• Віцэ-старшыня СПБ арыштаваны
  • 11.03.2005
За два дні да зьезду Саюзу Палякаў у Беларусі быў арыштаваны ягоны віцэ-старшыня Юзэф Пажэцкі. Паведамляе пра справу аўтарытэтнае выданьне "Rzeczpospolita". Пажэцкі зьяўляецца галоўным канкурэнтам актуальнага старшыні арганізацыі Тадэвуша Кручкоўскага. З-пад арышту ён будзе звольнены ўжо пасьля заканчэньня зьезду.

Пажэцкі быў прысуджаны ў лютым на 10 дзён арышту за тое, што ўдарыў Кручкоўскага. Ён не паявіўся ў судзе, таму атрымаў такі прысуд. Сам Пажэцкі кажа, што нічога ня ведаў пра судовае паседжаньне. Учора раніцай у сядзібе СПБ паявіўся афіцэр міліцыі й арыштаваў віцэ-старшыню.

Затрыманы кіраўнік ня зможа ўдзельнічаць у зьезьдзе Саюзу, які заплянаваны на суботу ды нядзелю. А сустрэча будзе вельмі важнай падзеяй для найбольшай арганізацыі палякаў Беларусі. У Саюзе назіраецца вельмі глыбокі крызыс, выкліканы канфліктам паміж Пажэцкім, групай чальцоў галоўнай управы ды Кручкоўскім. Гэтак званая група Пажэцкага аб’явіла, што адсоўвае старшыню Кручкоўскага ад выкананьня ягоных абавязкаў у выніку пастаўленых яму абвінавачваньняў – а гэта, у прыватнасьці, абвінавачваньне ў сэксуальным выкарыстоўваньні ягонай студэнткі. Старшыня аспрэчыў гэтае рашэньне, не прызнала яго сапраўдным таксама Міністэрства Юстыцыі, якое вынесла ўладам СПБ папярэджаньне, што чарговае спрэчнае са статутам арганізацыі рашэньне можа давесьці да роспуску Саюзу.

Погляды на гэтую справу ўнутры Саюзу вельмі розныя. “Пажэцкі, які намераваўся адхіліць Кручкоўскага ад ягоных абавязкаў, парушыў статут арганізацыі, і пашкодзіў такім чынам Саюзу" – сказаў газэце "Rzeczpospolita" адзін зь дзеячоў Саюзу. У сваю чаргу першы старшыня СПБ Тадэвуш Гавін выказвае зусім іншае меркаваньне. ”Я ведаю Пажэцкага шмат гадоў і ня веру, каб ён некага ўдарыў – сказаў ён, – а ўлады, прымаючы рашэньне пра арыштаваньне Пажэцкага, паказалі, каго яны падтрымліваюць”. Гавін здаўна змагаецца з Кручкоўскім, а Пажэцкі да нядаўняга часу быў на баку Кручкоўскага.

Барацьба за кіраваньне Саюзам Палякаў мае розныя падставы. Адна зь іх – гэта тое, што кіраўнік гэтай арганізацыі зьяўляецца ўплывовай асобай, якая прымае рашэньні пра выдаткаваньне немалых сродкаў з Польшчы, дае таксама шмат працоўных месцаў.
Саюз Палякаў дзейнічае ў вельмі складаных умовах беларускай дзяржавы – дадае камэнтатар штодзёнкі "Rzeczpospolita". Улады краіны неахвотна згаджаюцца, каб недзяржаўныя арганізацыі актыўна дзейнічалі й мелі вялікі ўплыў на грамадзянаў. А СПБ гэта галоўная арганізацыя палякаў, якіх у Беларусі налічваецца ад 400 тысяч – гэта афіцыйныя дадзеныя – нават да аднаго мільёна чалавек.

"Gazeta Wyborcza" таксама згадвае справу канфлікту ўнутры СПБ. Яна больша падрабязна піша пра прычыны арышту Юзэфа Пажэцкага. У сярэдзіне студзеня адбылася вострая размова паміж старшынём ды ягоным намесьнікам. Яна прайшла за зачыненымі дзьвярыма, а Кручкоўскі выйшаў з сустрэчы з падбітым вокам. Абодва бакі згаджаюцца, што размова была вострая, але Пажэцкі не прызнае сваёй віны. Няма сьведкаў, таму цяжка даказаць віну віцэ-старшыні. Штодзёнка задумоўваецца таксама, чаму беларускія ўлады вырашылі ўмяшацца ў канфлікт. Справа ў тым, што Юзэф Пажэцкі выказваецца за тое, каб актыўна супрацоўнічаць зь беларускай апазыцыяй, а Тадэвуш Кручкоўскі мяркуе, што СПБ павінен застацца нэйтральнай арганізацыяй. На думку ягоных апанэнтаў, апалітычнасьць азначае падпарадкаваньне міліцыі ды спэцслужбам дзяржавы.