- Галадоўка маладафронтаўцаў
- 05.06.2006
Сёньня восьмы дзень працягваецца моладзевая галадоўка, у якой бяруць удзел каля 40 актывістаў зь Менску, Салігорску, Горадні, Жодзіна, Ліды і ўкраінскага Луцку. Галадаючыя патрабуюць спыніць крымінальны перасьлед актывістаў "Маладога Фронту" й іншых дэмакратычных арганізацыяў, а таксама вызваліць палітычных зьняволеных у Беларусі.
У галадоўцы бяруць удзел таксама няпоўнагадовыя, і найбольшую заклапочанасьць выклікае стан іхнага здароўя. Чаму яны пайшлі на такую радыкальную форму пратэсту – апавядае Іван Шыла з Салігорску, які быў адным з 4 першых удзельнікаў галадоўкі.
І. Шыла: Я сам няпоўнагадовы. Канешне, узьнікала пытаньне наконт нейкай шкоды здароўю, але хто, калі ня я, а калі хто, то чаму ня я?
Добра, што нас падтрымала так шмат людзей, мабыць, дзякуючы масавасьці акцыі будуць нейкія вынікі. Гэта ня першая такая акцыя ў падтрымку палітвязьняў ды супраць крымінальнага перасьледу, але гэта не давала дагэтуль відавочных эфэктаў. І мы вырашыліся на такі крытычны крок, бо ня бачым ніякіх іншых спосабаў выйсьця з гэтай праблемы.
Каця Маркоўская з прэсавай службы „Маладога Фронту” лічыць, што моладзь знайшла новы спосаб, якім чынам прыцягнуць увагу грамадзтва.
К. Маркоўская: Гэта нешта новае. Была хваля флэш-мобаў і розных акцый, якія былі вельмі цікавымі, але пацягнулі за сабой шмат затрыманьняў. Можна сказаць, што былі яны мала эфэктыўныя. Таму моладзь знайшла новы спосаб праявіць свой пратэст, і гэта выклікала хвалю зацікаўленьня. Гэта вельмі жорсткая форма пратэсту, асабліва, калі ўлічыць узрост галадаючых, але ў гэтым ёсьць той фактар, што гэта выклікае зацікаўленьне грамадзва. Людзі, якія не ангажуюцца ў палітыку, ім цікава, як так і чаму падлеткі галадаюць, ідуць на такія крокі, рызыкуючы здароўе.
Галадаючую моладзь учора наведала дэлегацыя Праваабарончага цэнтру „Вясна”. Старшыня гэтай незарэгістраванай арганізацыі Алесь Бяляцкі ў размове з нашым радыё выказаў шкадаваньне, што моладзь у настолькі маладым узросьце вымушаная абіраць такія жорсткія мэтады прыцягненьня ўвагі грамадзтва.
А. Бяляцкі: Натуральна, што мы, як праваабаронцы, падтрымліваем іх. Учора мы былі ў Салігорску, завезьлі туды спальныя мяхі, перадалі пітную ваду. Тое, што там галадаюць няпоўнагадовыя, вядома ж, гэта мяне турбуе. Мы ім казалі, што трэба думаць таксама пра сваё здароўе падчас нават такой акцыі.
Я хацеў бы падкрэсьліць, што гэтая акцыя выклікана масавым прэсінгам беларускіх уладаў на моладзь і, у прыватнасьці, на незарэгістраваную арганізацыю „Малады Фронт”, таму што дзясяткі людзей па ўсёй Беларусі выклікалі на допыты. 4 зь іх – кіраўніцтва „Маладога Фронту”– зараз зьяўляюцца абвінавачанымі за дзейнасьць незарэгістраванай арганізацыі.
Гэты крок моладзі трэба расцэньваць як жаданьне прыцягнуць увагу беларускай грамадзкасьці, міжнароднай супольнасьці да таго, што зараз робяць улады з прадстаўнікамі гэтай моладзевай арганізацыі. Мы іх цудоўна разумеем, а з другога боку, моцна шкадуем, што ім прыходзіцца ісьці на такія крокі ў настолькі маладым узросьце.
Мы сказалі галадаючым у Салігорску, што ім удалося ўжо прыцягнуць інфармацыйную ўвагу. Прынамсі ў тых гарадох, дзе праходзяць галадоўкі, людзі ведаюць пра гэта. Улічваючы, што галадоўка доўжыцца ўжо больш за тыдзень, можа ўжо быў бы сэнс ім падумаць спыняць гэта.
Удзельнікі пратэстацыйнай акцыі заяўляюць, што іх галадоўка бестэрміновая й ня будзе спыненая да часу, пакуль улады не прыслухаюцца да іханага голасу. Ці гэта рэальнае патрабаваньне?
А. Бяляцкі: Я ня веру ў тое, што ўлады выслухаюць іх і будуць весьці нейкія перамовы з гэтай моладзьдзю.
Тым часам сёньня кіраўніцтва "Маладога Фронту" агучыла зварот з заклікам да ўсіх няпоўнагадовых актывістаў спыніць свой удзел у гэтай акцыі:
"Усе мы з захапленьнем назіраем за адчайнай акцыяй супраціву моладзевай галадоўкаю, што пачалася ў Салігорску й праходзіць па ўсёй Беларусі, з патрабаваньнямі спыніць крымінальны перасьлед „Маладога Фронту”. Гэтая акцыя ўражвае сваёй рашучасьцю й мужнасьцю, мы ўдзячныя ўсім, хто прымае ў ёй удзел.
Тым часам нас вельмі непакоіць стан здароўя няпоўнагадовых удзельнікаў мерапрыемства. Мы ня можам браць на сябе адказнасьць за здароўе й жыцьцё самаахвярных юнакоў, якія не пабаяліся кінуць выклік аўтарытарнай беларускай сыстэме. Таму, захапляючыся рашучасьцю й мужнасьцю моладзі, мы просім і заклікаем усіх няпоўнагадовых галадоўнікаў спыніць свой удзел у гэтай акцыі.
Дзякуй вам за вашыя шчырыя і адданыя сэрцы!”
Эльвіра Богдан