У Сэйме створаная парлямэнцкая група на карысьць салідарнасьці зь Беларусьсю. Пра яе мы гутарым з адным зь ініцыятараў яе стварэньня, дэпутатам Робэртам Тышкевічам.
Робэрт Тышкевіч: — Група мае адкрыты характар, хаця мяне не зьдзіўляе, што ініцыятыва выйшла з колаў дзьвюх партыяў, якія грунтуюцца на традыцыі Салідарнасьці, і што на адкрытую ўстаноўчую сустрэчу прыйшлі выключна парлямэнтары з гэтых дзьвюх партыяў. Думаю, што і ў партыі Права й справядлівасьць PiS, і ў Грамадзянскай плятформе PO ёсьць асаблівая ўражлівасьць на пытаньні грамадзянскіх правоў, дэмакратычных свабодаў, салідарнасьці з тымі, каго перасьледуюць, і такія людзі, дэпутаты, вырашылі стварыць парлямэнцкую групу.
Якімі будуць вашыя першыя дзеяньні?
— У рэглямэнце мы запісалі чатыры галоўныя мэты, і ў гэтым напрамку ідуць нашыя першыя дзеяньні. Па-першае, актывізацыя нашага парлямэнту, ініцыяваньне ўхвалаў і ацэнкаў разьвіцьця сытуацыі ў Беларусі. Мы працуем над праектам ухвалы Сэйму, якую прынялі б перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі, і якая ацэньвала б сытуацыю напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Парлямэнты іншых краінаў і Эўрапарлямэнт ужо выказалі свае пазыцыі, і мы хацелі б, каб польскі Сэйм таксама выказаўся на тэму перадвыбарчай сытуацыі ў нашага суседа. Нашая чарговая мэта — супрацоўніцтва з парлямэнтамі суседніх краінаў. Абмен інфармацыяй і, магчыма, таксама падрыхтоўка супольных падыходаў, якія былі б арыентырамі для нашых парлямэнтаў, магчыма, таксама для ўрадаў, каб весьці супольную палітыку й дапамагаць дэмакратыі, пабудове грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Мы хочам таксама супрацоўнічаць зь няўрадавымі арганізацыямі, і ў гэтым сэнсе мы былі б такім кантактным пунктам для шматлікіх ініцыятываў, накіраваных галоўным чынам на нясеньне дапамогі Беларусі: і дапамогі тым, хто трапіў пад рэпрэсіі, і звычайнай сацыяльнай дапамогі — ахвярам Чарнобыля, дзецям. Мы хочам супрацоўнічаць тут з установамі Эўразьвязу. Эўрапарлямэнт выдаў некалькі заяваў, якія зьяўляюцца пэўным падмуркам супольнай эўрапейскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі. Пасьля беларускіх выбараў мы плянуем зладзіць міжпарлямэнцкую канфэрэнцыю. У парлямэнтах іншых краінаў таксама існуюць групы, зацікаўленыя Беларусьсю, і мы хацелі б зь імі ўсімі сустрэцца й падыскутаваць на тэму таго, як мы можам падтрымаць такія добрыя працэсы, як працэсы разьвіцьця дэмакратыі, вольнага рынку, доступу да інфармацыі ў Беларусі.
Вы кажаце пра стварэньне парлямэнцкай групы на карысьць салідарнасьці зь Беларусьсю. Не сакрэт, што рэжым у Беларусі ўспрымае кожную такую ініцыятыву як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы. Лукашэнка кожны дзень знаходзіць новых ворагаў, а такая група, безумоўна, апынецца ў іх шэрагу… Навошта вам гэта трэба?
— Я думаю, гэта паводзіны характэрныя для любой дыктатуры. Кожнае слова крытыкі, кожная заўвага, свабодная інфармацыя, нават кантакты паміж людзьмі, калі іх не кантралюе рэжым — зьяўляюцца для рэжыму пагрозай, і мяне гэта не зьдзіўляе. Але нельга паддавацца гэтаму шантажу. Калі нехта ў Польшчы хоча глядзець беларускую тэлевізію, у яго ёсьць поўнае права й магчымасьці рабіць гэта. А калі Лукашэнка й ягоная адміністрацыя баяцца дазволіць людзям знаёміцца з пазыцыяй мэдыяў вольнага сьвету — таксама датычна сытуацыі ў Беларусі — то мы ня можам пагаджацца на гэта. Я наогул лічу, што стратэгічнай мэтай зьяўляецца тое, каб у Беларусі паўсталі ўмовы дзеля свабоднага выбару. Гэта ж беларусы абяруць свае ўлады, свайго прэзыдэнта. А цяпер там няма магчымасьці свабоднага выбару. У Беларусі перасьледуюць і ліквідуюць вольныя мэдыі. Кандыдаты ў прэзыдэнты ня маюць аднолькавага дуступу да мэдыяў. Аднаго з кандыдатаў нават пабілі. Гэта значыць, што беларускія выбары не выконваюць элемэнтарных стандартаў прававой дзяржавы, і таму няма падставаў лічыць іх вольнымі й дэмакратычнымі. Калі б яны выконвалі гэтыя стандарты, і ў іх выйграў бы Лукашэнка, мы б гэта прызналі. Мы не аспрэчваем права прэзыдэнта Лукашэнкі балатавацца, але ў выпадку іншых кандыдатаў не выконваюцца элемэнтарныя дэмакратычныя нормы. А голас у абарону дэмакратыі ніколі ня можа быць успрыняты як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы. Эўразьвяз вядзе супольнюю палітыку прамоцыі дэмакратычных вартасьцяў, грамадзянскіх свабодаў, і тое, што мы тут робім, ні па адным пункце не выходзіць па-за супольную эўрапейскую палітыку. Эўразьвяз заўжды выказвае свой супраціў, калі бачыць, што ў нейкай краіне правы чалавека парушаюць. Мы ня можам маўчаць.
12 гадоў таму Беларусь сябравала з усімі суседзямі. Цяпер жа вакол яе — калі паслухаць Лукашэнку — амаль што адны ворагі…
— Я думаю, што адзіным аргумэнтам, якім можа карыстацца Лукашэнка ў размовах са сваімі грамадзянамі, зьяўляецца аргумэнт вонкавай пагрозы й ворагаў, якія з усіх бакоў хочуць напасьці на Беларусь. Гэта таксама стары як сьвет прыём дыктатуры: каб кіраваць, трэба знайсьці вонкавага ворага. Бо дыктатура сама па сабе няздольная аб’яднаць і пераканаць людзей. Таму трэба знайсьці ворага, каб людзі засяроджваліся на ім, а не на ўнутраных праблемах, ці клопатах з эканамічным разьвіцьцём. Думаю, што Лукашэнка робіць гэта абсалютна сьвядома. У мяне такое ўражаньне, што гэтыя атакі на суседзяў, на Эўропу й Эўразьвяз неабавязкова будуць мець рэальны плён, а вось АМАП на вуліцах і біцьцё людзей могуць даць адваротны плён, чым спадзяецца дыктатура, бо гэта рэальныя пагрозы для свабоды, здароўя людзей, якія хутка зразумеюць, што з усёй гэтай палітычнай рыторыкі й аргумэнтацыі рэжыму рэальнай зьяўляецца толькі міліцэйская дубінка.
Размаўляў Юрка Ляшчынскі, Радыё Беласток