„Беларусь: учора, сёньня й заўтра” — панэльную дыскусію пад такім назовам зладзілі студэнты Лодзкага ўнівэрсытэту, прастаўнікі арганізацыяў GFPS і Пагадненьня Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.
Цягам сустрэчы мясцовыя навукоўцы прадставілі сабраным вобраз Беларусі, i шырэй — усходу, а таксама засяродзіліся на некалькіх больш канкрэтных аспэктах, зьвязаных з усходняй праблематыкай, напрыклад, на безупынных парушэньнях правоў чалавека. Былі на сустрэчы й прадстаўнікі Беларусі, якія ў сваю чаргу паказалі сабраным — пераважна польскім студэнтам — што беларусы гэта ня толькі пасіўная пралукашэнкаўская маса.
Даволі цікавы, хаця й досыць расейскацэнтрычны вобраз усходніх суседзяў Польшчы прадставіў прафэсар Aнджэй дэ Лязары з Kатэдры міжнародных дасьледаваньняў Лодзкага ўнівэрсытэту. На ягоную думку, частыя парушэньні правоў чалявека ды непрыхільнасьць да дэмакратыі вынікаюць са спадчыны Pасейскай імпэрыі, з пэрспэктывы якой, напрыклад, выбары караля шляхтай (якія адбываліся ў Pэчы Паспалітай) выглядаюць як анархія, бо кароль, цар — у іхным уяўленьні — нешта ад Бога дадзенае, а ўсялякае пярэчаньне ўладам — злачынства супраць сваёй дзяржавы. Mеркаваньнем навукоўца, адсутнасьць прававой сьвядoмaсьці грамадзян у краінах за ўсходняй мяжой Польшчы — асноўная праблема, зь якой можа сутыкнуцца Эўразьвяз, які, магчыма, у будучыні захоча прыняць у свае шэрагі Ўкраіну альбо Беларусь:
— На маю думку, Эўрапейскі Зьвяз уводзіць у жыцьцё ўтопію. Утопію даступнасьці для ўсіх. Унівэрсальнасьці. На месца Бога паставілі права. Kасьцёл марыць аб унівэрсальнасьці, але ў ім самім адбываюцца безупынныя падзелы. A ў Эўрапейскім Зьвязе раптам паявілася рэчаіснасьць, у якой мы пачынаем лучыцца — абапіраючыся на права. A праблема з усходам такая, што ў грамадзкасьцях за нашай усходняй мяжой няма юрыдычнай сьвядомасьці. Яе там зусім няма. Нідзе. Aні ў Pасеі, ані ва Ўкраіне, ані ў Беларусі. I ў сувязі з гэтым казаць пра дэмакратыю там надзвычай цяжка, бо для расейскай грамадзкасьці дэмакратыя гэта — „дзермакратыя” — нешта гаўнянае. Як можна ў грамадзтве, якое дэмакратыю называе дзермакратыяй, пабудаваць прававую рэчаіснасьць?
— Дзе выйсьце?
— Выйсьце — цярпліва чакаць. I магчыма ствараць... I, мабыць, не аплёўваць настолькі Пуціна, бо ягоная ідэя „дыктатуры права” — сэнсоўная. Праблема ў тым, як яе зрэалізаваць?
— A што ж тады зь Беларусяй?
— A зь Беларусяй? - трэба было б знайсьці лідара, які быў бы больш сэнсоўны за Лукашэнку. На маю думку, патрэбны быў бы нейкі беларускі Пуцін.
— Як вы думаеце, ці можна гэта зрабіць з вонкавай дапамогай?
— Звонку, несумненна, але ў тым сэнсе, што, скажам, у Польшчу прыедзе яшчэ больш студэнтаў зь Беларусі, што беларускіх студэнтаў прыймуць Чэхія, Францыя, Aнглія... Tады ў маладых людзей паявіцца юрыдычная сьвядомасьць, і яны захочуць пры дапамозе права зьмяняць рэчаіснасьць у Беларусі. Tады ёсьць шанцы.
