Для многіх – лек ад стрэсу, іншыя, калі б не цыгарэты, ня мелі б што зрабіць з рукамі. На шчасьце, мы штораз болей разумеем пагрозы, зьвязаныя з узалежненасьцю.
Ажно 76% палякаў хоча забароны паленьня ў грамадзкіх месцах. Забарону падтрымлівае палова апытаных курцоў – так вынікае з анкеты, праведзенай па даручэньню Польскага радыё сацыялягічным цэнтрам Pentor.
Курцоў усё меней сярод адукаваных асобаў і студэнтаў. Не без значэньня таксама эканамічны ўзровень жыцьця.
Апошнія дасьледаваньні інстытуту Pentor паказалі, што паліць 1/4 палякаў. Паводле Ежы Глушыньскага з гэтага сацыялягічнага цэнтру, такія вынікі сьведчаць пра тое, што да Польшчы дайшла мода не паліць.
Е. Глушыньскі:
У багатых краінах колькасьць курцоў зьмяншаецца. Сёньня добры рынак для тытунёвых фірмаў – гэта бедныя рэгіёны сьвету. Наш народ імкнецца быць модным, імкнецца прыналежаць да той часткі сьвету, дзе модна не курыць.
Ежы Глушыньскі дадае, што несумненны ўплыў на падыход палякаў да паленьня маюць адукацыйныя акцыі й штораз большая сьведамасьць.
Е. Глушыньскі:
Курцы пачынаюць зьвяртаць увагу на іншых, на тое, што пасыўнае курэньне – больш шкоднае й непрыемнае. Адукацыя наконт уплыву курэньня на здароўе дае вынікі. Мы ведаем, што гэта дрэнна.
Усё часьцей тыя, хто курыць, разумеюць, што ствараюць пагрозу ня толькі сабе, але й свайму атачэньню. А здаўна вядома – дым цыгарэт забівае.
Прафэсар Вітальд Затоньскі, найбольш заслужаны паляк у барацьбе з узалежненасьцю ад тытунёвага дыму, радуецца, што ажно 76% апытаных ня хоча даўжэй атручвацца. Ён лічыць гэта мудрасьцю палякаў, якая паказвае, наколькі ўсё вакол нас зьмянілася.
В.Затоньскі:
Гэта вельмі добрая інфармацыя. Дадзеныя зьвесткі паказваюць, наколькі памянялася стаўленьне палякаў да ўдыхваньня тытунёвага дыму. На сёньняшні дзень большасьць грамадзтва разумее, што нельга сядзець у задымленых памяшканьнях.
У тытунёвым дыме зьмяшчаецца 4 тыс. хэмічных рэчываў, прынамсі 40 зь іх выклікаюць рак. Адзіная бясьпечная насычанасьць тытунёвага дыму ў нашым асяродзьдзі – гэта нуль.
У Польшчы ў многіх месцах паліць забаронена. Між іншым, гэта датычыць навучальных установаў. Як запэўнівае прэсавы сакратар Варшаўскай палітэхнічнай акадэміі, Эва Хыбіньска, нават курцы без праблемаў успрынялі забарону.
Э. Хыбіньска:
Яны з гэтым пакорліва пагадзіліся. У прынцыпе, мы не заўважаем, каб нехта парушаў дадзеную забарону. Магу таксама сказаць, што сярод навуковых супрацоўнікаў, а спадзяюся, што й сярод студэнтаў таксама, пануе мода не курыць.
Хоць у Польшчы ў большасьці рэстаранаў курыць можна, то ўсё часьцей улічваецца таксама інтарэс людзей, якія ня паляць. Напрыклад, у вэгетарыянскім рэстаране, дзе працуе Караліна Якубяк.
К. Якубяк:
У нас дзьве асобныя залі, яны выразна аддзеленыя, бо адна на 1 паверсе, другая – на другім. На нізе курыць нельга. І гэтая заля карыстаецца большай папулярнасьцю. Да нас часта прыходзяць кліенты зь дзецьмі. Яны вельмі цэняць тое, што іхныя дзеці ня мусяць удыхаць тытунёвага дыму ў часе ежы.
Нават варшаўскага таксіста штораз цяжэй угаварыць, каб дазволіў запаліць, бо ня ўсе гэта любяць, а дым застаецца. Наступны кліент незадаволены.
Хоць усё меней месцаў, дзе паліць дазволена, усё меней часу, а цыгарэты даражэюць, то й так курэньне штогод скарачае жыцьцё 60 тыс. палякаў, а 9 млн курцоў выкурвае 90 млд. цыгарэт у год.
Забарону курыць у грамадзкіх месцах увяло ўжо некалькі краінаў Эўразьвязу: Ірляндыя, Італія, а напрыканцы мінулага году Чэхія. Такое ўрэгуляваньне карыстаецца ў гэтых краінах агромністай падтрымкай сярод насельніцтва.
У Польшчы сацыялягічны цэнтар Pentor правёў апытаньне па тэлефоне 26 студзеня сярод 800 дарослых асобаў.
Эльвіра Богдан