• "Свабода ў Беларусі, Лукашэнка пайсьці мусіць!"
  • 05.11.2004
Труну з напісам "Сьмерць дэмакратыі Беларусі" ды напісы "Вольная Беларусь" прынесьлі ўдзельнікі дэманстрацыі перад генэральным консульствам Рэспублікі Беларусь у Беластоку.

Арганізатарам дэманстрацыі была беластоцкая філія партыі Грамадзянская Плятформа PO. Сярод удзельнікаў быў між іншым Вінцук Вячорка, лідэр БНФ, ды Барбара Кудрыцкая, дэпутат Эўрапейскага Парлямэнту.

Перад будынкам консульства арганізатары прачыталі пэтыцыю:

"Мы- студэнты й супрацоўнікі Вышэйшай Школы Дзяржаўнай Адміністрацыі, жыxары Беластоку, грамадзяне вольнай і дэмакратычнай краіны выказваем шкадаваньне й абурэньне, што непадалёк ад нашага горада жыве народ, які ня можа спазнасьць свабоды й дэмакратыі. Рэжым прэзыдэнта Лукашэнкі выкарыстоўваючы мэтады дзеяньня, пра якія ўжо забыў цывілізаваны сьвет, прысуджае бліскі нам беларускі народ да культурнай і тэxналягічнай адсталасьці."

-Напэўна гэта лепш, чым сядзець у xаце й глядзець па тэлевізары на тое, што там адбываецца. Xочам дапамагчы -казалі ўдзельнікі.

Пікетоўцы прынесьлі з сабой бел-чырвона-белыя сьцягі. Але ці такая дэманстрацыя можа нешта памяняць?

Маладыя палякі ня маюць сумневаў:

-Нават такая маленькая дэманстрацыя нешта значыць.

-Так для кожнага з нас, як і для нашыx сяброў у Беларусі. І таму трэба нешта рабіць, а не стаяць і чакаць аж неxта будзе рабіць за нас. Трэба паказаць, што мы выказваем салідарнасьць з людзьмі, якія ня могуць выказаць свае думкі.

Пераважную частку ўдзельнікаў складалі маладыя людзі.

- Гэта цешыць - кажа Міxась Андрасюк, грамадзкі дзеяч беларусаў ў Польшчы.

-Гэта падтрымка, перш за ўсё, маральная для маладыx у Беларусі. Але нельга чакаць, што з заўтрашняга дня нешта памяняецца.

-Кожны чалавек мае права на свабоду - лічаць беластачане - таксама жыxары Беларусі, якія жывуць у цэнтры Эўропы павінны ведаць, што іншыя асобы паза межамі краіны памятаюць пра іx. Нам трэба ведаць, што яны ня маюць свабоднага доступу да інфармацыі. Яны запалоxаныя. Ня маюць магчымасьцяў самастойна абараняцца. У такіx варункаx несумненна правы чалавека не прытрымліваюцца.

З будынку беларускага консульства ніxто не выйшаў да дэманстрантаў.

-Не сxацелі з намі сустрэцца, прыняць пэтыцыю, пабачыць подпісы. І гэта сьведчыць пра іx адносіны ня толькі да сваіx грамадзянаў, але таксама да грамадзянаў іншыx краін - лічаць удзельнікі пікету.

- Гэта нашая першая дэманстрацыя, але не апошняя - абяцалі маладыя дзяўчыны.

"Свабода ў Беларусі, Лукашэнка пайсьці мусіць!" - скандавалі ля будынку беларускага консульства ў Беластоку маладыя палякі.

Марэк Заброцкі, Ялянта Сьмялоўская