• Адкладваюцца суды над кіроўцамі, затрыманымі ў “Брузгах”
  • 13.06.2011

Суды над затрыманымі ўчора на памежным пераходзе “Брузгі” кіроўцамі адкладваюцца. Затрыманыя  падчас страйку 15 чалавек пачакаюць на разгляд сваіх справаў, паколькі сёньня  ў Гарадзенскім раённым судзе няма ніводнага судзьдзі, усе яны знаходзяцца на розных выязных паседжаньнях.

Учора ў Брузгах АМАП разагнаў акцыю пратэсту. Інцыдэнт распачаўся прыкладна а 18 гадзіне. Паводле інфармацыі відавочцаў, супрацоўнікі беларускай мытні не выпускалі на тэрыторыю Польшчы кіроўцаў, якія выязджалі туды другі дзень запар. Падставай для такіх дзеяньняў сталі пастановы ўраду пра абмежаваньне й забарону вывазу за мяжу аўтамабільнага паліва й некаторых спажывецкіх тавараў.

Каля сотні вадзіцеляў, якія пратэставалі супраць новых правілаў, перакрылі дарогу на памежным пераходзе. На месца інцыдэнту прыбылі байцы міліцэйскага спэцназу. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у Брузгі прыязджаў кіраўнік Гарадзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра, які выслухаў прэтэнзіі мітынгоўцаў і папярэдзіў іх пра адказнасць.

Незадаволеныя кіроўцы былі разагнаныя толькі пасьля прымяненьня сьлезаточнага газу. 15 чалавек затрыманыя. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, яны знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня Горадні, дзе чакаюць суду.


кр/вясна