• Галоўныя задачы штабу А. Мілінкевіча
  • 29.03.2006
28 сакавіка адбылося паседжаньне штабу Аляксандра Мілінкевіча, на якім вызначыныя асноўныя задачы, якімі ў бліжэйшы час зоймуцца актывісты дэмакратычных сілаў. Першая – гэта ўсемагчымая дапамога й падтрымка людзям, якія пацярпелі за свае погляды. Па-другое, арганізацыя інфармацыйнай акцыі, каб паведаміць грамадзянам пра сапраўдныя падзеі апошняга часу. Трэцяя задача, стварыць агульнарэспубліканскі сьпіс прадстаўнікоў улады й сілавых структураў, якія парушылі закон падчас выбарчай кампаніі й саміх выбараў.
Больш падрабязна пра гэта нам распавядае намесьнік кіраўніка штабу Аляксандра Мілінкевіча Віктар Карнеенка.

В. Карнеенка: Гаворка ішла пра тры рэчы. Перш за ўсё – гэта акцыя салідарнасьці з ахвярамі выбарчай кампаніі (арыштаваныя, звольненыя з працы й выключаныя з унівэрсытэтаў). Гаворка ідзе пра базу дадзеных, каб ніхто не апынуўся па-за нашай увагай. Штаб прыняў рашэньне даручыць арганізацыйнаму аддзелу ўвайсьці ў кантакт з праваабарончымі арганізацыямі, прыняць актыўны ўдзел у акцыі. Вядуцца перамовы, каб беларускія студэнты вучыліся за мяжою. Што тычыцца звольненых з працы, мы пачалі працаваць з прадпрымальнікамі, якія маглі б даць працоўнае месца, будзем зьвяртацца да нашых замежных партнэраў. Магчыма, гэта будзе ў выглядзе часовай працы. Адбываецца канкрэтная матэрыяльная дапамога, перадаюцца пасылкі за краты. Мы ў стане забясьпечыць усіх прадуктамі харчаваньня. Галоўнае, каб не было адміністрацыйных перашкод. Але магчымасьцяў іншай матэряльнай дапамогі, напрыклад, выплаты гадавых заробкавых плат, у нас, на жаль, няма.

Другая справа, мы абмяркоўвалі інфармацыйную дзейнасьць кааліцыі. Мы хочам паінфармаваць, што насамрэч адбылося падчас выбарчай кампаніі, паведаміць пра бліжэйшыя пляны на будучыню. Мы будзем выкарыстоўваць незалежную прэсу, якая яшчэ засталася, ды хадзіць ад дзьвярэй да дзьвярэй.
Акрамя гэтага, з удзелам раённых штабоў мы складаем сьпіс асобаў, якія прычыніліся да гэтых выбараў.


Падчас паседжаньня Аляксандр Мілінкевіч падкрэсьліў, што ніводзін чалавек, які пацярпеў цягам апошняга часу за дапамогу дэмакратычным сілам, не застанецца без увагі й дапамогі. Кожнаму арыштаванаму, аштрафаванаму, зьбітаму, звольненаму з працы ці выключанаму з унівэрсытэту будзе аказана неабходная дапамога. Займацца гэтым будзе адмысловая група пад кіраўніцтвам Віктара Карнеенкі.

Алена Пытэль