Першы крок у напрамку прымірэньня – так камэнтатары назвалі ўрачыстасьці адзначэньня трагічных падзеяў, якія ў 1943 годзе адбыліся на Валыні. У адзначэньні афіцыйных угодак, якія прайшлі ва ўкраінскім гарадку Паўліўка, удзельнічалі прэзыдэнты Польшчы й Украіны Аляксанар Квасьнеўскі й Леанід Кучма. Дзень раней у заўзятых дыскусіях парлямэнты абедзьвюх краінаў прынялі аднолькавую пастанову, датычную тагачасных падзеяў. Справа пастановы выглядала больш складана ва ўкраінскім парлямэнце, хаця й у польскім шмат было галасоў незадавальненьня. Частка польскіх партыяў не згаджалася на тэкст, у якім у дачыненьні да чысткаў, зьдзейсьненых на валынскіх паляках, не было ўнесенае слова “генацыд”. Тым ня меней, у польскім парлямэнце пастанова была прынятая рашучай большасьцю галасоў, а ва ўкраінскім – перавагай аднаго. Згаданая дыспрапорцыя сьведчыць пра тое, як цяжка сучаснай палітыцы паставіцца да гістарычных падзеяў, што кідаюць цень на сучаснасьць. Палітыка залежыць ад бягучых справаў : выбарчых кампаніяў, канкрэтных палітычных інтарэсаў. Гэта было выразна відаць падчас парлямэнцкіх дэбатаў, якія ў большай ступені накіроўваліся да ўласнага грамадзтва, а не да суседа, зь якім трэба размаўляць пра чысткі на Валыні - фрагмэнт супольнай гісторыі.
Частка польскіх назіральнікаў, асабліва тых, якіх закранулі валынскія чысткі, успрыняла ўрачыстасьць у Паўліўцы са свайго роду незадавальненьнем. Яны чакалі, што ўкраінскі прэзыдэнт папросіць прабачэньня. Так ня сталася, хаця было сказана шмат іншых словаў, якія выражаюць жаль і спачуваньне. Многае сьведчыць пра тое, што прэзыдэнт Кучма ня мог сказаць больш, каб ня трапіць пад крытыку ўласнай грамадзкай думкі. Тагачасныя падзеі інакш ўспрымаюцца ў Польшчы, а інакш - ва Ўкраіне, якая цягам стагодзьдзяў не магла дабіцца незалежнасьці. Таму згаданае незадавальненьне часткі палякаў - гэта адмоўная зьява. Складаныя працэсы пачынаюцца малымі крокамі. Нядаўна палякі былі прымушаныя змагацца са справай злачынства ў Едвабнэ. Праўда пра гэтыя падзеі распаўсюджвалася з праблемамі шляхам дыскусіяў гісторыкаў і палітыкаў. Цяпер, калі пытаньне высьветлена - эмоцыі намнога меншыя.
На адзначэньне 60 гадавіны злачынства на Валыні ня можна глядзець выключна ў аспэкце польска-ўкраінскага прымірэньня, якое будзе працяглым працэсам. Згаданую падзею трэба ўспрымаць таксама як адукацыйны пералом для абедзьвюх нацыяў. Апытаньні, праведзеныя ў Польшчы, сьведчаць пра тое, што валынскія чысткі малавядомыя палякам. Цяпер памяць пра трагедыю нанава вяртаецца ў грамадзкую сьвядомасьць. Калі добрасуседзкія адносіны павінны абапірацца на праўду, тады можна сказаць, што гэта сапраўды пачатак дарогі да прымірэньня. Гаворка йдзе пра тое, каб адначасова размаўляць пра балючыя справы, памятаючы аб тым, што маладое ўкраінскае грамадзтва знаходзіцца ў іншай, чым польскае, псыхалягічнай сытуацыі. Таму, нягледзячы на памяць пра амаль 60 тысяч польскіх ахвяраў, гэта менавіта польскі бок павінен выказаць у гэтай справе больш цярплівасьці. Здаецца, што гэткая дмка паявілася падчас угодкаў нават сярод тых, каго валынская трагедыя закранула непасрэдна.
Яніна Парадоўска