• Падрыхтоўка да 1 траўня
  • 29.04.2006
Набліжаецца 1 траўня - сьвята працы. У шматлікіх краінах людзі выйдуць на арганізаваныя мітынгі. Некаторыя будуць сьвяткаваць, бо маюць добрыя ўмовы працы ды задаволеныя заробкамі, а некаторыя выйдуць пратэставаць супраць беспрацоўя, дрэнных умоваў працы й малой платы за яе. Вялікая частка людзей увогуле ні ў чым ня будзе прымаць удзелу.

Так і ў Беларусі. Афіцыйныя ўлады ладзяць свае мерапрыемствы, апазыцыя свае.

Партыя камуністаў Беларусі плянавала арганізаваць мітынг сацыяльнага характару. Але пасьля арышту лідэра партыі Сяргея Калякіна разам зь іншымі дзеячамі апазыцыі мітынг набывае палітычны характар.

Алена Скрыган з Партыі Камуністаў Беларускай:

А. Скрыган: Партыяй камуністаў была заяўлена дэманстрацыя, мітынг на плошчы Бангалёр і рок-канцэрт. Спачатку быў дазволены толькі мітынг без дэманстрацыі й канцэрту. Потым было прынята дадатковае рашэньне аб катэгарычнай забароне дэманстрацыі. Адказным за мерапрыемства быў Сяргей Калякін, але цяпер ён у вязьніцы. Спачаткаю мэтаю мітынгу быў пратэст супраць кантрактнай сыстэмы. Пасьля арыштаў палітычных дзеячаў мітынг будзе насіць ня толькі сацыяльны, але й палітычны характар. Таксама будзе падымацца тэма нізкіх заробкаў, праблема беспрацоўя ў малых гарадах і вёсках, дзе амаль не працуюць прадпрыемствы. Для маладых людзей там няма працы.

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя "Грамада" намерваецца далучыцца да Партыі камуністаў і выйсьці на мітынг на плошчы Бангалёр, каб пратэставаць супраць кантрактнай сыстэмы й зьняволеньня іх лідэра Аляксандра Казуліна.

Уладзімір Нісьцюк з БЦДП:

У. Нісьцюк: Мы плянуем аб'яднацца з калегамі з партыі Калякіна й Бухвостава, каб разам зь імі ўдзельнічаць у мітынгу на плошчы Бангалёр. Там будзе выступаць прадстаўнік нашай партыі, прадстаўнік сям'і Казуліна. Гэта будзе мітынг палітычнага й эканамічнага кшталту. Нашыя калегі будуць уздымаць пытаньне кантрактнай сыстэмы, пытаньні сацыяльнага забесьпячэньня людзей. Наш мітынг, зразумела, будзе адрозьнівацца ад мерапрыемстваў афіцыйных уладаў. Улады будуць сябе хваліць, а мы будзем іх крытыкаваць.

Зьняволеньне Аляксандра Мілінкевіча не паўплывала на пляны правядзеньня мітынгу ягонымі паплечнікамі. Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што сьвята 1-га траўня аб'ядноўвае як левыя, так і правыя палітычныя сілы.

А. Лябедзька: 1 траўня традыцыйна лічыцца сьвятам левых палітычных сілаў. Але спэцыфіка Беларусі такая, што мы знаходзімся ў фармаце сумеснай калектыўнай дзейнасьці, таму ня дзелім сьвяты на правыя й левыя. 1 траўня для нас два галоўныя пасылы. Першае зьвязана з кантрактнай сыстэмай. Ёсьць ідэя пачаць збор подпісаў за зьмену заканадаўства, якое рэглямэнтуе кантрактную сыстэму. Другі - гэта салідарнасьць у імя свабоды для палітвязьняў.

Фармат мерапрыемства такі. Збор каля Акадэміі навук, рух у парк "Дружбы народаў", там правядзеньне мітынгу з выступам музыкаў. Улады напачатку далі дазвол, потым перадумалі й забаранілі збор каля Акадэміі навук. Але людзі прыйдуць. Мы разьлічваем, што можа сабрацца каля 3-5 тысяч.


Гэта можа прывесьці да новых арыштаў. Але арганізатары лічаць, што гэта ня спыніць людзей, якія й так прыйдуць пад Акадэмію навук.

А. Лябедзька: Арышты не ўплываюць на настроі людзей і не выклікаюць разгубленасьці. Ёсьць працэс. Мы ўдзельнікі працэсу, які нельга спыніць, бо ідзе самаарганізацыя зьнізу. Вынік беларускага майдану - зьяўленьне вялікай колькасьці ініцыятыў зьнізу. У апошнія месяцы месца знаходжаньня лідэраў - ці гэта офіс, ці турма - не ўплывае на правядзеньне мерапрыемстваў. Штодня ў Беларусі праходзяць флэш-мобы, арганізатараў якіх мы нават ня ведаем, бо ідзе моцная самаарганізацыя зьнізу.

Гэта азначае, што тактыка ізаляваньня лідэраў, каб мерапрыемства не адбылося, засталася ва ўчорашнім дне - сказаў Анатоль Лябедзька.

Алена Пытэль