- Спыненьне гандлёвых прэфэрэнцыяў
- 02.06.2006
На днях тры міжнародныя прафсаюзныя аб`яднаньні скіравалі зварот да камісара па справах гандлю Эўразьвязу Пітара Мэндэльсона з заклікам прыняць рашэньне аб спыненьні гандлёвых прэфэрэнцыяў для беларускага ўраду. Зварот падпісалі прадстаўнікі Эўрапейскай канфэдэрацыі прафсаюзаў, Усясьветнай канфэдэрацыі працы й Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў.
Калі дзеяньне прэфэрэнцыяў будзе супынена, то Беларусь можа страціць каля 300 мільёнаў эўра, што вельмі дрэнна адаб’ецца на беларускай гаспадарцы. І ў першую чаргу на некаторых прадпрыемствах, - мяркуе эканаміст Яраслаў Раманчук.
Яраслаў Раманчук : Санкцыі , якія б яны ня ўводзіліся – гэта вельмі непрыемныя рэчы для эканомікі. Перш за ўсё для тых беларускіх прадпрыемстваў, якія маюць доступ на эўрапейскія рынкі. Таму, калі гэтыя санкцыі будуць уведзеныя, то яны вельмі моцна паўплываюць на іх фінансавае становішча. І можа атрымацца такім чынам, што сёньня гэта датычыць некаторых аспэктаў прадпрыемстваў краіны, а заўтра ўвядуць санкцыі й на іншыя нейкія фінансавыя патокі.
Я думаю, што гэта яшчэ адзін сумны сыгнал для прадпрыемстваў, якія хацелі ўвесьці сваю прадукцыю на эўрапейскі рынак, бо менавіта да іх тавараў будуць датычыць гэтыя санкцыі, калі будуць уведзеныя.
А ў суме – гэтыя меры не паўплываюць ні на становішча беларускага рэжыму, ні на стан эўрапейскага рынку. Больш за тое, я думаю, што яны будуць проста мядзведжай прыслугай для беларускай дэмакратычнай апазыцыі. Бо, скажуць, што дэмакраты выступаюць супраць сваіх прадпрыемстваў. І таму я супраць гэтых санкцыяў і ня думаю, што гэта найлепшая мера, якую трэба стасаваць у дачыненьні да беларускага рэжыму.
Дагэтуль Эўразьвяўз толькі пагражаў санкцыямі. Цяпер зрабіў першы крок. Як вам здаецца, чаго яшчэ чакаць?
Яраслаў Раманчук : Ведаеце, гэта такія крокі, якія не патрабуюць палітычнай волі самога Эўразьвязу. Бо гэта робіцца з падачы Міжнароднай арганізацыі працы. З майго пункту гледжаньня, Эўразьвяз быў бы больш эфэктыўны, калі б ён скіраваў рэсурсную фінансава-тэхнічную дапамогу для тых структураў, якія ўнутры краіны адстойваюць інтарэсы й ідэалы дэмакратыі й свабоды. І вось гэтага кампанэнту акурат не хапае Эўрапейскаму Зьвязу. Таму, што такія кнуты – гэта добра, але трэба, каб яшчэ была нейкая пазытыўная праграма для эўрапейскіх сілаў, якія падзяляюць усе тыя каштоўнасці й стандарты, на якіх базуецца сам Эўразьвяз.
Можна сказаць, што проста падлілі масла ў агонь.
Яраслаў Раманчук: Сапраўды, падлілі масла ў агонь. Пасьля гэтых санкцыяў у дачыненьні да 36 асобаў яшчэ й гэта. Так што Лукашэнка можа сказаць, што акрамя такіх кнутоў, Эўропа больш нічога ня можа зрабіць. Больш за тое, гэта можа прывесьці да санкцыяў з боку ўладаў у дачыненьні да палітычных партыяў і грамадзкіх аб`яднаньняў на Беларусі.
Нагадаем, што сыстэма гандлёвых прэфэрэнцыяў – гэта сыстэма мытных ільготаў, якія прадстаўляюцца краінам, што разьвіваюцца эканамічна, з боку больш разьвітых дзяржаваў. Гэтымі ільготамі карыстаюцца краіны, у якіх шануюцца правы чалавека, а ў прыватнасьці, і правы незалежных прафсаюзаў. Міжнародныя прафсаюзы сьцьвердзілі, што на працягу доўгага часу беларускае кіраўніцтва парушала дамову ільготаў. Магчыма, што за гэта будзе расплачвацца беларуская экономіка.
Караліна Русіновіч