- Беларусы прабуджаюцца зь летаргічнага сну
- 27.03.2006
Якая будучыня чакае беларускую апазыцыю? Ці досьвед сёлетніх выбараў зьменіць палітыку рэжыму Лукашэнкі? І як павінна выглядаць палітыка Эўразвязу й Злучаных Штатаў Амэрыкі адносна Беларусі? – на гэтыя ды іншыя пытаньні спрабавалі адказаць удзельнкі канфэрэнцыі "Беларусь пасьля прэзыдэнцкіх выбараў" , якая надоечы адбылася ў Варшаве зь ініцыятывы Фундацыі імя Стэфана Баторыя. Усе ўдзельнікі канфэрэнцыі адназначна падкрэсьлілі, што пройгрыш Аляксандра Мілінкевіча нельга лічыць паразай. Вельмі важна, што беларускае грамадзтва пачало прабуджацца зь летаргічнага сну. З такою думкай згодны Сяргей Альфер з Аналітычнага цэнтру канстытуцыяналізму ў Менску.
Сяргей Альфер: На вялікі жаль, апазыцыя ў гэтых выбарах ня выйграла. Але нельга казаць, што яна прайграла. Мы не змаглі выйграць у гэтых выбарах, і наш кандытат ня стаў прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь. Але мы не прайгралі па адной простай прычыне, таму што мы атрымалі валікую падтрымку з боку насельніцтва, ня тыя 6%, якія напісала ўлада – гэта ўсё блеф. Падтрымка была значна большая. І ўсе тыя, хто прыйшоў у Менску на пляц, перамаглі страх для таго, каб быць салідарнымі з кандыдатам у прэзыднты ад апазыцыі.
Гэта таксама наша перамога. Мы перамаглі таму, што людзі ў Беларусі ўсё больш і больш пачынаюць чуць сябе ашуканымі гэтай уладай. І пачынаюць ачуваць сябе людзьмі. Яны хочуць – як бы нябрыдка гучала стогадовае выказванне Янкі Купалы – "людзьмі звацца", але мы даўно завемся людзьмі. І вось тое, што мы завемся людзьмі, зараз пачынае прачынацца. І гэта нашя маленечкая перамога.
Спадар Альфер дадае, што апазыцыя ня мае намеру чакаць яшчэ пяць гадоў да наступных выбараў.
Сяргей Альфер: Па-першае, гэта кансалідацыя нашых сілаў. Некалькі дзён таму на нарадзе кааліцыі мы абмяркоўвалі пытаньні далейшай працы, і я спадзяюся, што гэтая кансалідацыя будзе адбывацца. На сёньняшні дзень я ня ведаю аб існаваньні палітычных сілаў, якія пры розных падыходах да справы й розных пунктах гледжаньня не хацелі б працаваць кансалідавана. Толькі ў кансалідацыі мы можам штосьці зрабіць. Таму будзе распрацоўка новай праграмы працы й будзе інфармаваньне насельніцтва пра тое, што мы робім. Таму што, на жаль, мы не дайшлі да насельніцтва, але не дайшлі па аб’ектыўных прычынах: усе актывісты з рэгіёнаў знаходзяцца ў засьценках. вялікая колькасьць людзей удзельнічала ў Майдане, цяпер і майданаўцы ў засьценках. Але тым ня менш, мы пачынаем працу па інфармаваньню граамадзян пра тое, якія былі выбары, чаму адбыліся такім чынам, і што мы будзем рабіць далей. Мы не павінны спыньваць сваёй дейнасьці, таму што кожны прыпынак на сёньняшні дзень аддаляе той дзень, калі мы зможам перамагчы гэты рэжым і ўсталяваць у Беларусі дэмакратычнае грамадзтва.
Падкрэсьліваючы ролю апазыцыі ў сьвядомасьці беларускага грамадзтва, польскі парлямэнтар Робэрт Тышкевіч, кіраўнік парлямэнцкай Камісіі салідарнасьці зь Беларусяй, прадставіў тры галоўныя напрамкі дапамогі тым, хто змагаецца за дэмакратычныя перамены ў Бэларусі. Гэта: інфармацыя, адукацыя й непасрэдная дапамога рэпрэсаваным асобам і іх сем’ям. Паведаміў таксама, што польскі ўрад пачаў працу над праектам пад рабочаю назвай "Усходняя Вядрына", мэта якога – стварыць вышэйшую навучальную ўстанову накшталт ВНУ з польска-нямецкага памежжа.
Робэрт Тышкевіч: Нашая мэта – стварыць унівэрсытэту на ўсходняй мяжы Эўразвязу, дзе заняткі будуць весьціся на трох мовах навучаньня: бэларускай, польскай ды ангельскай, а вучыцца там змогуць усе жадаючыя з эўрапейскіх краінаў, якія знаходзяцца па-суседзку зь Беларусяй . Ну й, зразумела, студэнты зь Беларусі – каб яны разам маглі вывучаць розныя дысцыпліны й дзяліцца сваім досьведам. Акрамя таго мы маем сродкі на стыпэндыі для беларускіх студэнтаў, якіх выключылі з ВНУ за апазыцыйную дзейнасьць. Хочам запрапанаваць ім працягваць вучобу ў польскіх навучальных установах. Ну й, нягледзячы на розныя супрацьстаяньні з боку Лукашэнкі, мы надалей будзем падтрымліваць незалежную друкаваную прэсу й кніжныя выданьні.
Спадар Тышкевіч падкрэсьліў, што ні ў якім разе нельга ўводзіць эканамічных санкцыяў адносна Беларусі, таму што на гэтым пацерпяць
простыя грамадзяне.
Трэба дадаць, што ў траўні бягучага году ў польскім парлямэнце адбудзецца міжпарлямэнцкая сустрэча дэпутатаў з краін Эўразвязу, прысьвечаная сытуацыі ў Беларусі, дзе, між іншым, будуць закранацца пытаньні парушэньня правоў чалавека й дапамогі ахвярам рэжыму.
Караліна Русіновіч