У Росіцы ўшанавалі памяць бласлаўлёных мучанікаў

У суботу ў Росіцы ў Віцебскай вобласьці айцы марыяне зь менскай парафіі Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі адзначалі дзень успаміну бласлаўлёных мучанікаў беларускай зямлі - ксяндзоў Юрыя Кашыры й Антонія Ляшчэвіча.

У лютым 1943 г. кс. Антоні Ляшчэвіч і кс. Юры Кашыра добраахвотна ахвяравалі сваё жыцьцё зь любові да бліжняга й былі спалены ў Росіцы фашысцкімі акупантамі разам з католікамі й праваслаўнымі з навакольных вёсак.

У 1999 г. Папа Ян Павал ІІ абвясьціў росіцкіх мучанікаў бласлаўлёнымі.

Catholic.by/аз

Стартаваў сайт radiokatolickie.pl

На бягучым тыдні афіцыйна стартаваў сайт radiokatolickie.pl. Праект зьяўляецца вынікам супрацы незалежных каталіцкіх радыёстанцыяў у Польшчы.

Пакуль на старонцы прэзэнтуецца 8 радыёстанцыяў, але стваральнікі старонкі спадзяюцца, што неўзабаве іхная колькасьць павялічыцца.

Мэтай узьнікненьня старонкі зьяўляецца інфармаваньне пра падзеі, якія адбываюцца ў розных рэгёнах Польшчы, а таксама пра розныя ініцыятывы Касьцёла.

„Апрача таго, мы хочам паказаць, што, нягледзячы на тое, што паасобныя радыёстанцыі розныя, індывідуальныя й незалежныя, яны аднак павінны паміж сабой супрацоўнічаць”, - заявілі заснавальнікі старонкі radiokatolickie.pl.

У прыватнасьці, аўтарам ідэі зьяўляецца кс. Славамір Капітан, дырэктар Каталіцкага радыё Падляшша ды парталу Podlasie24.pl

КАІ/аз

Амаль 3 тысячы эўра за гадзіньнік кардынала Дзівіша

10 тысячаў 900 злотых (амаль 2 тысячы 800 эўра) – за такую суму падчас аўкцыёну ў інтэрнэце прададзены гадзіньнік кардынала Станіслава Дзівіша.

Атрыманыя грошы будуць прызначаныя на дабрачынную мэту, у прыватнасьці, яны будуць пералічаныя на рахунак хлопчыка Міхалэка зь мясцовасьці Бабіцэ каля Кракава.

Хлопчык нарадзіўся два тыдні таму ў Мюнхэнскай клініцы, у яго толькі адна камора сэрца. Каб выжыць, Міхалэк павінен прайсьці некалькі складаных і дарагіх апэрацыяў.

Аукцыён працягваўся два тыдні, а стартавая цана гадзіньніка складала 2 тысячы злотых (прыкладна 500 эўра). Гэта няшмат, як за залаты швайцарскі гадзіньнік, які кракаўскі мітрапаліт атрымаў з нагоды свайго інгрэсу ў 2005 годзе. Гадзіньнік купіў жыхар гораду Новы Сонч, які хоча застацца ананімным.

Малы Міхалэк прайшоў першую апэрацыю тыдзень таму. Пакуль што лекары з асьцярожнасьцю выказваюцца пра стан здароўя хлопчыка.

аз

Спрэчка касьцёла з музэем з-за гістарычных помнікаў

Гданьскі арцыбіскуп Славай Лешэк Глудзь лічыць, што Нацыянальны музэй у Варшаве ня толькі не павінен патрабаваць ад Марыяцкай базылікі ў Гданьску помнікаў мастацтва, але аддаць касьцёлу іншыя мастацкія творы, якія мае ў сваіх фондах.

Паводле ерарха, згаданыя шэдэўры мастацтва паўсталі на Памор'і, і тут жа павінны быць.

Славай Лешэк Глудзь: Гэта былі шэдэўры, забраныя й вывезеныя ў Варшаву. Калі яны (музэйнікі) ужо закранулі ўсю справу, дык тады мы патрабуем таксама вяртаньня іншых каштоўнасьцяў. Іншая справа, што Касьцёл ня будзе размаўляць з дырэктаркай музэч, бо яна не зьяўляецца партнэрам для перамоваў. Партнэрам Касьцёла зьяўляецца міністар культуры й нацыянальнай спадчыны. Дырэктарка музэч хай зоймецца экспанатамі, якіх дастаткова ў фондах свайго музэч.

Спрэчка паміж Нацыянальным музэем і Гданьскай базылікай датычыць выключных у маштабе Эўропы шэдэўраў. Гаворка ідзе, між іншым, пра дошкі зь Дзесяцьцю запаведзямі, скульптуру Прыгожай Мадонны з 1410 году, алтары, скрыні й падсьвечнікі.

На пачатку 90-х гадоў усе згаданыя прадметы ад Нацыянальнага музэя ў Варшаве пазычыла Марыяцкая базыліка ў Гданьску. Цяпер базыліка адмовілася вяртаць іх музэйнай установе.
 
Надоечы міністар культуры стараўся суцішыць эмоцыі вакол усёй справы, зазначаючы, што ані ведамства, ані музэй ня хочуць адабраць гістарычныя помнікі ў базылікі. 

аз
 
Палякі разьвіталіся з арцыбіскупам Жыціньскім

У суботу ў Любліне прайшлі ўрачыстыя паховіны арцыбіскупа Юзэфа Жыціньскага, у якіх удзельнічалі найважнейшыя дзяржаўныя асобы, у тым ліку прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі, ерархі касьцёла й тысячы вернікаў.

Над труной арцыбіскупа маліліся ня толькі каталікі, але таксама прадстаўнікі іншых веравызнаньняў, у тым ліку рабін і імам.

За Юзэфа Жыціньскага маліліся, між іншым, Галоўны рабін Польшчы Міхаэль Шудрых і імам Нідаль Абу Табак.

Арцыбіскуп Жыціньскі быў чальцом Супольнай рабочай групы (Joint Working Group) Каталіцкага касьцёла й Сусьветнай рады касьцёлаў, многіх дыскусійных групаў, якія працавалі над бліжэйшым супрацоўніцтвам хрысьціянскіх веравызнаньняў. Ён быў таксама вельмі зычлівы ў дачыненьні да дыялёгу між рэлігіямі.

Арцыбіскуп Жыціньскі быў пахаваны ў крыпце люблінскага архікатэдральнага касьцёла. 

аз

Бэнэдыкт XVІ сустрэўся з прэзыдэнтам Расеі

У рамках свайго афіцыйнага візыту ў Італію прэзыдэнт Расеі наведаў Ватыкан і сустрэўся са Сьвятым Айцом Бэнэдыктам XVІ.

Дзьмітры Мядзведзеў пабываў у Італіі на запрашэньне прэзыдэнта згаданай краіны Джорджа Напалітана з нагоды адкрыцьця Году расейскай культуры й мовы ў Італіі ды Году італьянскай культуры й мовы ў Расеі.

Падрыхтавала Анна Задрожна