Расейская прэса ўжо другі дзень шырока апісвае прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. Газэты засяроджваюць увагу на выкарыстаньні сілы супраць апазыцыі і ўдзельнікаў пратэсту.
Урадавая „Росийская газета” піша, што замест вынікаў апытаньня экзіт-полу Лукашэнка падараваў сваім грамадзянам „экзэкуцыю-пол”. Побач з артыкулам зьмешчаны здымак, на якім міліцыянт з дубінкаю гоніць удзельніка дэманстрацыі.
У падобным стылі выбары камэнтуе „Коммерсант”. Выданьне піша, што Аляксандар Лукашэнка правёў найбольш жорсткія выбары. Газэта зазначае, што Лукашэнка ўзурпаваў сабе права „біць і быць абраным”.
У сваю чаргу „Независимая газета” апісвае падзеі ў Менску як „бунт супраць айчыма”. Выданьне аднак сьцьвярджае, што ў Беларусі рэвалюцыя не пачалася. „Ніякай рэвалюцыі ня будзе, пакуль міліцыя гатовая абараняць улады й біць суграмадзян”, - канстатуе „Независимая газета”.