• Футбольныя трансьляцыі па-беларуску
  • 02.06.2006
Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны даслала старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Аляксандру Зімоўскаму ліст, у якім намагаецца, каб усе трансьляцыі з чэмпіянату сьвету па футболе вяліся на беларускай мове. У лісьце таварыства выказала заклапочанасьць "амаль поўнай адсутнасцю беларускамоўных каментарыяў спартыўных спаборніцтваў на каналах беларускага тэлебачання".
Паводле ТБМ, дадзены факт зьяўляецца відавочнай дыскрымінацыяй вялікай колькасьці грамадзян Беларусі, больш за 73% якіх лічаць беларускую сваей роднай мовай.

З нагоды атрыманьня тэлерадыёкампаніяй эксклюзіўных правоў на трансьляцыю футбольных матчаў, ТБМ патрабуе ад тэлерадыёкампаніі, каб камэнтары адбываліся на дзяржаўнай беларускай мове, – кажа старшыня таварыства Алег Трусаў.

Алег Трусаў: Лісты адпаведна даслалі, а зараз зьбіраем подпісы грамадзянаў. А грамадзяне ставяць подпісы вельмі актыўна, нават у дождж.

Гэта значыць,што вы зрабілі такую грамадзкую кампанію?

Алег Трусаў: Можна так сказаць. Па першае – мы напісалі лісты. Па другое – прынялі афіцыйную заяву, каб усе грамадзяне Беларусі далучаліся. Грамадзяне далучаюцца. Зараз зьбіраем подпісы, якія высылаем на імя кіраўніцтва тэлебачаньня.

Скажыце, калі ласка, ці з тэлебачаньня ёсьць нейкі водгук?

Алег Трусаў:Пакуль ніякіх адказаў мы ня маем. Па закону, яны могуць не адказваць
30 дзён. Мабыць, вырашаюць гэтую справу ў сябе.

Але за 30 дзён ужо чэмпіянат скончыцца.

Алег Трусаў: Сапраўды, таму мы й пачалі гэтую кампанію. Выслалі лісты. Зьбіраем подпісы. У нас прынцып такі: мы распрацавалі блянк. Даем людзям, а яны зьбіраюць па 20 подпісаў ды й пасылаюць. Грамадзяне ў нас актыўныя, робяць усё самі.

Як вам здаецца, якім чынам будзе разгледжаная вашая прапанова?

Алег Трусаў: Усё залежыць ад актыўнасьці грамадзян. Калі актыўных будзе шмат, то мы, як кажуць, выйграем. Проста, позна мы за гэтую справу ўзяліся. Бо нашыя "заўзятыя футбалісты" сядзелі, як мышы пад венікам. А да нас у ТБМ прыйшлі, калі чэмпіянат на носе. Каб мы пачалі гэтую кампанію паўгоду таму, то выйгралі б без пытаньняў. Але лепш пазьней, чым ніколі. Вось яны да нас прыйшлі, мы далі ім лісты, а цяпер усё залежыць ад таго, як яны за гэтыя тыдні спрацуюць. Калі будзе некалькі тысяч подпісаў – то шанцы вялікія, а калі будзе пару сотняў – то шанцы малыя. У свой час мы перавялі электрычкі на беларускую мову, але тады мы сабралі каля 40 тысяч подпісаў. Зьбіралі цэлы год, так што ўсё залежыць ад колькасьці подпісаў.

А вось гэтыя блянкі, якія вы апрацавалі, дзе можна знайсьці: непасрэдна ў вас, ці ў Інтэрнэце?

Алег Трусаў: Блянкі можна атрымаць у нас у сядзібе, у Інтэрнэце мы іх не выстаўляем.

А калі б нехта хацеў далучыцца зь іншага гораду ці вобласьці?

Алег Трусаў: Справа ў тым, што мы сваім актывістам высылаем. Выслалі ў розныя гарады, і нават вёскі. У нас прынцып такі: мы па электроннай пошце дасылаем усім сваім структурам. Калі, напрыклад, суполка ў Воршы ці Верхнядзвіньску хоча, яна тады гэты блянк выводзіць і пайшла зьбіраць, калі ня хоча, то ня робіць. Усе нашыя актывісты атрымалі і заяву сакратарыяту, і ўзоры блянкаў – усё гэта ёсьць.

Нагадаем, што чэмпіянат сьвету па футболе пачнецца 9 чэрвеня ў Нямеччыне. А Таварыству беларускай мовы жадаем посьпехаў у іх намаганьнях.

Караліна Русіновіч