- Ракеты S 300 у Беларусі
- 31.05.2006
У Беларусь з Расеі трапілі супрацьпаветраныя ракеты S 300. Ракеты могуць зьбіваць паветраныя аб’екты рознага роду. Гэта вельмі моцная й эфэктыўная зброя. У беларускай сыстэме супрацьпаветранай абароны гэта самы сучасны й эфэктыўны сродак барацьбы з паветранымі цэлямі.
Польскія СМІ пішуць, што S 300 зьяўляюцца пагрозаю для бясьпекі Польшчы й заходніх дзяржаваў, а некаторыя з ракет могуць быць прададзены ў Іран.
Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі кажа, што Беларусь такія ракеты мае яшчэ з часоў Савецкага Саюзу й носяць яны выключна абарончы характар.
П. Казлоўскі: Сыстэма супрацьпаветранай абароны Беларусі такія комплексы мае яшчэ з савецкага часу, яны разьмешчаны непадалёк Менску. А тыя, што прыйдуць з Расеі пойдуць на іншыя аб'екты, але гэта вырашаць узброеным сілам. Я ў гэтым ня бачу ніякой бяды, бо гэта толькі абарончая сыстэма ад магчымых агрэсій, тэрарызму.
Ці ракеты, разьмешчаныя непадалёк польска-беларускай мяжы, зьяўляюцца адказам на пакупку Польшчаю амэрыканскіх самалётаў F-16, як піша сёнешняя польская прэса? Павал Казлоўскі так ня лічыць. „ Яны Беларусі патрэбны й не нясуць ніякай шкоды нашым суседзям,” – кажа генэрал.
П. Казлоўскі: Я так ня думаю, хаця з пазыцыі ваенных, гэта правільна. Бо калі на тэрыторыю суседа прыбываюць такія самалёты, разьмяшчэньне ракет лягічна.
Акрамя ўзмацненьня сваіх межаў і тэрыторыі, Беларусь адначасова ўзмацняе супрацьпаветраную абарону Расеі. Але такую кааперацыю, як кажа Казлоўскі, можна сустрэць ў шматлікіх дзяржавах і нічога дзіўнага ў гэтым няма.
П. Казлоўскі: Расея атрымае самую галоўную рэч. Ёсьць адзіная сыстэма супрацьпаветранай абароны, а тут будуць прыкрывацца захаднія межы й для Расеі. Такой сытэмы, якую мае беларускае войска, каля Смаленску няма. Таму Расеі гэта выгадна. А Беларусі выгадна, што ракеты ня трэба купляць за ўласныя грошы. Расея дала іх у арэнду. Такія кааперацыі ёсьць у ЗША, у Эўропе.
Другая справа, каб дзяржава не палохала, што мы ваюем супраць нейкага агрэсара. А калі гэтыя ракеты будуць для барацьбы з тэрарызмам - гэта нармальна.
Генэрал Валеры Фралоў ня мае дакладнай інфармацыі пра ракеты, але лічыць, што гэта правільнае рашэньне беларускіх уладаў.
В. Фралоў: Я ня ведаю, ставяць іх, ці ня ставяць. Але ж разумею, што калі ёсьць такая аб'яднаная супрацьпаветраная абарона, новая ўстаноўка ў значнай ступені павялічыць моц беларускіх узброеных сілаў.
Аналітык Рафал Садоўскі з Цэнтру усходніх даследваньняў мяркуе, што кожная краіна клапоціцца аб сваёй паветранай бясьпецы, таксама й Беларусь. У зьмяшчэньні супрацьпаветраных ракетаў непадалёк польска-беларускай мяжы ня трэба бачыць пагрозы для Польшчы.
Р. Садоўскі: Беларусь і Расея ўжо даўна размаўлялі на тэму перадачы расейскім бокам ракет S 300. Найперш, для самой Беларусі гэта азначае ўзмацненьне яе абарончай сыстэмы, бо гэтыя ракеты маюць выключна абарончы характар. Да гэтага часу польскія ўлады не зрэагавалі, бо я не думаю, каб гэта пагражала інтарэсам і бясьпецы Польшчы. Гэтыя ракеты ня толькі ўзмацняюць абарончую сыстэму Беларусі, але й гавораць пра блізкае ваеннае беларуска-расейскае супрацоўніцтва. Яшчэ адным вынікам для Беларусі будзе больш моцная залежнасьць беларускай абароны ад Расеі.
Алена Пытэль