• „Рахунак сумленьня”
  • 18.03.2006
Прапануем вам сёньня пазнаёміцца зь некаторымі фрагмэнтамі абшырнага артыкулу „Рахунак сумленьня”, надрукаваным у часопісе „Tygodnik Powszechny”. Публікацыя датычыць веравызнаньняў у Беларусі й іх месца ў культурным і палітычным жыцьці краіны.

Пачнем з каталіцкай царквы.
Аўтар - дамініканін Пётр Рудкоўскі - заўважае, што ў трох беларускіх дыяцэзіях – Менска-Магілёўскай, Пінскай і Віцебскай – каталіцкі касьцёл падтрымлівае працэс нацыянальнага адраджэньня й карыстаецца прынцыпам, што там, дзе вернікі хочуць маліцца па-польску , набажэнствы праходзяць і па беларуску, і па-польску. Інакш у гарадзенскай дыяцэзіі: тут дамінуе польскі традыцыяналізм, які пагрозу бачыць не ў кіраваньні Лукашэнкі, але ў беларускім нацыянальным руху.

Прыгадваецца, што біскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які на пачатку 90-тых гадоў быў ардынарыюшам Горадні, добра ведаў беларускую мову й дбаў, каб мовы набажэнстваў і казаньняў дастасаваць да патрэбаў вернікаў. Але трэба падкрэсьліць, што не было выразнай тэндэнцыі ўлучацца ў працэс беларусізацыі.

Аднак пасьля таго, як біскуп Кандрусевіч у 1993 годзе стаў апостальскім адміністратарам Расеі, сытуацыя дыямэтральна памянялася. На Гарадзеншчыне заўважаюцца спробы блякаваньня беларускай мовы ў храмах.

Зьявілася рыторыка беларускага ворага й зьнешней пагрозы. Там значная частка духавенства застаецца пад моцным узьдзеяньнем ультракаталіцкага польскага Радыё Марыя. Яны сумуюць па ІІ Рэчы Паспалітай - у іх сьвядомасьці Гарадзеншчына засталася часткай Польшчы, а ўсіх беларускіх католікаў называюць палякамі. У выніку ўзьнікае неверагодная лічба – 1,5 мільёна палякаў у Беларусі, падчас калі ў апошнім нацыянальным перапісе за 1999 год палякамі сябе назвалі 400 тыс. чалавек.

Большась палякаў-католікаў размаўляе на беларускім дыялекце, на гэтак званай „простай” мове. У іх цікавае стаўленьне да польскай мовы – гэта сакральная мова – для выкарыстаньня ў храме, а не на кожны дзень. Падобна трактавалася калісьці латынь.

Айцец Пётр Рудкоўскі лічыць, што „прастамоўныя” беларускія палякі – гэта супольнасьці да-нацыянальныя, якія не разумеюць тэрміну „народ” у сучасным значэньні гэтага слова.

А што з праваслаўнымі ў Беларусі? Аўтар публікацыі заўважае, што гэтая канфэсія часта ўспрымаецца ў палітычных катэгорыях – у якасьці прыхільніка Масквы. Аднак у Беларусі гэта ня так ужо адназначна, бо менавіта праваслаўныя на чале з экзархам Філарэтам энэргічна ўдзельнічалі ў стварэньні Тэалягічнага факультэту Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Менску – ВНУ зь вялікім прэстыжам, якую, дарэчы, Лукашэнка зачыніў, а Тэалягічны факультэт перанёс у БДУ.

Сярод праваслаўных духоўных узмацняецца попыт на беларускую мову. Напэўна ў двух храмах літургія вядзецца на беларускай мове. Нельга казаць, што гэта мала, уключыўшы прывязанасьць праваслаўя да старацаркоўнаславянскай мовы.

Паводле апытаньня незалежнага, зачыненага уладамі цэнтра НІСЭПД, за 2003 г. праваслаўная царква карысталася найбольшым даверам у грамадзтве – 65%, каталіцкі касьцёл – 33%, пратэстанты –15%.

Але й пратэстантам у Беларусі не жывецца проста. У апошні час улады ліквідавалі дзьве пратэстанцкія цэрквы: Беларускую эвангельскую царкву й Эвангельска-рэфармаваную царкву.

Намнога раней, у 2001 беларускія эвангелісты зьвярнуліся да ўсіх хрысьціян з просьбай маліцца за іх, бо СМІ пачалі нападаць на гэтую царкву, называючы яе сэктай, параўноваючы з сатаністамі. Міліцыянты часта зрывалі малітоўныя сустрэчы, якія адбываліся ў дамах. Штрафавалі гаспадароў дамоў за гэтыя сустрэчы, раней пазбавіўшы царкву памяшканьняў для малітваў.

Айцец Пётр Рудкоўскі сьцьвярджае, што сёньня кожная хрысьціянская царква ў Беларусі стаіць перад шматлікімі выклікамі. Пустымі акажуцца словы аб каханьні бліжняга, калі цэрквы ня ўмеюць выступіць супраць парушэньня правоў чалавека альбо супраць абмежаваньня свабоды слова й сумленьня. Непатрэбныя экумэнічныя заявы, калі адну хрысьціянскую царкву перасьледуюць, а іншыя моўчкі на гэта глядзяць.

Задача касьцёла – не пагаджацца на несправядлівасьць. Называць па імені й асуджаць злоўжываньні ўладаў, ня дбаючы пра палітычныя калькуляцыі.

Таксама ў галіне экумэнізму варта сур’ёзна задумацца над словамі Яна Паўла ІІ, якія сказаў ва Ўроцлаве: «Нам недастаткова ўзаемнай талерантнасьці, патрэбнае ўзаемнае адабрэньне. Але й адабрэньньня таксама мала. Нам патрэбная глыбокая й моцная братэрская любоў”.

Пакуль экумэнізм у Беларусі застаецца на ўзроўні талерантнасьці. Праслаўная й каталіцкая цэрквы моўчкі глядзяць на перасьледваньні пратэстантаў, аказваючы „братэрскую абыякавасьць”, – сьцьвярджае на старонках часопіса „Tygodnik Powszechny” дамініканін Пётр Рудкоўскі.