Менскі гарадзкі суд разглядае касацыйныя скаргі на прысуды, вынесеныя экс-кандыдатам у прэзыдэнты Мікалаю Статкевічу й Дзьмітрыю Вусу, а таксама яшчэ 8 асуджаным па справе 19 сьнежня – перадае агенцтва БелаПАН.
Судовая калегія пад кіраўніцтвам Сяргея Хрыпача разглядае скаргі на прысуд Мікалаю Статкевічу, Дзьмітрыю Вусу, Аляксандру Класкоўскаму, Арцёму Грыбкову, Аляксандру Квяткевічу, Дзьмітрыю Буланаву й Андрэю Пазьняку.
Усе яны акрамя Андрэя Пазьняка атрымалі доўгія турэмныя тэрміны. Былыя кандыдаты ў прэзыдэнты Мікалай Статкевіч і Дзьмітры Вус былі прысуджаныя да 6 і 5,5 гадоў турмы. Саміх асуджаных на разглядзе скаргаў няма. Судовая калегія адхіліла просьбу Дзьмітрыя Вуса прысутнічаць на паседжаньні.
У іншым зале Менскага гарадзкога суду адбываецца разгляд скаргаў Ірыны Халіп і Сяргея Марцалева, якіх прысудзілі да пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай, а таксама Паўла Севярынца, прысуджанага да трох гадоў абмежаваньня волі.
За працэсамі назіраюць праваабаронцы й замежныя дыпляматы – паведамляе агенцтва БелаПАН.
БелаПАН-ап