фільм Агнешкі Арнольда пра „Бурага”, камандзіра аддзелу незалежных узброеных сілаў, які ўжо па вайне забіў многіх беларусаў і спаліў вёскі на Беласточчыне.
Лявон Тарасэвіч прызнаецца, што ў беларускім асяродзьдзі на Беласточчыне ёсьць людзі, за якіх прыходзіцца саромецца. І тут дзейнасьць Яна Сычэўскага, які хваліць кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнку, не зьяўляецца адзіным прыкладам.
Запозна ўжо таксама старацца зацікавіць Польшчу беларускай культурай зь іншай прычыны – уступленьня ў Эўразьвяз. Цяпер межы ўжо не зьяўляюцца вялікай перашкодай. Можна ладзіць беларускія народныя мерапрыемствы, але й так найлепшыя беларускія фольк- і рок-гурты выступаюць з канцэртамі ў Галяндыі ці Нямеччыне. Неўзабаве польская й беларуская культура апынуцца ў такой самай сытуацыі. Іронія лёсу палягае ў тым, што эўрапейская культурная палітыка засяроджваецца на рэгіяналізацыі, і беларусы могуць скарыстацца на гэтым.
Дагэтуль было так, што да беларускасьці мала хто хацеў прызнавацца. Недзе зьніклі беларускія інтэлельктуальныя эліты, пераўтварыліся ў польскія. Лявон Тарасэвіч спадзяецца, што можа паявіцца ў канцы канцоў нармальнае пакаленьне беларускай інтэлігенцыі, якая будзе такім партнэрам, як у даваенны час, напрыклад, Браніслаў Тарашкевіч. Спрыяла б гэтаму свабодная дзяржава.
Толькі ці Польшча зьяўляецца такой свабоднай дзяржавай? Свабодная дзяржава здолела б даць згоду на помнік, які ўшанаваў бы памяць невінаватых беларускіх фурманоў, што загінулі з рук нацыяналістычных польскіх партызанаў у 1946 годзе. Свабодная краіна ня думае безупынку пра арганізаваньне фэстываляў патрыятычнай музыкі й ,,крэсовай” паэзіі на землях, дзе жывуць таксама іншыя народы. Краіна, якая зьяўляецца свабоднай, не хвалюецца, калі нехта карыстацца словам „гаймат” і разумее, што назоў „крэсы” можа раніць ейных грамадзянаў іншай нацыянальнасьці, што для беларусаў, украінцаў ці летувісаў можа азначаць трактоўку іхных земляў як свайго роду калёніі.
Дык ці сапраўды Польшча зьяўляецца свабоднай краінай? – задумоўваецца на старонках „Gazety Wyborczej” Лявон Тарасэвіч.