• Прыём у асьпірантуру паводле новага пляну
  • 08.06.2006
З 1 верасьня ў Беларусі прыём у асьпірантуру будзе праходзіць паводле новага пляну – паведамляе „Наша Ніва”. Навуковыя кадры будуць рыхтавацца на замову прадпрыемстваў альбо дзяржаўных органаў. Пра гэта сказаў першы намесьнік старшыні Дзяржаўнага камітэту па навуцы й тэхналёгіях Уладзімер Нядзілька. Значыць пра тое, якія навукоўцы будуць патрэбныя краіне й па якіх спэцыяльнасьцях – гэтыя пытаньні цяпер будуць вызначаць працадаўцы.

Прадпрыемству, відаць, прыдзецца складаць спэцыяльную дамову з будучым асьпірантам, які тэму сваёй дысэртацыі будзе ўзгадняць з сваім будучым наймальнікам. Пасьля навучаньня асьпіранту трэба будзе працаваць некалькі гадоў у згаданым прадпрыемстве.

Кандыдат філялягічных навук Пятро Васючэнка непасрэдна працуе з асьпірантамі беларускай філялёгіі БДУ. Ён мяркуе, што такое пастанаўленьне ў нейкай ступені можа вырашыць праблему працаўладкаваньня будучых навукоўцаў.

Пятро Васючэнка: У Беларусі, канешне, цяпер праблема з працаўладкаваньнем. Былі выпадкі, а нават і цяпер асьпіранты пасьля заканчэньня асьпірантуры не знаходзяць працы. Усё ўпіраецца ў фінансы. Адсюль зьмены і ў наборы, і ў выпуску, і ў працаўладкаваньні. Самае галоўнае, каб асьпірант скончыў асьпірантуру й выканаў кандыдацкую дысэртацыю. Магчыма ,што ў гэтым выпадку ён працаўладкуецца. Але мне вядомыя і іншыя спосабы, каб больш эфэктыўнай зрабіць сустэму навучаньня ў асьпірантуры: падпісаць дамову з асьпірантам пра тое, што ў выпадку невыкананьня дысэртацыі ён вяртае дзяржаве выдаткаваныя на яго сродкі. Некаторыя ўстановы маюць асьпірантуры, але ня маюць магчымасьці працаўладкаваць усіх асьпірантаў. Напрыклад, Акадэмія Нвук мае абмежаваны штатны расклад, ды й БДУ. У апошнім часе ўсё менш і менш прадстаўнікі гуманітарных навук маюць магчымасьць скончыць асьпірантуру й абараніцца. Гуманітарыям заўжды было цяжэй у гэтым прагматычным сьвеце. А ў XXI стагодзьдзі ім будзе яшчэ цяжэй, і гэта вельмі сумна, бо прадстаўнікі тэхнічных і дакладных навук заўжды знойдуць магчымасьць уладкавацца – калі не ў Беларусі, дык, на жаль, па-за яе межамі. Гуманітарыям значна цяжэй.

Цяжка аднак прагназаваць, якія кадры спатрэбяцца працанаймальнікам праз 5 гадоў, - мяркуе кандыдат філялягічных навук Ала Сакалоўская.

Ала Сакалоўская: Увогуле, я не прыхільніца тых зьменаў, якія адбываюцца ў нас у адукацыі. Працуючы са студэнтамі ўжо шмат гадоў – з 1968 году – я бачу, як падае ўзровень іх падрыхтаванасьці, таму што ўвесь час адбываюцца нейкія рэформы, нейкія скарачэньні. Так і тут, што датычыць філялягічнай навукі, гістарычнай, я ня ведаю, зь якім заводам ці фабрыкай можна будзе заключыць дамову. Я лічу, што гэта няправільна.

Паводле спадарыні Сакалоўскай, у сучаснай рэчаіснасьці ўсё павярнулася ў спажывецкім напрамку, нават навука.

Ала Сакалоўская: Трэба, каб інстытуты гуманітарнага профілю, тая ж Акдэмія Навук, каб яны працавалі над фундамэнтальнымі рэчамі, фундамэнтальнымі тэмамі, а не над тым, што вось цяпер патрэбна. Можа зараз нешта й патрэбна, а празь пяць гадоў будзе патрэбнае нешта іншае.Трэба абапірацца на традыцыях, якія ўжо склаліся, а яны ў нас неблагія. Ня варта рабіць рэвалюцыі, тут трэба, каб была эвалюцыя. Склаліся добрыя традыцыі, і ня трэба іх парушаць. У той жа асьпірантуры рыхтавалі кандыдатаў, дактароў, і гэтым мы цяпер жывем і карыстаемся.

Ужо падрыхтаваныя новыя нарматыўныя дакумэнты адносна сёлетніх кандыдатаў у асьпірантуру, а формы заявак разасланыя дзяржзамоўцам, міністэрствам ды канцэрнам.

У падрыхтоўцы пляну пра мэтавае навучаньне асьпірантаў прымаюць удзел спэцыялісты Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі супольна зь Міністэрствам адукацыі, Міністэрствам аховы здароўя, Міністэрствам прамысловасьці ды іншымі зацікаўленымі ведамствамі.

Караліна Русіновіч