- Цэнтар "Супраца бязь межаў"
- 07.06.2006
У Луцку ва Ўкраіне распачаў сваю дзейнасьць міжнародны цэнтар "Супраца бязь межаў". Цэнтар заіснаваў дзякуючы супрацы ўсеўкраінскай моладзевай арганізацыі "Нацыянальны Альянс" і беларускай моладзевай арганізацыі "Малады Фронт". Галоўная мэта цэнтру – распаўсюд інфармацыі пра сытуацыю ў Беларусі й дзеяньні на карысьць дэмакратыі.
Сумесныя акцыі "Нацыянальнага Альянсу" й "Маладога Фронту" распачаліся ўжо год таму, падчас Чарнобыльскага шляху ў Менску. Расказвае Ігар Шчэкарэвіч, прадстаўнік "Маладога Фронту" ва Ўкраіне.
І. Шчэкарэвіч: Дамова аб супрацоўніцтве паміж "Маладым Фронтам" і "Нацыянальным Альянсам" была падпісана год таму ў Менску падчас Чарнобыльскага шляху, калі Ігар Гузь, старшыня "Нацыянальнага Альянсу" й ягоныя сябры былі затрыманыя й дэпартаваныя ва Ўкраіну. Неўзабаве было праведзена некалькі сумесных кампаніяў. Першая зь іх - "Дайце мне магчымасьць вучыцца". Мы хацелі прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасьці да праблемаў адлічаных студэнтаў. Пасьля пачалася больш шырокая супраца.
На бліжэйшую будучыню дзеячы цэнтру ўжо заплянавалі шэраг мерапрыемстваў для беларускага і ўкраінскага бакоў.
І. Шчэкарэвіч: На гэты месяц у нас заплянавана правядзеньне трох сэмінараў у розных рэгіёнах Украіны для дэпутатаў мясцовых саветаў зь Беларусі. На пачатку жніўня плянуецца бізнэс-кэмпінг для 150 беларусаў. У пляны нашага цэнтру таксама ўваходзіць папулярызаця й распаўсюд беларускай культуры, але палітычны накірунак будзе галоўным.
Дзеяч "Нацыянальнага Альянсу" Ігар Гузь кажа, што прадстаўленьне беларускай культуры – гэта важна. Але цэнтар ня мае магчымасьці карыстацца сур'ёзнымі крыніцамі, якія дазволілі б прадстаўляць беларускую культуру на высокім узроўні. Таму перш за ўсё гэта будзе палітычная дзейнасьць.
Пра галоўныя мэты цэнтру "Супраца бязь межаў" распавядае Ігар Гузь з "Нацыянальнага Альянсу".
І. Гузь: Па-першае, у гэтым цэнтры мы хочам аб'яднаць моладзевыя арганізацыі балтыйскага рэгіёну – Прыбалтыкі, Польшчы, Грузіі, Малдовы, магчыма, Чэхіі й Славакіі. Гэтыя арганізацыі аб'яднаюцца для лёбінгу інтарэсаў Беларусі. Мы будзем арганізоўваць сэмінары для беларускай моладзі. Мы хочам зьвяртаць увагу ўладаў краін на патрэбу адэкватных адносінаў зь Беларусьсю, каб рабіць гэта так, як у Эўразьвязе. Безумоўна, будзем гаварыць пра лёсы беларускіх студэнтаў, якіх выключылі з унівэрсытэтаў. Гэты цэнтар будзе як бы наступствам кампаніі "Свабода Беларусі", якая ва Ўкраіне трывае ўжо цэлы год. Плянуецца шмат чаго, мэты таксама вельмі шырокія. Але мы ў асноўным кажам пра моладзь, моладзевыя арганізацыі, якія гатовыя супрацоўнічаць з нашым цэнтрам.
На пытаньне, чаму замежныя моладзевыя арганізацыі зацікаўлены беларускай тэматыкай, адказвае Ігар Гузь.
І. Гузь: Па-першае, мы лічым, што ў Беларусі трывае апошняя дыктатура ў Эўропе, дзе парушаюцца правы чалавека, дзе няма магчымасьці на дэмакратычныя перамены. 13 асобаў з нашай арганізацыі, я ў тым ліку, ня можам паехаць у Беларусь, мы маем дэпартацыю. Па-другое, гэта наш сусед. Мы хочам мець мяжу зь незалежнай Беларусьсю, а не з Расеяй. Ня хочам, каб Беларусь сталася часткаю Расеі.
Дзеячы цэнтру хочуць у будучыні аб'яднацца з польскімі й прыбалтыйскімі арганізацыямі, бо адна зь іх мэтаў – высокі ўзровень дзейнасьці.
Алена Пытэль