• Праблемы пратэстанцкіх суполак у Беларусі
  • 27.05.2006

26 траўня Менскі гарадзкі суд прыняў рашэньне ліквідаваць царкву хрысьціян бабтыстаў „Запавет Хрыста”. Гэта ўжо чацьвёртая па ліку царква ліквідаваная ў апошнім часе.

Алесь Бяляцкі з праваабарончага цэнтру „Вясна” кажа, што праблемы пратэстантаў пачаліся ад часу прыняцьця новага закону аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігій у Беларусі.

А. Бяляцкі: Пачалося з прыняцьця новага закону аб рэлігіі прыблізна тры гады таму. Найперш ён абмежаваў правы новых "нетрадыцыйных" рэлігій у Беларусі. У гэтым ліку апынуліся новыя пратэстанцкія суполкі, якія апошнія 15 год разьвіваюцца дастаткова дынамічна. За апошнія гады зачыненыя чатыры царквы. Чаму так адбылося? Я думаю, што гэта зьвязана зь іх актыўнасьцю й пэўным лабіраваньнем інтарэсаў Рускай праваслаўнай царквы ў Беларусі. Штомесяц мы атрымліваем інфармацыю пра судовыя працэсы, дзе звычайна караюцца пастары за правядзеньне "несанкцыянаваных" набажэнстваў. Наш цэнтр "Вясна" расцэньвае гэта як абмежаваньне правоў людзей да веравызнаньняў, што супярэчыць нашай Канстытуцыі. Ёсьць шмат пунктаў, якія абмяжоўваюць дзейнасьць цэркваў. Гэта датычыць ня толькі пратэстантаў, але і праваслаўных, і каталікоў. Яны проста маюць больш разьвітыя сеткі, структуры й лічацца традыцыйнымі рэлігіямі.

Праваслаўная царква не вітае гэтых суполак, калі не сказаць, што ставіцца да іх вельмі холадна. З боку Каталіцкай царквы таксама няма адкрытых праяваў падтрымкі. На жаль, такія маленькія цэрквы застаюцца сам на сам са сваімі праблемамі.


Студэнт БДУ Юрась мяркуе, што ліквідуючы суполкі ўлада сама выклікае на сябе бяду.

Юрась: Слова Божае кажа пра адну ісьціну: зло само сябе адмаўляе. Тое, што ўлады робяць зь месцамі, куды людзі прыходзяць маліцца, ня пройдзе непрыкметна. Гэта будзе мець зваротную рэакцыю. Калі вернікам не дазваляюць зьбірацца й маліцца Богу, то гэта выклікае рэзананс у звычайных людзей. Калі няверуючыя людзі бачаць, што вернікам забараняюць сустракацца, яны бачаць, што ўлада не паважае сваіх грамадзян. Такім чынам нават на грамадзкім узроўні, не закранаючы веры, атрымліваецца, што ўлада выймае з-пад сябе крэсла.

Вернікі ліквідаванай у пятніцу царквы „Запавет Хрыста” кажуць, што, нягледзячы на рашэньне суду, яны будуць шукаць магчымасьці праводзіць сустрэчы й адпраўляць набажэнствы, бо гэта гарантуе Канстытуцыя Беларусі.

Алена Пытэль