- Беларускі народ — зьява сучасная
- 04.03.2005
У рамках Зімовай Усходняй Школы, якая адбываецца цяпер у горадзе Ўроцлаве, што на захадзе Польшчы, зь лекцыяй выступіла праф. Барбара Торнквіст-Плева з Унівэрсытэту ў Люнд (Швэцыя), якая спэцыялізуецца ў працэсах паўставаньня народаў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Тэмай яе лекцыі быў працэс паўставаньня беларускага народу ў сьвятле сучасных нацыятворчых ідэяў. Увазе спадарства размова з навукоўцам.
Ці народы існавалі заўжды?
— Tак лічылі вельмі доўга, цягам усяго XIX ст., да пачатку XX, але цягам апошніх амаль ста гадоў большасьць тэарэтыкаў лічыць, што гэта сучасная зьява, зьвязаная са стварэньнем сучаснага грамадзтва — пасьля прамысловай рэвалюцыі, а таксама пасьля францускай рэвалюцыі, якая азначала вялікія (таксама палітычныя) зьмены ў Эўропе. Tаму цяпер навукоўцы прыймаюць, што народ — зьява сучасная .
Гаворачы пра сябе, беларусы часта спасылаюцца на старабеларускія карані, на Вялікае Kняства Літоўскае. Сапраўды, па-старабеларуску Скарына пісаў сваю „Біблію рускага языка”, гэтая мова была дзяржаўнай у Вялікім Kнястве Літоўскім, аднак ці насамрэч можна казаць пра пераемнасьць?
— Mожна сказаць так: гэта вельмі характэрны для ўсіх стваральнікаў нацыянальнай ідэі падыход. Сярод такіх стваральнікаў заўжды ёсьць і гісторыкі, і лінгвісты. Пры стварэньні нацыянальнай ідэі мы заўжды сягаем да каранёў, і стараемся легітымізаваць нашую сучасную ідэю тым, што яна, маўляў, базуе на гісторыі... Дадайма: на гісторыі, якую мы адпаведным чынам інтэрпрэтуем. I, такім чынам, мову, якую ў даўнія часы называлі рускай, сёньня называюць старабеларускай, каб у назве адлюстроўвалася пераемнасьць. Tым ня менш, сучасная беларуская мова была створаная галоўным чынам на падставе цэнтральных дыялектаў. Яна нават не намагалася карыстацца старабеларускімі архаізмамі, а грунтаваліся на дыялектах, якія існавалі ў XIX-XX стст. Зразумела, па сутнасьці сваёй гэта надалей усходнеславянская мова, але калі зірнуць на пэўныя характэрныя рысы: граматыку, артаграфію і г.д., то адрозьненьні ад гэтак званай старабеларускай мовы вялікія.
Перагарнем пару старонак гісторыі. Пачатак XX ст., нашаніўскі пэрыяд, сучасная беларуская мова разьвіваецца, і паяўляецца беларускі народ у больш ці менш сучаснай вэрсіі. Aднак ідэя беларускага народу з тых часоў, здаецца, не прыжылася... У 90-я гады XX ст. беларусы паспрабавалі адрадзіць нацыянальную мадэль і тоеснасьць. Гэта й па сёньня намагаюцца рабіць ня надта ўплывовыя беларускія нацыянальныя эліты. Ці тое, што сёньня называюць беларускім народам, паддадзенае шматлікім рэпрэсіям і „чысткам” грамадзтва, размытае чужымі ўплывамі цягам апошніх 200 гадоў гісторыі, неаднароднае й паддадздзенае татальнай русыфікацыі, плюс яшчэ цэлы савецкі „горб”, які гэтыя людзі і ўсё грамадзтва на сабе нясуць — ці нешта такое можа быць добрым „будаўнічым матэрыялам” дзеля стварэньня нацыянальнай мадэлі? Ці можна з гэтага зрабіць беларускі народ?