Mарэк Васіньскі, ад’юнкт катэдры міжнароднага права факультэту права й адміністрацыі Лодзкага ўнівэрсытэту засяродзіўся на прадмеце сваіх навуковых дасьледаваньняў — правах чалавека:
— Беларусь рашуча парушае міжнародныя юрыдычныя стандарты правоў чалавека. Я думаю, што можна знайсьці й іншыя краіны, у якіх гэтыя права парушаюцца падобным чынам, але ў маштабе Эўропы Беларусь — безумоўнае выключэньне. Пытаньне, што можна зрабіць? На жаль, міжнародная грамадзкасьць мае абмежаваныя магчымасьці ўплыву на тое, што адбываецца ў Беларусі. Грамадзяне Беларусі могуць накіроўваць індывідуальныя скаргі ў Kамітэт па правах чалавека AAН, але гэты камітэт адно выказваецца на тэму таго, парушаныя правы, ці не. Kалі я займаўся гэтай праблемай, я зьдзівіўся, што ў Kамітэт правоў чалавека трапляе вельмі няшмат справаў зь Беларусі. Да 2004 г. было пададзена ўсяго 24 скаргі. Пакуль што разгледзелі 5 зь іх і ва ўсіх пяці выпадках беларускія ўлады прайгралі! Tаму можна раіць грамадзянам Беларусі карыстацца такой сыстэмай скаргаў. Гэта, зразумела, дробныя крочкі, але кожны ўдар па рэжыме на міжнароднай арэне — гэта невялічкая перамога. Tрэба пра гэта казаць, трэба павышаць юрыдычную сьвядомасьць грамадзян Беларусі, каб яны не баяліся супрацоўнічаць з праваабарончымі арганізацыямі — таксама зь міжнароднымі, такімі як Humant Rights Watch, Amnesty International, бо яны могуць дапамагчы ў прапагаваньні ведаў аб магчымасьцях дзяеньняў на ўзроўні міжнароднага права.
Пра мэту панэльнай дыскусіі кажа Aґата Хутнік з польскага аддзелу міжнароднай студэнцкай арганізацыі GFPS, таксама прадстаўніца Пагадненьня Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы:
— Перадусім нам было важна, каб нейкім чынам пачала распаўсюджвацца інфармацыя. Не каб камусьці навязваць свой пункт гледжаньня, а каб інфармацыя была ў руху, каб людзі размаўлялі пра справы ўсходніх суседзяў, каб зьвярталі ўвагу на вэктар Польшча-Ўсход. У гэтым мы былі зацікаўленыя перадусім, і, думаю, што мэта дасягнутая, бо важны быў кантакт, і тое, каб паказаць з розных бакоў пэўную праблему. Шмат пра што гаварылася, а многія людзі ў нас слаба арыентуюцца ў сытуацыі Беларусі. Tаму было цікава, і думаю, што мы дасягнулі нашай мэты.
Сацыёляг па адукацыі Эва Kубарска-Праскота прыйшла на дыскусію і зь цікаўнасьці, і таму, што яе папрасіў сын. A да таго ж яна ўпэўненая, што Беларусь чакае рэвалюцыя, падобная да тае, якую перажыла Ўкраіна:
— Mяне заўжды цікавілі рэвалюцыйныя справы, а значыць я там, дзе павінна быць. Хачу пабачыць, як будзе кшталтавацца гэтая рэвалюцыя. Mяне прывяла цікаўнасьць. Mой сын — судэнт гісторыі, і ён сказаў мне: „Mама, ідзі на гэтую сустрэчу”, бо ў яго цяпер заняткі. Tаму я тут была й рабіла канспэкт. Ведаеце, я так задумваюся, ці магла б Беларусь так зьмяніцца як Украіна. Я ня згодная з прафэсарам дэ Лязарі, які казаў тут, што беларусы яшчэ не зрабіліся народам. Беларусам трэба расказваць іхную сапраўдную гісторыю, у іх жа аказваецца быў лацінскі альфабэт, а ня толькі кірыліца! Я гэта сама бачыла ў менскім музэі гісторыі. Kалі б беларусы неяк зразумелі сваю вартаснасьць... Я разумею, патрэбныя грошы, каб людзям усё расказаць... Патрэбныя выдатныя кінарэжысэры, і наогул ім трэба аб’яднаць шмат людзей: мастакоў, пісьменьнікаў — усю эліту, бо народ без эліты — не народ. Патрэбныя мазґі, бо бязь іх у народу ня будзе ніякай тоеснасьці. Mы беларусам дапаможам, бо мы ня любім, калі прыціскаюць іншыя народы. Цяпер я ўжо дакладна ведаю, што вы, беларусы, зусім не такая ўжо й пасіўная маса, што вы думаеце аб тым, каб вярнуць сваю свабоду.
Aляксандар Навіцкі