• Ці палякі інакш зірнуць на Беларусь?
  • 21.03.2005
"Gazeta Wyborcza" піша, што Беларусь намераная зьмяніць свой вобраз у польскіх мас-мэдыя. Амбасадар езьдзіць па краіне ды сустракаецца з журналістамі, а неўзабаве наладзіць сэрыю эканамічных ды культурных выставаў.

Паўла Латушку, амбасадара Беларусі ў Польшчы, цяжка застаць у Варшаве. Мінулы тыдзень ён правёў у розных польскіх гарадох, дзе сустракаўся з журналістамі, прадстаўнікамі мясцовых уладаў ды бізнэсмэнамі. Падчас сустрэчаў распавядаў пра добрасуседзкія стасункі Беларусі з Польшчай, супольныя гістарычныя карані ды пасьпяховае супрацоўніцтва. Амбасадар гаворыць, што хоча зьмяніць вобраз краіны, які паяўляецца ў польскіх ды замежных СМІ. Праўда такая, што Беларусь ніколі не ваявала з Польшчай, а такія важныя для палякаў асобы, як Міцкевіч, Касьцюшка, Гедройц ці Мілаш нарадзіліся на беларускай зямлі. На канфэрэнцыі ў Торуні прагучала таксама пытаньне пра рэжым Лукашэнкі. Латушку выручыў Вальдэмар Ахрамовіч, дзеяч SLD, маршалак ваяводзтва, які сказаў, што іх не цікавіць вялікая палітыка. Пасьля канфэрэнцыі ён дадаў, што пытаньне трэба разглядаць у дзьвюх плоскасьцях – з аднаго боку, Беларусь гэта суседка Польшчы, зь якою трэба захоўваць добрыя кантакты, але зь іншага боку існуе праблема адсутнасьці дэмакратычнага ладу ў гэтай краіне, да чаго Польшча павінна мець нэгатыўны падыход.

Пасьля падарожжаў амбасадара чарговым этапам па зьмене вобразу Беларусі ў Польшчы будуць выставы. У красавіку жыхары Варшавы пазнаёмяцца з эканамічнымі ды культурнымі дасягненьнямі беларусаў, а восеньню – жыхары іншых гарадоў краіны. У выставе возьме ўдзел больш за 100 беларускіх удзельнікаў. Пераважна гэта прадпрыемствы Міністэрстваў - прамысловасьці, будаўніцтва й архітэктуры, дзяржаўнага Камітэту па справах навукі ды тэхналёгіі, а таксама вядучыя банкі. У сваю чаргу Дні культуры плянуецца правесьці ў Беластоку, Лодзі, Гданьску ды Быдгашчы. Палякі змогуць убачыць выступленьні менскага балету, калектываў танца, тэатральных трупаў. Амбасадар Латушка прызнае, што такіх імпрэзаў па прамоцыі ягонай краіны ў Польшчы яшчэ не было. Ён не згаджаецца, быццам бы яны носяць палітычны характар. Гаворка йдзе толькі пра паляпшэньне суседзкіх кантактаў.

Журналіст штодзёнкі "Gazeta Wyborcza" запытаў былога спікера парлямэнту Станіслава Шушкевіча, як яму падабаецца прамоцыя Беларусі ў Польшчы. Шушкевіч гаворыць, што прапаганда ў Беларусі вельмі важная, як у кожнай краіне, дзе няма дэмакратыі. Улады спрабуюць паказаць Беларусь як дзяржаву, дзе ўдалося ўвесьці сацыялізм з чалавечым тварам. А праўда такая, што ў Беларусі існуе дыктатура, людзі запалоханыя, улады ліквідуюць палітычную апазыцыю, фальсыфікуюць выбары, СМІ ўзалежненыя ад Лукашэнкі, эканоміка знаходзіцца ў цяжкім стане. І пра такія рэчы, па словах Шушкевіча, амбасадар павінен сказаць палякам.

“Каго падтрымлівае Польшча – нас ці эскадроны сьмерці?” – пытаюць беларускія апазыцыянеры, а паведамляе пра справу беластоцкае выданьне "Kurier Poranny".
У Беластоку пабывалі бандыты, адказныя за зьнікненьне пяці беларускіх апазыцыйных дзеячоў – спэцназаўцы з Алмаза. Алмаз гэта любімчыкі Лукашэнкі – гаворыць Андрэй Пачобут, журналіст "Пагоні", які быў зьдзіўлены, калі на сайце МУС Беларусі прачытаў інфармацыю пра візыт у Беластоку прадстаўнікоў спэцназу. “Я ня мог паверыць, што запрасіў іх камэндант беластоцкай паліцыі. Мала таго, супрацоўніцтва працягваецца ўжо 10 гадоў, а летам паліцыянты зь Беластоку намераваліся паехаць у Менск.” - гаворыць Пачобут. І дадае, што менавіта Алмаз адказвае за таямнічае зьніканьне беларускіх апазыцыйных дзеячоў. Ігар Лялькоў зь Беларускага Народнага Фронту таксама не разумее дзеяньняў беластоцкай паліцыі. З аднаго боку апазыцыя чуе дэклярацыі, што Польшча падтрымлівае дэмакратызацыю Беларусі, а зь іншага боку беларускі спэцназ езьдзіць у Польшчу, дзе можа вучыцца, як яшчэ лепш змагацца з апазыцыяй.

Браніслаў Камароўскі з Грамадзянскай Плятформы (РО) мяркуе, што кантакты зь Беларусяй павінны быць абмежаваныя да неабходнага мінімуму. Польшча байкатуе афіцыйныя беларускія ўлады, а кантакты павінны быць абмежаваныя толькі да пытаньняў аховы супольных межаў ды тавараабмену.

"Gazeta Wyborcza" таксама піша пра візыт беларускіх спэцназаўцаў у Польшчы. Падляская паліцыя прызнае, што запрасіла беларусаў, але са згодай галоўнага камэнданта. У сваю чаргу беластоцкая камэндатура спасылалася на міжнароднае пагадненьне, падпісанае ў сьнежні 2003 году ў Менску. Аднак міністар унутраных справаў Польшчы Рышард Каліш нічога пра дакумэнт ня ведаў. Ён заявіў, што, наадварот, забараніў праводзіць сумесныя шкаленьні польскай паліцыі зь беларускай міліцыяй.

Беларусі АМАП затрымаў у горадні польскіх журналістаў - Марціна Сьмялоўскага, супрацоўніка Беларускай Рэдакцыі ПР ды тэлевізіі Польсат, а таксама Міхала Кацэвіча й Адама Тухлінскага з "Newsweek Polska" - інфармуе "Rzeczpospolita". Журналісты назіралі за ходам галасаваньня падчас давыбараў у парлямэнт. Міліцыя абвінаваціла іх у выкарыстоўваньні падробленых журналіссцкіх акрэдытацыяў, нягледзячы на тое, што кожны атрымаў афіцыйнае пасьведчаньне МЗС. Пасьля допыту й праверкі дакумэнтаў палякі былі выпушчаныя.
Выбары, верагодна, выйграў кандыдат уладаў - рэктар Гарадзенскага Ўнівэрсытэту Сяргей Маскевіч. Ён атрымаў каля 70-80% галасоў, хаця апытаньні паказвалі, што павінен перамагчы хтосьці з ягоных супернікаў - Сяргей Антусевіч з БНФ альбо Валеры Фралоў з Рэспублікі. Асаблівае занепакаеньне выклікаюць галасы, аддадзеныя датэрмінова, а так галасавала адна чацьвертая выбаршчыкаў.