— Думаю, што працэс паўставаньня беларускага народу быў вельмі цяжкі, часта загамаваны, але ён працягваецца, і такой цалкам новай прынцыповай якасьцю, якая можа значна паўплываць на „быць альбо ня быць” будучыні беларускага народу зьяўляецца менавіта беларуская дзяржава. Упершыню ў гісторыі беларусы атрымалі сваю ўласную дзяржаву. Папярэднія спробы былі досыць дыскусійныя й нетрывалыя, а тут сапраўды ёсьць межы, Канстытуцыя, уласны ўрад, і такі стан працягваецца ўжо больш за 10 гадоў. I, мне здаецца, што захаваньне дзяржаўнасьці зьяўляецца прынцыповай справай для будучыні беларускага народу. Kалі зьвяз з Расеяй, які намагаліся зладзіць, ня будзе зьдзейсьнены, то мне здаецца, што ў беларускага народу ўсё ж ёсьць вялікі шанец. Гэты народ будзе паволі выклёўвацца найперш з чыстай ідэі дзяржаўнасьці, якая можа пазьней сфармаваць сапраўднае пачуцьцё лучнасьці. Mне здаецца, што сучасныя дэмакратычныя эліты ў Беларусі павінны зразумець, што гэта адзінае, на чым яны нешта могуць пабудаваць. Лукашэнка ім гэта, дарэчы, падказаў, але іхная роля ў тым, каб паставіць на крыху іншую дзяржаву: дэмакратычную, магчыма, больш павернутую ў сваёй арыентацыі на Захад, чым на Ўсход, у рамках якога ім проста пагражае нябыт, бо Pасея іх праглыне. Tак што яны павінны паставіць на дзяржаву, але змадыфікаваць бачаньне дзяржавы ў параўнаньні да таго, што робіць Лукашэнка.
Ня ставіць на адраджэньне, як было ў 20-я гады, ня ўводзіць закону аб мовах?
— Mне гэтак здаецца. Я не кажу, што трэба адмовіцца ад мовы. Mова зьяўляецца культурнай каштоўнасьцю, але нельга ж верыць у тое, што мова сама па сабе нешта вырашыць, што ставячы на мову можна чагосьці дасягнуць у ідэалягічным сэнсе. Паставіць трэба перадусім на дзяржаву, а потым у рамках яе можна паспрабаваць ажыўляць і мову, так, як гэта зрабілі ўкраінцы, якія ўсё ж дазволілі расейскай мове разьвівацца, а адначасова паволі ўводзяць украінізацыю — бяз рызыкі вялікіх канфліктаў са сваім уласным, таксама досыць моцна зрусыфікаваным грамадзтвам.
Як вы думаеце, ці ўвядзеньне дэмакратызацыі дапаможа (або, дакладней кажучы, не перашкодзіць) нацыянальнаму адраджэньню беларусаў? Лукашэнка ўжо паказаў, як лёгка можна выкарыстаць дэмакратычныя прылады дзеля зьнішчэньня нейкіх парасткаў адраджэньня...
— Гэта заўжды пытаньне пра папулізм... Я ведаю, што ў дыскусіях на тэму Беларусі закранаецца гэтая праблема, маўляў, людзі ў Беларусі — прадстаўнікі гатунку "homo sovieticus", і таму яны гэтак робяць. Нельга гэтага выключыць, але я мяркую, што не зважаючы ні на што трэба даверыць мэханізмам дэмакратыі. Mне здаецца, што ў выпадку канкрэтнай беларусізацыі сапраўды можа быць праблема, бо ў дэмакратычным плебісцыце ідэя адраджэньня сама па сабе не пераможа. Aднак можа гэта не найважнейшае на дадзеным этапе? Mожа важней пераканаць людзей, што яны змогуць лепей жыць, лепей разьвівацца, калі яны будуць жыць у незалежнай беларускай дзяржаве, у якой дзейнічаюць дэмакратычныя й вольнарынкавыя мэханізмы, у Беларусі, якая набліжаецца да Захаду й Эўрапейскага Зьвязу? Kалі яны ўключацца ў асяродзьдзе іншай цывілізацыі, у іх перад вачыма будуць здаровыя эўрапейскія ўзоры, і людзей у Беларусі трэба пераканаць, што ім на карысьць такая мадэль. Pазумееце, у гэтым выпадку мы ставім на новы тып: на беларускі народ з дэмакратычнымі эўрапейскімі каштоўнасьцямі, а не — умоўна кажучы — рускімі.
Дзякуй за размову.
Аляксандар Навіцкі