- Судовая справа Івана Крука
- 17.05.2006
15 траўня сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Івана Крука асудзілі на 6 месяцаў зьняволеньня за гвалт у дачыненьні да супрацоўніка міліцыі. Сам Іван Крук перакананы, што справа мае палітычны й заказны характар.
На працэсе быў прысутны Віктар Сазонаў, які нам распавядае пра галоўныя асьпэкты абвінавачаньня Івана Крука.
В. Сазонаў: Найперш, як сказаў сам Іван Крук, гэта справа носіць яскравы палітычны харакрат. Іван Крук быў адным зь ініцыятараў утварэньня палітычнай супольнасьці на Астравеччыне. Мясцовым уладам даўно не падабалася яго дзейнасьць. Яны абвінавацілі сына Крука ў крадзяжы. З гэтай нагоды прыйшлі да іх на вышук. Пры ператрусе іх цікавіў кампутар. Каб зьберагчы апазыцыйную базу дадзеных, Іван Крук разьбіў яго. Пасьля гэтага Івана пачалі абвінавачваць у супраціве міліцыі.
Працэс цягнуўся доўга, потым яго перанесьлі ў Ліду, бо ў Астраўцы Іван Крук мае аўтарытэт, шмат хто прыйшоў бы яго падтрымаць. Суд вынес пакараньне цалкам такое, як прасіў пракурор – 6 месяцаў арышту.
Але працэс будзе працягвацца ў вышэйшых інстанцыях. Калі трэба будзе, то і ў міжнародных судах.
Івана Крука яшчэ не ўзялі пад ахову. Ён мае 10 дзён, каб падаць скаргу ў вышэйшую інстанцыю. Як зазначыў Віктар Сазонаў, пра нібыта крадзеж сына Крука раптам забыліся, што даказвае заказны характар справы.
Справа Івана Крука распачалася ажно ў лютым. Алесь Бяляцкі з праваабарончай арганізацыі „Вясна” кажа, што гэта не выключэньне, 3-4 месяцы – гэта звычайны час для вядзеньня падобных працэсаў.
А. Бяляцкі: Гэта бывае па-рознаму, але падобныя справы цягнуцца 3-4 месяцы. Таму нічога дзіўнага ў гэтым няма. Па беларускім заканадаўстве следзтва можа ісьці 2 месяцы. Але калі пракурор палічыць, што недастаткова часу для разгляду гэтай справы, мае права прадоўжыць тэрмін.
„Прысуд 6 месяцаў – гэта таксама больш менш норма”, – кажа юрыст арганізацыі „Вясна” Валянцін Стэфановіч.
В. Стэфановіч: Гэта яшчэ не максымальны тэрмін. Але цяпер ёсьць тэндэнцыя да такіх пакараньняў – арышт або абмежаваньне волі. З аднаго боку, гэта ня так шмат, але з другога – чалавека й так прызналі вінаватым. 6 месяцаў ён будзе адбываць пакараньне. Што тычыцца палітычных справаў, то вельмі рэдка ўдаецца выйграць крымінальную справу й прызнаць асобу невіноўнай. Па статыстыцы, у краіне 98% справаў маюць абвінаваўчы характар. Толькі 2% апраўдаўчы. У палітычных справах не было выпадкаў, калі чалавека апраўдалі. Гэта шмат з чым зьвязана. Калі справу ўзбуджалі, то хацелі запужаць іншых. Натуральна, прызнаць невінаватым ужо не выпадае. Акрамя гэтага, лічыцца, што час, праведзены пад вартай – незаконны арышт. У грамадзянскім праве ў такіх выпадках прадугледжваецца кампэнсацыя маральнай шкоды. А дзяржава не зацікаўлена ў іх выплочваньні.
Валянцін Стэфановіч дадае, што кожнае правапарушэньне, якое так ці інакш зьвязана з палітычнымі дзеяньнямі, і так лічыцца крыміналам.
В. Стэфановіч: Мы іх лічым палітасуджанымі. Але фармальна няма палітычных артыкулаў. Ёсьць Крымінальны кодэкс са складам злачынстваў. Зьмены ў Крымінальным кодэксе, якія ўвайшлі ад 1 студзеня бягучага году, мы лічым палітычнымі артыкуламі. Для дзяржавы гэта крымінальныя злачынствы, а для нас – палітычна матываваны крымінальны перасьлед. Часта ўлада выкарыстоўвае іншыя артыкулы, напрыклад, хуліганства. Нават тут, калі браць аспэкт канкрэтнай справы, то бачна, што справа носіць палітычны характар.
„Так было ў выпадку Івана Крука – яго абвінавацілі ў гвалце ў дачыненьні супрацоўніка міліцыі. Але калі паглядзець больш дакладна, то было гэта падчас выбараў,” – дадае Валянцін Стэфановіч.
Алена Пытэль