• Вязьні сумленьня
  • 06.05.2006
Міжнародная арганізацыя Amnesty International (Міжнародная амністыя) прызнала вязьнямі сумленьня яшчэ пяць беларусаў. Гэта арыштаваныя апазыцыйныя лідэры Аляксандар Мілінкевіч, Сяргей Калякін, Аляксандар Бухвостаў і Зьміцер Дашкевіч. Усе яны былі асуджаныя за ўдзел у „несанкцынавай акцыі” падчас Чарнобыльскага шляху 26 красавіка.

Паводле Amnesty International, палітыкі не зрабілі нічога недазволенага й карысталіся сваім правам на свабоду правядзеньня акцый і свабоду выказваньня. Гэта частка дзяржаўнай палітыкі, якая не прымае ніякай крытыкі й не дазваляе апазыцыйнага руху.

Мы размаўляем з прэсавым сакратаром варшаўскага аддзелу праваабарончай арганізацыі Мірэляй Панэк. Скажыце, хто такі вязень сумленьня?

М. Панэк: Арганізацыя Amnesty International увяла ў міжнародныя адносіны назву "Вязень сумленьня". Вязень сумленьня - гэта асоба, якая была арыштавана або затрымана за сваю, згодную з правам, дзейнасьць, за барацьбу за свае правы - права свабоды слова, права зьбірацца на паседжаньнях. Для нас важна, каб асоба не парушала права, не заклікала да злачынстваў. Amnesty International на падставе дасьледаваньняў, рапартаў, інфармацый, якія мы атрымліваем, прызнае тых ці іншых асобаў вязьнямі сумленьня. Тады арганізоўваюцца розныя акцыі, напрыклад, пісаньне лістоў. Мэты акцый - падтрымка гэтых асобаў, заклік улад краіны адпусьціць зьняволенных.

Але ж у Беларусі няма аддзялу Amnesty International. Раскажыце, такім чынам як выбіраюцца асобы, якім надаецца статус вязьня сумленьня ў Беларусі?

М. Панэк: У Беларусі няма нашага аддзелу, паколькі мы існуем у краінах, дзе можам працаваць згодна з правам, дзе мы можам быць зарэгістраваныя. У Беларусі такой магчымасьці няма. Гэта значыць, улады не дазваляюць. Але Беларусь зьяўляецца вельмі важнай краінай для цэлай міжнароднай сеткі Amnesty International. Вельмі шмат акцый і рапартаў прысьвечаны менавіта тэматыцы перасьледаў у Беларусі.

Як выбіраюцца вязьні сумленьня ў Беларусі? Да нас трапляе вельмі шмат інфармацый пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Аддзел у Лёндане, які займаецца непасрэдна Беларусьсю, заўсёды мае актуальную інфармацыю. Яны супрацоўнічаюць зь беларускімі арганізацыямі, польскімі, якія займаюцца гэтай тэматыкай. Такім чынам, пасьля аналізу дадзеных, у Лёндане вырашаецца, каго прызнаць вязьнем сумленьня.


Вязень сумленьня набывае якія-небудзь правы, якія перад ім адкрываюцца магчымасьці?

М. Панэк: Быць вязьнем сумленьня - гэта значыць быць пад апекай Amnesty International. Прозьвішча гэтай асобы зьяўляецца ў афіцыйных дакумэнтах, рапартах. Аддзелы ў дадзеных краінах могуць пісаць да гэтай асобы, могуць яе "ўсынавіць" духоўна. Бо ёсьць штосьці такое, як усынаўленьне вязьня сумленьня. Тады гэтая асоба знаходзіцца пад асаблівах апекай арганізацыі. Мы сочым, што дзеецца з гэтай асобай, які яе лёс. Не дазваляем, каб пра яе забыліся.

Аляксандар Васільеў, таксама вязень сумленьня, расказвае нам, за што арганізацыя Amnesty International яго адзначыла, і што гэта для яго значыць.

А. Васільеў: Мяне асудзілі ў гарадзенскім судзе, я лічу, што несправядіва, нібыта за паклёп на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Насамрэч гаворка ідзе пра палітычны перасьлед. Пэўна за арганізацыю першатравеньскіх пратэстаў. Чатыры месяцы ішоў працэс, а нам так і не сказалі, якімі словамі мы абразілі прэзыдэнта. Нас з Валерам Леванеўскім пасадзілі на два гады. Я адсядзеў 10 месяцаў. У Amnesty іншыя крытэрыі выбару такіх асобаў. А ў нашай улады няма палітзьняволенных, у нас толькі крымінал. І мяне судзілі як злачынцу. На шчасьце, у Эўропе думаюць інакш, бо мы дзейнічалі згодна зь беларускім заканадаўствам, нічога не парушалі. Калі я сядзеў у вязьніцы, то атрымаў інфармацыю ад Amnesty International, што мяне прызналі вязьнем сумленьня. Таксама пра гэта пісалі апазыцыйныя газэты. У той момант - "Камсамольская праўда". Я нават падпісваў дакумэнты, што ведаю й згаджаюся. Хачу сказаць, што калі знаходзішся за кратамі, вельмі прыемна, што пра цябе памятаюць, што цябе прызналі вязьнем сумленьня. Гэта вялізарная маральная падтрымка. Так і я цяпер стараюся падтрымліваць вязьняў. Перадаю ім пасылкі, прэсу, пішу лісты. Я лічу, што гэта была вельмі патрэбная й своечасовая падтрымка - прызнаньне вязьнем сумленьня.

Мікалай Статкевіч зьбіўся зь ліку лічыць, колькі разоў яго называлі вязьнем сумленьня.

М. Статкевіч: Міжнародная Амністыя прызнала мяне вязьнем сумленьня, мабыць, 10 год таму. Я нават ня ведаю, колькі разоў мяне ім прызнавалі. Пра гэта я даведваўся заўсюды, як выходзіў на свабоду. Безумоўна, гэта азначала некую ўвагу да таго, што я раблю. Гэта азначала падрымку, перш за ўсю маральную, што нямалаважна.

Найлепшая крыніца інфармацыі адносна сьпісу асобаў, якіх сваёй апекай ахапіла праваабарончая арганізацыя, зьяўляюцца інтэрнэт-старонкі. Агульная – www. amnesty.org, польска й расейскамоўныя – www.amnesty.org.pl і www.amnesty.org.ru.

Алена Пытэль