- Мілінкевіч наведаў СПБ
- 23.01.2006
21 студзеня адзіны кандыдат у прэзыдэнты ад апазыцыі падчас наведваньня Горадні сустрэўся з чальцамі Саюзу палякаў Беларусі. Прысутнічала таксама непрызнаваная афіцыйнымі ўладамі старшыня СПБ – Анжаліка Борыс. Сустрэча працягвалася каля дзьвюх гадзін, размова вялася на польскай мове.
„Новая ўлада ў Беларусі будзе з павагай ставіцца да кожнага чалавека, незалежна ад яго нацыянальнасці. Гэта багацьце й шчасьце беларускай зямлі, што тут жывуць грамадзяне розных нацыянальнасьцяў і культур” – гаварыў падчас сустрэчы Аляксандар Мілінкевіч.
Паводле прэс-сакратара штабу Аляксандра Мілінкевіча Паўла Мажэйкі, гэта важны крок у перадвыбарчай кампаніі Мілінкевіча. Трэба аб’ектыўна ацэньваць сытуацыю нацыянальных меньшасьцяў у Беларусі.
П.Мажэйка: Сустрэча адбылася зь ініцыятывы Аляксандра Мілінкевіча. Ён хацеў непасрэдна, зь першых вуснаў даведацца пра тое, што давялося перажыць дзеячам Саюзу палякаў Беларусі ў мінулым годзе падчас перасьледу ўладамі. Таксама даведацца пра пляны сябраў Саюзу. Для нас вельмі важным было пачуць, што польская меньшасьць Беларусі адраджэньне сваёй культуры, магчымасьці навучаньня дзяцей на польскай мове зьвязвае менавіта са зьменамі ўлады ў Беларусі, вяртаньнем ў Беларусь дэмакратыі. У сваю чаргу Аляксандар Мілінкевіч казаў, што і ён асабіста, і дэмакратычныя сілы Беларусі ставяць перад сабою мэту – як улада, якая, магчыма, прыйдзе пасьля 19 сакавіка, – каб чалавек кожнай нацыянальнасьці ды ягонае права на самарэалізацыю шанаваліся. Гэта выразна было падкрэсьлена падчас сустрэчы. Таксама Аляксандар Мілінкевіч падкрэсьліў, што гісторыя СПБ зьяўляецца важным прыкладам таго, як трэба адстойваць свае правы, сваю нацыянальнасьць і проста заставацца чалавекам.
Шчасьце Беларусі менавіта ў тым, што ў ёй жывуць шматлікія нацыянальнасьці. Мы багатыя самымі рознымі культурамі. Гэта тое, што мы павінны цаніць і з чаго можам стартаваць у будучыню, як цывілізаваная краіна, як краіна з адчыненамі межамі. Вельмі істотным зьяўляецца тое, што на Беласточчыне жыве шмат беларусаў, у Беларусі – шмат палякаў. Апіраючыся на гэта, мы й плянуем будаваць мост паміж Беларусяй і Захадам. Існаваньне розных нацыянальнасьцяў гэта цудоўная магчымасьць суіснаваньня і беларусаў, і палякаў, і ўкраінцаў – усіх, хто жыве ў Беларусі.
Для Саюзу палякаў Беларусі гэты візыт быў доказам, што погляды польскай нацыянальнай меншасьці супадаюць з поглядамі дэмакратычных сілаў Беларусі. Наш суразмоўца – дзеяч Саюзу палякаў Беларусі Анджэй Пісальнік.
Скажыце, што для СПБ значыць сустрэча з адзіным кандыдатам у прэзыдэнты ад апазыцыі?
А.Пісальнік: Перадусім для нас гэта пацьцверджаньне, што погляды польскай меншасьці ў Беларусі й адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі супадаюць. Безумоўна, гаворка ідзе пра абарону правоў чалавека, якія цяпер у нашай краіне парушаюцца. Мы пачулі ад Аляксандра Мілінкевіча, што, калі дойдзе да зьмены ўлады, гэтая сытуацыя зьменіцца, і правы нацыянальных меншасьцяў, нават шырэй – кожнага чалавека, будуць паважацца.
Тое, што Мілінкевіч захацеў з намі сустрэцца, зьяўляецца выразам салідарнасьці й пашаны з боку лідэра апазыцыі. Таксама гэта паказвае, што няма канфлікту паміж палякамі й беларусамі, а ёсьць канфлікт паміж незалежнай арганізацыяй, якая цяпер дзейнічае ў кансьпірацыі, і ўладай гэтай краіны.
Ці гэта значыць, што Саюз палякаў Беларусі падтрымлівае кандыдатуру Аляксандра Мілінкевіча, ці падзяляе толькі яго погляды на свабоду й правы чалавека?
А.Пісальнік: Напэўна можна сказаць, што яго погляды на дэмакратыю, на правы чалавека й іншыя свабоды нам вельмі блізкія. Што тычыцца падтрымкі намі, як арганізацыі, ня можна казаць за іншых сябраў Саюзу. Кожны будзе галасаваць за кандыдата, які яго больш пераканаў. Але з увагі на тое, што Мілінкевіч зьяўляецца ганаровым сябрам Саюзу палякаў Беларусі, на тое, што ён зрабіў для польскай меншасьці, калі быў віцэ-мэрам Горадні, ды іншыя яго заслугі, натуральна, што ён карыстаецца шырокай сымпатыяй сярод палякаў.
25 студзеня адзіны кандыдат у прэзыдэнты ад апазыцыі Мілінкевіч прыедзе ў Варшаву, дзе сустрэнецца з польскімі палітыкамі. Дэмакратычныя сілы разьлічваюць на дапамогу Польшчы й мяркуюць, што адыгрывае яна значную ролю ў дэмакратызацыі Беларусі.
П.Мажэйка: Для нас візыт у Польшчу гэта частка прызнаньня намаганьняў дэмакратычных сіл у адстойваньні дэмакратыі ў Беларусі. Упершыню ад 1994 году лідэр апазыцыі мае такую адзінадушную падтрымку ў Эўропе. У нас была сустрэча з прэзыдэнтам Летувы, з прэм'ерам Польшчы, з высокімі коламі Францыі, візыт ва Ўкраіне. Эўропа зрабіла сёньня свой канчатковы выбар. Яна падтрымлівае дэмакратычную супольнасьць у Беларусі. Для нас гэта вельмі важна. Раней гэтага не было. І Польшча ў працэсе дэмакратызацыі Беларусі можа адыграць вельмі важную ролю.
Пасьля візыту Аляксандра Мілінкевіча ў Варшаву плянуюцца, між іншым, сустрэчы з Эўрапейскім кіраўніцтвам.
Алена Пытэль