• Рашэньне па крэдыце для Беларусі з фонду ЭўрАзэс плянуецца прыняць 4 чэрвеня
  • 20.05.2011

Два апошнія гады сталі пераломным момантам у працэсе інтэграцыі паміж былымі савецкімі рэпублікамі, заявіў у Менску Ўладзімер Пуцін на паседжаньні прэм’ер-міністраў краін ЭўрАзЭС і СНД.

Уладзімер Пуцін: Я вельмі добра памятаю, як мы размаўлялі, размаўлялі й практычна нічога не адбывалася. На сёньняшні дзень сытуацыя якасна зьмянілася.

Гаворачы пра паскарэньне інтэграцыйных працэсаў, Пуцін меў на ўвазе стварэньне Мытнага зьвязу Расеі, Беларусі й Казахстану. Расейскі прэм’ер запрасіў далучыцца да гэтай структуры іншыя былыя савецкія рэспублікі.

Падчас паседжаньня беларускі прэм’ер Міхаіл Мясьніковіч падзякаваў Пуціну за дапамогу ў атрыманьні крэдыту, на які Беларусь чакае з антыкрызыснага фону ЭўрАзЭС.

 
Міхаіл Мясьніковіч: Мы ўпэўненыя, што ў хуткім часе Беларусь выйдзе на рэальны курс нацыянальнай валюты на аснове попыту й прапановы, ачышчаных ад спэкуляцыйных дэвальвацыйных чаканьняў.

Аднак Мясьніковіч не ўдакладніў, якім мае быць рэальны курс беларускага рубля.

Рашэньне па справе выдзяленьня Беларусі крэдыту ў памеры каля 3 мільярдаў даляраў з тэрмінам сплаты на тры гады павінна быць прынятае 4 чэрвеня.

Тым часам галоўны эканаміст Эўрапейскага банку рэканструкцыі й развіцьця Эрык Бэрглаф выказаў сумнеў адносна таго, што СНД і Расея змогуць аказаць дастатковую фінансавую падтрымку Беларусі для вырашэньня яе праблем. Пра гэта экспэрт заявіў сёньня ў Астане падчас штогадовага паседжаньня рады кіраўнікоў ЭБРР.

Было б ілюзорным лічыць, што ўліваньне дадатковых сродкаў у эканоміку Беларусі зьменіць яе фундамэнтальныя праблемы,” — заявіў Бэрглаф.  “Трэба прынцыпова мяняць падыход да эканомікі і ўносіць зьмены ў палітычную сыстэму,” — лічыць галоўны эканаміст ЭБРР.

кр/ ПР