- Эўрапейскі дзень паркаў
- 24.05.2006
Сёньня, дарэчы ўжо 7-ы раз, эўрапейскія краіны адзначаюць Дзень паркаў. Нацыянальныя паркі, якіх па ўсёй Польшчы 23, зьяўляюцца найважнейшай спосабам аховы навакольнага асяродзьдзя ў краіне.
Найбольш паркаў, бо аж 4 - распаложаныя на тэрыторыі Падляскага ваяводзтва. Як заяўляюць экскурсаводы, кожны з падляскіх паркаў можна ахарактарызаваць прэфіксам „най”.
І так, найстарэйшым польскім паркам зьяўляецца Белавескі нацыянальны парк.
Гаворыць Малгажата Куркоўска з Рэгіянальнага аддзелу Польскага турыстычна-краязнаўчага таварыства (PTTK) у Беластоку.
„Гэта такі прыклад ляснога комплексу, дзе знаходзяцца стагадовыя дрэвы. Ня можна забываць пра тое, што сымбалем Белавескага парку зьяўляецца зубр. Каб пабачыць гэтага вялікага зьвяра прыяжджаюць турысты з усяго сьвету.
У сваю чаргу гід Кшыштаф Шэпель дадае, што найбольшым польскім нацыянальным паркам зьяўляецца Бебжанскі парк.
„Гэта найбольшыя балоты ў Эўропе й месца, дзе водзіцца каля 180 відаў птушак. Тут знаходзіцца найбольшы запаведнік „Чырвонае балота”, дзе абедзьве ўсясьветныя войны выжыў лось. Дарэчы, да гэтай пары на тэрыторыі „Чырвонага балота” жыве амаль палова папуляцыі лося ў Польшчы.
Адным з найменшых і наймаладзейшых паркаў зьяўляецца Нарвянскі нацыянальны парк.
„Гэта перадусім даліна ракі Нараў, дзе асноўнай прываблівасьцю зьяўляецца навакольнае асяродзьдзе й птушкі. Гэта таксама месца пражываньня іншых зьвяроў. Гаворка ідзе, напрыклад, пра бабры, якія цяпер распаўсюдзіліся па ўсёй Польшчы.
У сваю чаргу паводле Малгажаты Куркоўскай, найпрыгажэйшым паркам зьяўляецца Вігерскі нацыянальны парк.
„Гаворка ідзе пра тое, што на згаданай тэрытотыі знаходзяцца і лясныя комплексы, і азёры. Гэта тым больш цікавы рэгіён, што тут знаходзяцца маляўнічыя паледавіковыя ўзгоркі,” - гаварыла Малгажата Куркоўска з Рэгіянальнага аддзелу Польскага турыстычна-краязнаўчаага таварыства (PTTK) у Беластоку.
Эўрапейскі дзень паркаў адзначецца ад 1999 году. Ён быў устаноўлены ў 90- гадавіну стварэньня першага эўрапейскага парку, які ў 1909 годзе ўзьнік у Швэцыі.