- Затрыманьне «Народнай волі»
- 11.01.2006
9 студзеня на беларуска-расейскай мяжы ўжо другі раз у гэтым годзе затрыманы наклад апазыцыйнай газэты "Народная воля". Сьвятлана Калінкіна, намесьнік галоўнага рэдактара газэты, гаворыць, што ніякіх тлумачэньняў рэдакцыя не атрымала.
Сьвятлана Калінкіна: Сталася гэта звычайна. Газэту везьлі з Расеі. Рэдакцыя вымушана яе там друкаваць, паколькі ніводная друкарня ў Беларусі ня мае такога права. На мяжы наклад затрымалі, і гэта цягнецца другія суткі. Ані мытнікі, ані міліцыянты не тлумачаць гэтага здарэньня. Ніхто не адказвае, што конкрэтна парушана. Вядома толькі, што быў сыгнал зь Менску. Але ад каго, які дакладна, на якой падставе - мы не даведаліся. У бягучым годзе гэта здарылася другі раз. Першы раз газэту затрымалі на пачатку студзеня.
Затрымана 27 тысяч асобнікаў газэты. Яна была затрыманая на памежным пераходзе ў Рудні й перавезена ў Дубровенскі аддзел міліцыі. Там цэлы наклад знаходзіцца ўжо другі дзень.
Як піша прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў, на пачатку за выясьненьнямі рэдакцыю адаслалі ў Аддзел па барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю, а потым скіравалі ў міліцыю Дубровенскага раёну. Але, як сказала Сьвятлана Калінкіна, хто й па якіх прычынах затрымаў наклад газэты, рэдакцыя так і не даведалася.
Як кажа Сьвятлана Калінкіна, вядома, што газэта гэта матэрыял, які хутка становіцца неактуальным. Але рэдакцыя газэты была прадбачлівая й мела здагадкі, што можа апынуцца ў такой сытуацыі.
Сьвятлана Калінкіна: Мы спадзяемся, што сёньня газэту аддадуць. Таксама мы разумеем, што газэта гэта прадукт, які вельмі хутка псуецца. Учорашні нумар заўтра ўжо нікому ня будзе патрэбны. Я думаю, што на гэта цэлая акцыя й разьлічана, каб чытачы адвярнуліся ад выданьня. Нягледзячы на гэта, мы намерваемся распаўсюджваць тыраж. Мы прадугледзелі, што можам апынуцца ў такой сытуацыі. Таму зрабілі нумар больш аналітычны, чым неадкладны.
Наш суразмоўца - лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які ў дадзены момант разам з галоўным рэдактарам Ёсіфам Сярэдзічам і прадстаўніком праваабарончай арганізацыі Гарым Паганяйлам едуць у Дуброўна, дзе затрыманая газэта:
Анатоль Лябедзька: Зараз адным з эпіцэнтраў падзеяў зьяўляецца рэдакцыя газэты "Народная воля". У адносінах да газэты быў прадпрыняты шэраг рэпрэсійных дзеяньняў. Перад выездам мы заўважылі, што некалькі чалавек з выразнымі рысамі твару й адзеньня безупынна знаходзяцца побач рэдакцыі. Я з Гарым Паганяйлам падышлі й запыталі: "Як служба?" На што нам даволі-такі адкрыта адказалі: "Такая ў нас праца".
Я лічу, што гэта яшчэ адзін штрых перад выбарамі ў Беларусі. Перад рэдакцыямі незалежных газэт выстаўляюць пасты, яны нават не хаваюцца. Шкада, што на такіх людзей трацяцца вельмі вялікія грошы беларускіх падаткаплатнікаў.
Галоўны рэдактар зьвярнуўся з просьбаю да прэзыдэнта Александра Лукашэнкі зьвярнуць увагу на перасьледы, якія спатыкаюць рэдакцыю „Народнай волі”.
Алена Пытэль