• Віцебск: "У знак пашаны Яну Паўлу Вялікаму"
  • 15.05.2006
У Віцебску прайшоў учора Дзень палякаў замежжа, а ў суботу была ўшанаваная памяць польскага пантыфіка Яна Паўла ІІ. Сьвяткаваньні з удзелам каля 100 асобаў арганізаваў консульскі аддзел амбасады Польшчы ў Менску. Было гэта 2-дзённае мерапрыемства, кажа галоўны арганізатар, консул Кшыштаф Сьвідэрэк.

К. Сьвідэрэк: Адзначэньне дня палякаў замежжа складалася з 4 асноўных пунктаў. Першы зь іх – у суботу, 13 траўня, раніцой у памяшканьні польскай дабрачыннай арганізацыі Карытас у Віцебску прайшла сустрэча зь дзецьмі, якія вывучаюць польскую мову.

Пазьней адбылося ўшанаваньне памяці Яна Паўла ІІ у 25 гадавіну замаху на пантыфіка. Была адслужаная імша з удзелам беларускіх, польскіх, а таксама італьянскіх сьвятароў, бо на сьвяткаваньні прыехала дэлегацыя з Рыму. А пазьней быў канцэрт "У знак пашаны Яну Паўлу Вялікаму".

У нядзелю раніцой таксама прайшло багаслужэньне, але гэтым разам з малітвай за палякаў, якія жывуць па-за межамі бацькаўшчыны. І апошнім пунктам была сустрэча за багата застаўленым сталом з выступамі беларускіх і польскіх гуртоў, а таксама артыстаў – палякаў па паходжаньню з гэтай часткі Беларусі.


У суботу ў 25 гадавіну замаху на папу рымскага Яна Паўла ІІ адбылася малітва за хуткае далучэньне яго да ліку сьвятых. Віцебскі біскуп Уладыслаў Блін зьвярнуў увагу на тое, што папа Ян Павал ІІ увесь час падтрымоўвае на духу вернікаў, таксама ў Беларусі.

У. Блін: Ён заўжды ёсьць з намі, хоць фізычна яму ніколі не ўдалося наведаць Беларусь, але душой Ян Павал ІІ моцна хацеў пабываць тут, у Віцебску, на Беларусі.

Грэка-каталіцкі сьвятар у Віцебску айцец Дзьмітры сказаў нашаму радыё, што таксама грэка-католікі ў Беларусі маюць за што быць удзячнымі Яну Паўлу ІІ.

А. Дзьмітры: Мы выйшлі з падзямельля, пачалі легальна дзейнічаць. Нам быў прызначаны каардынатар і мы памятаем пра гэтую падтрымку Апостальскага пасаду, а таксама пра клопат самога папы рымскага Яна Паўла ІІ.

Пасланец пантыфіка на ўрачыстасьці кардынал Казімеж Шока перадаў удзельнікам сустрэчы прывітаньне ад Бэнэдыкта XVI.

Крд. К. Шока: Наш папа рымскі Бэнэдыкт XVI сказаў, што я маю прывітаць ад яго імя ўсіх людзей, якія тут сабраліся. Я хачу таксама вам перадаць, што папа вас усіх бласлаўляе, лучыцца з вамі ў думках і моліцца за вас усіх.

Пасьля сьвятой імшы ў віцебскай катэдры ў суботу ўвечары адбыўся канцэрт "У знак пашаны Яну Паўлу Вялікаму" ў 25 гадавіну замаху на пантыфіка. На ім выступілі артысты з Польшчы ды мясцовы польскі гурт старадаўняй музыкі.

Была гэта, бадай, адна з найвялікшых падзеяў у жыцьці ня толькі польскай дыяспары на Віцебшчыне, але й наогул жыхароў Беларусі.

К. Сьвідэрэк: За ўчорашні й сёньняшні дні польскае консульства ў Менску артымала шмат тэлефанаваньняў, было шмат прыемных словаў ня толькі ад мясцовых палякаў, але й ад беларусаў, якія таксама ўдзельнічалі ў нашых мерапрыемствах, прысьвечаных памяці Яна Паўла ІІ. Яны нам дзякавалі й называлі гэта адной з найбольшых духоўных падзеяў у апошнім часе.

На ўрачыстасьці з нагоды Дня палякаў замежжа ў Віцебску прысутнічалі прадстаўнікі абедзьвюх палатаў польскага парлямэнту – Сэйму й Сэнату, а таксама Міністэрства замежных справаў Польшчы.

Эльвіра Богдан