- А.Мілінкевіч будзе супрацоўнічаць з замежнаю прэсай
- 23.05.2006
Лідэр дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч надалей будзе супрацоўнічаць з замежнаю прэсай. Учора ён атрымаў пісьмовае папярэджаньне ад пракурора аб парушэньні Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Палітыка папярэдзілі аб тым, што сваімі выказваньнямі ў замежным друку ён дыскрэдытуе Рэспубліку Беларусь.
У інтэрвію Радыё Палёнія Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што ня спыніць сваёй дзейнасьці й надалей будзе камэнтаваць беларускія падзеі замежным выданьням.
Аляксандар Мілінкевіч: Я атрымаў пісьмовае папярэджаньне ад пракурора горада за тое, што я падпадаю пад артыкул "Распаўсюд інфармацыі ў замежных краінах, якая дэскрыдытуе Рэспубліку Беларусь". Гэта артыкул Крымінальнага кодэксу, які паявіўся напярэдадні выбараў, але ў кампаніі яго не выкарыстоўвалі. А вось цяпер пачалі.
Я зьяўляюся прадстаўніком замежных СМІ. Тое, што Вы са мною цяпер гутарыце, таксама падпадае пад гэты закон?
Аляксандар Мілінкевіч: Абсалютна. Ведаеце, калі жыць адпаведна з гэтым артыкулам, то ўвогуле палітыкай нельга займацца. Таму што толькі ляяльныя фразы адпавядаюць закону. А ўсё, што крытыкуеш, можа падпасьці.
У такім выпадку маеце два выйсьці: альбо сядзець маўчком, альбо працягваць даваць камэнтары й зноў вярнуцца на Акрэсьціна.
Аляксандар Мілінкевіч: Не, там ужо будзе не "Акрэсьціна" - там зона.
А вам хочацца на зону?
Аляксандар Мілінкевіч: Не. Ніхто ня хоча на зону. Усе хочуць жыць у нармальнай Беларусі, а не на зонах. Але калі спатрэбіцца... То што ж рабіць, перапыняцца нельга.
Нагадаем, што артыкул Крымінальнага кодэксу, парушэньне якога прыпісваюць Аляксандру Мілінкевічу, прадугледжвае адказнасьць за “дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь”. Ён быў прыняты летась у сьнежні напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў і ўступіў у сілу 1 студзеня 2006 году.
Караліна Русіновіч