Польскія навукоўцы зважылі зорку
Польскія навукоўцы, разам з калегамі з ЗША, Італіі ды Чылі, зважылі пульсацыйную зорку ў галяктыцы Вялікае Магеланавае воблака.
Пульсар зьяўляецца гэтак званай цэфэідай - пераменнай зоркай, а вызначэньне ейнай масы, якая цесна зьвязаная з актуальнай яскравасьцю зоркі, дазволіць вызначыць гэтак званыя ўзоры адлегласьці.
Вынікі дасьледаваньняў польскіх навукоўцаў публікуе навуковае прэстыжнае выданьне „Nature” ў апошнім нумары.
„Нашае адкрыцьцё дазваляе лепш зразумець аб’екты, якія зьяўляюцца аднымі з найважнейшых у космасе. Пры іхнай дапамозе вызначаюцца адлегласьці, тэстуюцца тэорыі эвалюцыі й пульсацыі. Таму поўнае зразуменьне складу згаданых аб’ектаў важнае з пункту гледжаньня многіх галінаў астраноміі - асабліва шкалы адлегласьцяў у космасе”, - заявіў прафэсар Гжэгаж Пятшыньскі з Астранамічнай абсэрваторыі Варшаўскага ўнівэрсытэту - галоўны аўтар працы, апублікаванай у выданьні „Nature”.
Японскі прафэсар стаў чальцом-карэспандэнтам PAN
Прафэсар Шунічы Амары зь Японіі, які праводзіць дасьледаваньні чалавечага мозгу, стаў адным з каля 200 замежных чальцоў Польскай акадэміі навук.
Урачыстасьць наданьня тытулу японскаму навукоўцы адбылася надоечы ў польскай амбасадзе ў Токіё.
Прафэсар Амары зь Дзяржаўнага інстытуту дасьледаваньняў Рыкэн (Riken) быў шматразова ўзнагароджаны прэстыжнымі міжнароднымі прэміямі за выключныя дасягненьні ў галіне дасьледаваньня працы чалавечага мозгу. Што цікава, у сваёй працы навуковец не карыстаецца традыцыйнымі прыладамі, паколькі ён зьяўляецца кіраўніком лябараторыі матэматычных мадэляў мозгу і ў рабоце стараецца апрацаваць матэматычную тэорыю працы мозгу чалавека.
Апрацаваная лябараторыяй тэорыя нэўронавых спалучэньняў была выкарыстаная ў сыстэме навігацыі робатаў.
Дасьледаваньні японскага прафэсара далі пачатак гэтак званай ізаляцыі сьляпых сыгналаў. Прафэсар Амары й ягоны калега прафэсар Анджэй Ціхоцкі з Варшаўскага палітэхнічнага ўнівэрсытэту зьяўляюцца суаўтарамі ангельскамоўнага падручніка па правядзеньні такога роду ізаляцыі й аналізу.
Японскі навуковец пабываў у Польшчы некалькі разоў. Дзякуючы ягонай зычлівасьці над дасьледаваньнем мозгу ў інстытуце Рыкэн працавалі ўжо 15 польскіх навукоўцаў.
Ахоўваць тыграў
Сусьветныя эколягі хочуць удвая павялічыць колькасьць тыграў, якія жывуць на свабодзе.
Над аховай згаданага віду на мінулым тыдні ў Пецярбургу дэбатавалі экспэрты з больш чым 10 краінаў сьвету.
У натуральных умовах на сьвеце жыве ня больш, чым 3 тысячы тыграў - гэта на 40% менш, чым яшчэ 10 гадоў таму.
Эколягі непакояцца, што некаторыя групы згаданых зьвяроў могуць зьнікнуць да 2030 году.
Саміт Міжнароднага форуму аховы тыграў быў настолькі сур’ёзнай падзеяй, што ўдзельнічалі ў ім 5 прэм’ер-міністраў, у тым ліку Ўладзімер Пуцін.
Удзельнікі сустрэчы хочуць, каб колькасьць тыграў на свабодзе вырасла да 6 тысячаў цягам бліжэйшых 12 гадоў. Паводле экспэртаў, для дасягненьня згаданай мэты неабходна ахоўваць натуральныя месцы пражываньня тыграў, змагацца з браканьерствам і выдзеліць адпаведныя фінансавыя сродкі.
Ствалавыя клеткі ды рэгенэрацыя мозгу
Ствалавыя клеткі могуць дапамагчы людзям, якія прайшлі інсульт. Першая такога роду тэрапія пачалася ў Вялікабрытаніі.
Лекары з Southern General Hospital у горадзе Глазга імплянтавалі ствалавыя клеткі ў мозг старэйшага мужчыны. Згодна з плянам, клеткі павінны пераўтварыцца ў нэйроны й дапамагчы ў рэгенэрацыі мозгу. Доза клеткаў была невялікая, а пасьля апэрыцыі пацыент быў выпісаны дамоў. Калі тэрапія акажацца бясьпечнай, з часам колькасьць імплянтаваных пацыенту клеткаў можна павялічыцца.
У ацэнцы лекараў, гэта адзіны мэтад на паляпшэньне стану людзей, якім не дапамагла традыцыйная рэабілітацыя. Цягам будучага году падобную апэрацыю пройдзе 12 чарговых пацыентаў – галоўным чынам мужчынаў ва ўзросьце пасьля 60 гадоў. Тэрапія выклікае пэўныя этычныя сумневы, паколькі выкарыстаныя для імплянтацыі ствалавыя клеткі паходзілі з чалавечых эмбрыёнаў.
Брытанскія спэцыялісты падкрэсьліваюць, што яны дзейнічаюць згодна з законамі.
А.З.
Здымкі: pl.wikipedia.org