- Прапанова навучаньня ў Польшчы
- 16.05.2006
Інстытут Усходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту выдзяліў 25 стыпэндыяў на дадатковае 2-гадовае навучаньне для асобаў з вышэйшай адукацыяй. Стыпэндыі прызначаны для кандыдатаў з Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы, Балканаў, Расеі, Каўказу й Цэнтральнай Азіі.
Курс будзе адбывацца ад 1 кастрычніка 2006 г. да 30 чэрвеня 2008 г. Тэрмін падачы заявак мінае 20 траўня.
У прагараме навучаньня – гісторыя й сучаснасьць Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы, Расеі ды ўсяго посткамуністычнага абшару. Асноўны націск кладзецца на гісторыю, нацыянальныя пытаньні ды паліталёгію, але таксама ёсьць элемэнты літаратуры, гісторыі мастацтва, сацыялёгіі, культуры, геаграфіі, дэмаграфіі, права й эканомікі. У праграме таксама навучаньне аднае з моваў рэгіёну.
Інфармацыю пра стыпэндыйныя праграмы Інстытуту Ўсходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту дапамагаюць распасюджваць дыпляматычныя прадстаўніцтвы Польшчы ў паасобных краінах. Як запэўнівае І сакратар Амбасады Польшчы ў Беларусі Марыян Семаковіч, кандыдаты зь Беларусі могуць таксама разьлічваць на іншую дапамогу. Ім даюць магчымасьць аформіць выязныя дакумэнты без чаргі. Апрача таго яны могуць прасіць бясплатную польскую візу.
Кандыдатам прапануецца бясплатнае 2-гадовае навучаньне са стыпэндыяй у памеры 1200 зл./мес., дадатковыя сродкі на набыцьцё навуковых дапаможнікаў, аплата жытла ў інтэрнаце ды інтэнсіўны курс польскай мовы.
Сярод патрабаваньняў – вышэйшая адукацыя, пажаданыя навуковая праца альбо арганізацыйны досьвед і практыка ў абшары зацікаўленьня Інстытуту Ўсходняй Эўропы, арыентацыя ў праблематыцы, дадатны вынік тэсту па агульных ведах і кваліфікацыйнай размовы. Апрача таго патрабуецца базавае валоданьне польскай, ангельскай ды расейскай мовамі. І ўзрост – да 30 гадоў.
Да дакумэнтаў неабходна далучыць копію дыплёму ВНУ, дакладна запоўненую анкету, кароткую біяграфію з матывацыйным лістом. Пажаданыя таксама іншыя дакумэнты, што маглі б дапамагчы экзаменацыйнай камісіі, а таксама рэкамэндацыі ад 1-2 асобаў, якія павінны іх даслаць самі, а не кандыдат. Больш інфармацыі на тэму можна знайсьці на сайце www.studium.uw.edu.pl.
Камплект дакумэнтаў трэба выслаць па пошце да 20 траўня.
Дымплём, які атрымаюць студэнты пасьля навучаньня, зьяўляецца пацьверджаньнем атрыманьня вышэйшай адукацыі ў Польшчы. Згодна з заканадаўствам, ён прызнаецца ва ўсіх краінах Эўразьвязу.
Інстытут Усходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту ўжо закончыла альбо яшчэ там вучыцца звыш 100 стыпэндыстаў у рамках дадзенай праграмы.
Эльвіра Богдан