Найбольш складана стварыць плян заняткаў – чытаем у дадатку цэнтрысцкага выданьня “Gazeta Wyborcza”.
“Спадарыня Людміла павінна пасьпець з будынку па вуліцы В., дзе яна вядзе заняткі з другім клясам, у будынак па вуліцы Б., дзе на заняткі чакае чацьвёрты кляс. Гэта шэсьць прыпынкаў мэтро – паўгорада. Недзе па дарозе спадарыня Людміла мінецца са спадарыняй Дзінай – настаўніцай хіміі, якая ў сумачцы вязе слоік саляной кіслаты, каб паказаць вучням другога клясу, як рэагуе лякмусавая паперка. Пра больш складаныя хімічныя экспэрымэнты цяжка нават марыць у канспірацыі. Плястычныя заняткі, як звычайна, адбудуцца ў ПЭН Клюбе. Ну, і трэба некуды пераехаць з кампутарнай майстэрняй, бо пападзе ў рукі міліцыі.
Паўтара году таму беларускі прэзыдэнт ліквідаваў адзіны ў Беларусі ліцэй зь беларускай мовай навучаньня. У Гуманітарным Ліцэі імя Якуба Коласа ўсё было на беларускай мове, нават спартыўныя заняткі. Школа дзейнічала 13 гадоў. Пасьля ейнай ліквідацыі вучні былі прыпісаныя да іншых школаў, але большасьць адмовілася. Цяпер яны вучацца ў нелегальным, падпольным ліцэі. 100 вучняў, 8 клясаў, 15 настаўнікаў і 18 іншых, якія ў кансьпірацыйным ліцэі вучаць пасьля сваёй афіцыйнай працы” – піша аўтар артыкулу Зьдзіслаў Вальняровіч.
У гэтыя вакацыі, калі быў выдадзены загад аб ліквідацыі школы, ніхто з вучняў не паехаў на адпачынак. Бацькі акупавалі будынак, сабралі каля 10 тысячаў подпісаў супраціву адносна рашэньня аб ліквідацыі ліцэя, але чыноўнікі нават не хацелі ўзяць ад іх сьпісу. Дзеці сьпявалі песьні, што яны кахаюць ліцэй, пісалі дэклярацыі на тратуары – міліцыя не дала ім рады. Тады функцыянэры АМАП-у вынесьлі акупантаў, а ў будынак увайшла рамонтная каманда. Выкінулі вокны, маўляў, рамонт, і далей нічога не зрабілі”(...)
Вучні падпольнага ліцэя добра ведаюць замежныя мовы, па-беларуску не праклінаюць з пашаны для роднай мовы. Яны сардэчныя, начытаныя, бяз комплексаў – выглядаюць, як іх польскія калегі. Ёсьць толькі адна проблема, калі гаворыш “добры дзень”, а не “здравствуйте”, тады ў вачох улады ты ўжо вінаваты. Праблемай зьяўляецца таксама пытаньне, на якой мове здаваць уступныя экзамены: па-расейску, ці па-беларуску, але тады меншыя шанцы. У мінулым годзе ўсе выпускнікі апынуліся ў ВНУ. Частка зь іх вучыцца ў Польшчы, Чэхіі , Нямеччыне ці Летуве.
“У беларускім унівэрсытэце 50% гэта ідэялёгія, якая разбурае спосаб мысьленьня нашых дзяцей. Можа тады добра, што яны вучацца за мяжою” – задумоўваецца дырэктар ліцэя Лявон Баршчэўскі ў размове са Зьдзіславам Вальняровічам, аўтарам артыкулу пад назовам “Урок сакрэтнай мовы”, які зьмешчаны ў дадатку цэнтрысцкага выданьня “Gazeta Wyborcza”.